У Беларусі забяспечанасць жыллём вырасла ў 1,5 раза за тры дзесяцігоддзі. Аб гэтым паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
Пад кіраўніцтвам намесніка міністра эканомікі Марыі Мажынскай 23 красавіка міжведамасная камісія разгледзела рэалізацыю ў мінулым пяцігоддзі дзяржпраграм «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», «Будаўніцтва жылля», «Беларускі лес», «Кіраванне дзяржаўнымі фінансамі і рэгуляванне фінансавага рынку».
Намеснік міністра адзначыла, што мерапрыемствы дзяржпраграм нацэлены на ключавое — рост якасці жыцця людзей. «За пяць гадоў пабудавана каля 21,7 млн кв. м жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай — звыш 5,4 млн кв. м, арэнднага жылля — каля 1,3 млн кв. м. У выніку паказчык забяспечанасці насельніцтва жыллём дасягнуў 30,7 кв. м на чалавека. Гэта ў 1,5 раза вышэй, чым тры дзесяцігоддзі таму, і адзін з самых высокіх рэзультатаў у СНД. Але не толькі квадратныя метры вызначаюць камфорт жыцця. Не менш важныя чыстая вада, цяпло ў дамах, добраўпарадкаваныя дваровыя тэрыторыі. За гэты перыяд уведзены ў эксплуатацыю больш як 1 тыс. станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза, пабудавана 93 водазаборныя свідравіны. Мадэрнізавана звыш 500 кацельняў, абноўлена больш як 1,9 тыс. км цеплавых сетак. Новае аблічча атрымалі каля 10,8 тыс. прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў. За гэтымі лічбамі стаяць рэальныя станоўчыя змяненні ў жыцці беларусаў», — падкрэсліла намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.