Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Юрый Чабатар падчас нядаўняй рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.
У Ганцавіцкім раёне ён наведаў завод «Брэстжылбуд», дзе азнаёміўся з работай прадпрыемства, правёў сустрэчу з працоўным калектывам, абмеркаваў бягучую эканамічную сітуацыю і адказаў на пытанні супрацоўнікаў, расказалі ў прэс-службе Мінэканомікі.
— У першыя два месяцы года адзначаецца апераджальны рост ключавых паказчыкаў — ВУП, інвестыцый і даходаў насельніцтва. Для далейшага развіцця вельмі важна падтрымаць дынаміку, — падкрэсліў міністр.
Ён патлумачыў, што з гэтай мэтай у краіне паслядоўна ўдасканальваюцца інстытуцыйныя механізмы падтрымкі інвестыцый і ствараюцца ўмовы для прыцягнення капіталу ў перспектыўныя праекты рэальнага сектара эканомікі.
— Сёння кожнае прадпрыемства незалежна ад формы ўласнасці можа выкарыстоўваць гэтыя інструменты для тэхналагічнага абнаўлення, асваення новых відаў прадукцыі і павышэння канкурэнтаздольнасці. Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць выкарыстанню ўласнай сыравіннай базы і высокай лакалізацыі, — дадаў Юрый Чабатар.
Міністр таксама правёў прыём грамадзян у Ганцавіцкім райвыканкаме, пасля чаго ў Баранавіцкім раёне азнаёміўся з ходам будаўніцтва першай чаргі індустрыяльнага парка «Бурштын». Дарэчы, гатоўнасць аб’екта складае 80 %, ужо адабраны першыя тры рэзідэнты.
— Гэта пілотная пляцоўка павінна стаць пунктам росту рэгіёна. Яе вопыт будзе выкарыстаны для маштабавання ў іншых раёнах краіны, — адзначыў кіраўнік эканамічнага ведамства.
Юрый Чабатар таксама наведаў ТАА «Мідэя рэфрыжэратар Мануфактурынг», дзе ствараецца сумесная беларуска-кітайская вытворчасць халадзільнікаў і маразільнікаў. З кіраўніцтвам прадпрыемства міністр абмеркаваў ход рэалізацыі праекта.