Top.Mail.Ru

Мінэканомікі: дасягнутыя вынікі — добры падмурак для старту новай пяцігадовай праграмы

Дасягнутыя вынікі ў эканоміцы — добры падмурак для старту новай пяцігадовай праграмы, заявіла намеснік міністра эканомікі Алена Балігатава ў эфіры тэлеканала АНТ.


У 2025 годзе дасягнуты гістарычны максімум ВУП — больш за $90 млрд. «Вынікі мінулага пяцігоддзя мы яшчэ падводзім, але ўжо цяпер можна казаць пра тое, што многае ўдалося дасягнуць», — адзначыла Алена Балігатава. 

Паводле яе слоў, нягледзячы на досыць складаныя знешнія ўмовы, забяспечаны эканамічны рост. Выканана пастаўленая задача па нарошчванні экспарту тавараў і паслуг — тэмпы росту за пяць гадоў перавысілі 130 %. «Гандлюем прыкладна з 190 краінамі, што сведчыць, што мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Свет таксама застаецца адкрытым для гандлю з намі», — звярнула ўвагу Алена Балігатава. 

  • Добрым вынікам стаў запуск новага інвестыцыйнага цыкла. Комплекс мер накіраваны на стымуляванне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы запушчана ініцыятыва пад назвай «Адзін раён — адзін праект». «Ужо сёння рэалізавана каля 112 такіх праектаў на агульную суму больш за Br3 млрд, створана больш за 5 тыс. рабочых месцаў у рэгіёнах — у раёнах, у невялікіх населеных пунктах», — дадала намеснік міністра. 

Таксама яна адзначыла рост даходаў насельніцтва (у 1,2 раза) і тое, што падтрымлівалася макраэканамічная, фінансавая стабільнасць. Да канца 2025 года золатавалютныя рэзервы дасягнулі свайго гістарычнага максімуму. Інфляцыя была ніжэй за 7 %.

Беларусь захоўвае прыхільнасць выкананню Мэт устойлівага развіцця (МУР) у рамках Павесткі 2030 (гэта 17 глабальных мэт ААН, прынятых у 2015 годзе. — Заўв. БелТА). Рэспубліка займае 32-е месца сярод краін свету па іх выкананні. Паводле ацэнак Белстата, каля 80 % паказчыкаў альбо выкананы, альбо знаходзяцца ў высокай ступені выканання. 

«Урадам надаецца істотная ўвага пытанням развіцця аховы здароўя, адукацыі, удасканаленню паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту. Адпаведна, якасць жыцця як і была мэтай пяцігадовай праграмы, так і перайшла ў новую пяцігадовую праграму», — сказала намеснік міністра.

Зацверджана сем прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Працягнецца рэалізацыя інвестпраектаў. Ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект» трансфармавалася ў «Рэгіянальную ініцыятыву», якая ўжо налічвае каля 160 інвестыцыйных праектаў на агульную суму каля Br3,4 млрд. «У 2026 годзе задача пашыраецца. Падключаюцца новыя напрамкі. Не толькі „Рэгіянальная ініцыятыва“ будзе флагманскім напрамкам, але таксама запускаюцца новыя крэдытныя прадукты для падтрымкі інвестыцыйных праектаў па такіх напрамках, як турызм, а таксама тэхналагічная самадастатковасць. Гэта тыя два прыярытэты, якія пазначаны ў пяцігадовай праграме на 2026—2030 гады і якія павінны знайсці сваё адлюстраванне ў нашай рабоце ў 2026 годзе», — расказала Алена Балігатава. 

Галоўны напрамак — інтэнсіўная рэалізацыя праектаў у 2026-2027 гадах, каб ужо з 2028 года быў бачны вынік.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю