Top.Mail.Ru
155

Мінэканомікі — аб папярэдніх выніках рэалізацыі Стратэгіі-2025 і старшынства Беларусі ў ЕАЭС

Алеся АБРАМЕНКА расказала аб рэалізацыі Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС, сумесных праектах у сферы прамысловасці, аховы здароўя, турызму, забеспячэнні харчовай бяспекі і іншых важных акцэнтах года старшынства нашай краіны ў органах ЕАЭС.



Намеснік міністра эканомікі Алеся Абраменка расказала аб рэалізацыі Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС, сумесных праектах у сферы прамысловасці, аховы здароўя, турызму, забеспячэнні харчовай бяспекі і іншых важных акцэнтах года старшынства нашай краіны ў органах ЕАЭС.

— Вынікі стратэгіі Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, па сутнасці, будуць падведзены пазней. Мы плануем, што гэта (будзе. — Заўв. рэд.) Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, які адбудзецца ў маі. Але пра некаторыя вынікі, вядома, можна казаць і цяпер, таму што 13 міжнародных пагадненняў былі падпісаныя, некаторыя знаходзяцца ў стадыі ратыфікацыі. Больш за 400 актаў права Саюза прынята, — адзначыла Алеся Абраменка.

Паводле яе слоў, у кожным блоку Стратэгіі-2025 ёсць пэўныя дасягненні.

— Напрыклад, у блоку прамысловасці мы распрацавалі фінансавы механізм падтрымкі сумесных інтэграцыйных праектаў. Гэтым механізмам ужо пачалі актыўна карыстацца дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы, якая была за апошнія гады, — растлумачыла намеснік міністра.

Яна дадала, што на сённяшні дзень 14 праектаў знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення, з іх 5 узгоднены ў 2025 годзе:

— Гэта датычыцца арганізацыі вытворчасці навяснога абсталявання для дарожнай тэхнікі, блокаў для персанальных камп’ютараў, вытворчасці сельгастэхнікі. Гэта праекты ў асноўным Расіі і Казахстана.

Намеснік міністра заклікала ўсіх зацікаўленых таксама ўдзельнічаць у такіх праектах, бо гэта дае пэўныя фінансавыя прэферэнцыі.

— Гэта магчымасць субсідзіравання стаўкі па крэдыце. Значыць, калі збіраецца праект, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі бізнесу трох краін, адпаведна, можа быць такая падтрымка, — расказала яна.

Алеся Абраменка таксама нагадала, што ў рамках Саюза дзейнічаюць еўразійскія тэхналагічныя платформы, якіх на сённяшні дзень 17:

— Па сутнасці, яны дазваляюць рухацца інавацыйным праектам. Сёлета запрацавала Еўразійская тэхналагічная платформа робататэхнікі. Гэта аб’яднанне навукова-даследчых інстытутаў, ВНУ і прамысловай вытворчасці. Іншымі словамі, гэта магчымасць удзелу навукі ў прамысловай вытворчасці.

Што датычыцца дасягненняў 2025-га ў сферы АПК, тут узгоднены прынцыпы і падыходы па харчовай бяспецы краін — удзельніц ЕАЭС. Створаны Адзіны рэестр вытворцаў насення сельскагаспадарчых раслін і база даных аб племянных жывёлах.

— Пастаянна ажыццяўляецца прагназаванне развіцця аграпрамысловага комплексу ў рамках Саюза, падпісваюцца балансы, для таго каб разумець, што ў нейкія крызісныя моманты мы будзем адзін аднаго забяспечваць харчовымі таварамі, — пракаментавала Алеся Абраменка.

Намеснік міністра з падзей, якія прайшлі ў рамках старшынства нашай краіны ў органах ЕАЭС, таксама вылучыла мерапрыемствы па рэгуляванні электроннага гандлю таварамі:

— Гэта датычыцца і мытнага блока, і тэхнічнага рэгулявання, і абароны правоў спажыўцоў. Такім вынікам стала накіраванне на ўнутрыдзяржаўныя працэдуры пагаднення аб электронным гандлі таварамі. Мы спадзяёмся, што да красавіка 2026 года ўжо будуць нейкія вынікі правядзення краінамі ўнутрыдзяржаўных працэдур, каб разумець, што тавары, якія рэалізуюцца праз электронны гандаль, таксама будуць кантралявацца, і, вядома ж, будуць вырашаны нейкія пытанні не толькі па абароне правоў спажыўцоў, але і збіранні падаткаў. Гэта таксама плюс.

Яна нагадала, што ў рамках паслуг на Вышэйшым эканамічным савеце была падпісана канцэпцыя развіцця турызму.

— З улікам актуальнасці тэмы для Беларусі (да гэтага ў нас па ініцыятыве беларускага боку былі накіраваны прапановы па 15 інвестыцыйных праектах у сферы турызму) у калегіі былі зацверджаны стандарты якасці аказання турыстычных паслуг. Таму гэта сфера таксама актуальная і ў пастаянным трэндзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, — падкрэсліла Алеся Абраменка.

У сферы аховы здароўя адобраны канцэпцыі развіцця агульнага рынку лекавых сродкаў і агульнага рынку медыцынскіх вырабаў у межах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Падчас Года старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС таксама стала здабыткам зацвярджэнне плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях».

— Гэта значыць, бакі вызначыліся, дамовіліся аб кірунках, па якіх яны будуць рухацца на найбліжэйшую пяцігодку, — адзначыла намеснік міністра эканомікі і выдзеліла два блокі. — Першы — новы блок — звязаны з лічбавізацыяй у розных сферах (у тэхнічным рэгуляванні, у мытнай сферы). Другі — падтрымка навукі (гэта значыць, будзе створаны рэестр НДВКП, у прамысловасці будзе створаны партал прамысловасці на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі).

Алеся Абраменка акцэнтавала ўвагу на працягу работы па рэалізацыі дамоўленасцяў у развіццё еўразійскай інтэграцыі. Гэта датычыцца і прызнання электроннага лічбавага подпісу, і шэрагу іншых пытанняў.

— Мы спадзяёмся, што краіны з улікам складанасцяў перагавораў, якія былі за год праведзеныя, з улікам сусветных глабальных змяненняў дамовіліся аб тым, у якім ключы мы рухаемся ў інтэграцыі. З важных у дэкларацыі (аспектаў. — Заўв. рэд.) бакі ўзгадняюць падыходы па супрацьстаянні выклікам, якія ёсць на міжнароднай арэне для эканомік дзяржаў-членаў. Значыць, мы ў гэтай сферы дзейнічаем узгоднена, — рэзюмавала Алеся Абраменка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю