Top.Mail.Ru

Мінчанін аддаў ашуканцам свае і бацькоўскія зберажэнні: да гэтага яны прасілі яго забраць на пошце пасылку

На лінію 102 звярнуўся жыхар Мінска, які стаў ахвярай тэлефонных аферыстаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба сталічнай міліцыі.


Спачатку мужчыну паступіў званок нібыта ад кур’ера службы дастаўкі. Пад маркай атрымання пасылкі, якая быццам бы прыбыла на яго імя, гараджаніна пераканалі паведаміць код з смс. Неўзабаве раздаўся новы званок — на гэты раз ад ілжэпрадстаўніка БелДІЭ. Суразмоўца заявіў, што персанальныя даныя мужчыны трапілі да ашуканцаў, і прапанаваў перавесці размову на супрацоўніка КДК.

Далей мінчаніну паведамілі, што ад яго імя нібыта пераводзяцца грошы на замежныя рахункі, звязаныя з экстрэмісцкай дзейнасцю, і яму пагражае адказнасць. Каб «вырашыць праблему», мужчыну прапанавалі скарыстацца дапамогай «супрацоўнікаў КДК» і папярэдзілі аб забароне выдаваць інфармацыю.

Паддаўшыся перакананням аферыстаў, мужчына сабраў дома свае і бацькоўскія зберажэнні (больш за 35 тысяч рублёў у эквіваленце) для «дэкларавання». Першапачаткова ён павінен быў перадаць грошы кур’еру, аднак пазней ашуканцы паведамілі, што вольных супрацоўнікаў няма, і папрасілі самастойна адвезці наяўныя грошы ў названае месца.

Аператыўнікі ўстанавілі, што грошы ў заяўніка забраў іншы ўдзельнік злачыннай схемы — 55-гадовы жыхар сталіцы.

Гэты мужчына сам раней таксама стаў ахвярай аналагічнага падману: паверыў у гісторыю аб замене дамафона і перадаў аферыстам 6 тысяч еўра асабістых назапашванняў. Пасля гэтага па ўказанні куратараў ён забіраў грошы ў іншых пацярпелых, у тым ліку ў заяўніка, і перадаваў іх наступнаму пасрэдніку.

Міліцыя распачала крымінальную справу за махлярства.

Раней у панядзелак паведамлялася, што мазыранка ўзяла больш за 36 тыс. рублёў крэдытаў і перавяла іх аферыстам.

А вось 68-гадовы жыхар Рэчыцы пакінуў у паштовай скрынцы для махляроў 40 тыс. рублёў, аднак своечасова ўсвядоміў падман і не страціў грошы, паведамілі ва УУС Гомельскага аблвыканкама.

Пенсіянеру патэлефанавалі ў месенджары нібыта з райвыканкама наконт пераразліку пенсіі і папрасілі назваць код з смс. Потым паступіў яшчэ адзін званок, і мужчыну пераканалі пакінуць у паштовай скрыні 40 тыс. рублёў для кур’ера.

Пенсіянер паспеў зразумець, што тут нешта не так, і забраў грошы да прыезду кур’ера. Потым мужчына звярнуўся ў міліцыю.

Праваахоўнікі звярнулі ўвагу: для найбольшага ўздзеяння на пацярпелых у злачынных схемах удзельнічаюць адразу некалькі ашуканцаў, якія ціснуць на патэнцыяльную ахвяру да сямі дзён. «Не бойцеся расказаць аб тым, што адбываецца родным і блізкім, нават пры невялікім падазрэнні на дзеянні кіберзлачынцаў звяртайцеся ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў або па тэлефоне 102», — рэзюмавалі ў міліцыі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю