Top.Mail.Ru
89

Мінадукацыі пракаменціравала змены ў ацэнцы работ навучэнцаў па дзяржмовах

Кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла Кудаярава расказала пра змены ў ацэнцы работ навучэнцаў па беларускай і рускай мовах.



Ацэнка вынікаў навучальнай дзейнасці вучняў па ўсіх вучэбных прадметах, у тым ліку па рускай і беларускай мовах, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі, зацверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі ад 11 ліпеня 2022 года № 184.

«Па рускай і беларускай мовах кантроль і ацэнка арфаграфічнай і пунктуацыйнай пісьменнасці вучняў ажыццяўляюцца пры правядзенні пісьмовых работ. Педагогам улічваюцца памылкі арфаграфічныя (дапушчаныя ў напісанні слоў), пунктуацыйныя (дапушчаныя пры пастаноўцы знакаў прыпынку), граматычныя (дапушчаныя пры ўтварэнні розных слоў, іх формаў, а таксама пры пабудове словазлучэнняў і сказаў). Раней адзнака зніжалася за любое выпраўленне, зробленае навучэнцам. Пастановай Міністэрства адукацыі ад 21 лютага 2025 года № 43 унесены змены ў нормы ацэнкі работ вучняў па беларускай і рускай мовах у частцы колькасці выпраўленняў пры выкананні кантрольных і тэматычных самастойных работ. Цяпер адзнака не зніжаецца, калі дзіця дапусціла да трох выпраўленняў», — праінфармавала Анжэла Кудаярава.


Дадзеныя змены ўступілі ў сілу з 1 верасня 2025 года. «Напрыклад, калі раней навучэнцы 3-4-х класаў у адпаведнасці з нормамі ацэнкі слоўнікавай дыктоўкі маглі атрымаць 10 балаў толькі пры ўмове адсутнасці памылак і выпраўленняў, 9 балаў прадугледжвала адсутнасць памылак і адно выпраўленне на месцы нягрубай памылкі, 8 балаў — гэта было адно выпраўленне на месцы грубай памылкі або два выпраўленні на месцы нягрубай памылкі. Ці, напрыклад, навучэнцы 5-11-х класаў у адпаведнасці з нормамі ацэнкі слоўнікавай дыктоўкі за тры-чатыры выпраўленні на месцы арфаграм і пры адсутнасці памылак атрымлівалі адзнаку 7 балаў. З 1 верасня 2025 года пры ацэнцы вынікаў па беларускай і рускай мовах у кантрольных і тэматычных самастойных работах тры і больш выпраўленняў лічацца за адну памылку. Дадзеная мера накіравана не на зніжэнне патрабаванняў да аб’ектыўнасці ацэнкі работы навучэнцаў, а на стварэнне ўмоў, у якіх дзеці змогуць адчуваць сябе больш упэўнена і не баяцца памыляцца. Па астатніх вучэбных прадметах зніжэнне адзнакі за выпраўленне, зробленае навучэнцам, не прадугледжана», — адзначыла прадстаўнік Мінадукацыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю