Адразу адзначым, што калі летась у забегах удзельнічала больш за 25 тысяч чалавек з 15 краін, то сёлета ўжо зарэгістраваны 30 тысяч жадаючых з 39 дзяржаў.
Па словах старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, двухразовага прызёра Алімпійскіх гульняў Івана ЦІХАНА, у сёлетнім паўмарафоне будуць 5 дыстанцый. Асноўная, паўмарафонская — 21,097 км. Па жаданні спартсменаў дыстанцыя 10,5 км зменена на 10-кіламетровую. Таксама адбудуцца забегі на 5 і 3 км, а самыя юныя ўдзельнікі і іх бацькі змогуць прабегчы ў сямейным забегу на 1,2 км.
Па словах Івана Ціхана, не ва ўсіх замежнікаў атрымліваецца аплаціць уступны ўзнос з-за санкцый. Некаторыя тэлефануюць у аргкамітэт і просяць пакінуць ім слоты. Бегунам ідуць насустрач.
— Дакладную колькасць краін-удзельніц мы назавём напярэдадні Мінскага паўмарафону — 5 верасня. Усяго на старт на розных дыстанцыях выйдзе каля 30 тысяч чалавек.
Сёлета трасы крыху змяніліся, у найбліжэйшы час яны будуць сертыфікаваны, каб можна было фіксаваць рэкорды.
Для зручнасці і бяспекі ўдзельнікаў на ўсіх дыстанцыях будуць раздзельныя старты. Забег на 10-кіламетровую дыстанцыю пачнецца ў 9:00, паўмарафон — у 10:00, старт забегу на 5 км будзе дадзены ў 13:00, на 3 км — у 14:00, сямейны забег пачнецца ў 15:00.
Варта адзначыць, што прызавы фонд спаборніцтваў складзе суму, эквівалентную амаль 20 тысячам долараў.
Акрамя таго, кожны пераможца атрымае прыз — смартфон Honor 600.
Кожны, хто фінішаваў, атрымае медаль «Мінск унутры», на якім намаляваны ўсе архітэктурныя славутасці, размешчаныя па ходзе маршруту. Медаль можна таксама выкарыстоўваць як рамку, змясціўшы фота ў яе адтуліну. На фінішы будзе арганізавана зона гравіроўкі, дзе кожны ахвотны зможа нанесці сваё імя і вынік.
Акрамя таго, на стадыёне «Дынама» пройдзе вялікі спартыўны фестываль «Рух fest», арганізаваны Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Праграма пачнецца ў 9:00 і працягнецца да 18:00. Лакацыі фестывалю будуць падзеленыя на тры зоны з розным настроем: на першай можна будзе паўдзельнічаць у трэніроўках пад DJ-сэты, на другой — згуляць у дваровыя гульні, на трэцяй — паспрабаваць спакойныя фарматы трэніровак. Акрамя таго, плануюцца зоны фіджытал-спорту, гульнявыя прасторы і шматлікае іншае. У завяршэнне фестывалю адбудзецца розыгрыш галоўнага прыза праекта «Спорт для ўсіх» — аўтамабіля — і іншых спартыўных падарункаў.
А напярэдадні, 5 верасня, пройдзе лекторый, на якім вопытам і карыснымі парадамі з бегунамі падзеляцца топавыя спартсмены. У гэты ж дзень можна будзе далучыцца да дабрачыннага забегу «Хуткія лапкі» для гаспадароў і іх гадаванцаў — трэба толькі загадзя зарэгістравацца.