Top.Mail.Ru
231

Міліцыянеры далучаюць беспрацоўных да грамадскай дзейнасці

Прафілактычныя мерапрыемствы для грамадзян, якія стаяць на ўліку і не маюць пастаяннай працы, праходзяць ва ўсіх падраздзяленнях сталічнай міліцыі. Іх галоўная мэта — дапамагчы ўдзельнікам набыць стабільнасць праз працаўладкаванне і сацыяльную адаптацыю.


Так, падчас сустрэчы з непрацуючымі грамадзянамі, якія стаяць на розных відах уліку ў міліцыі, у Заводскім РУУС г. Мінска днямі гаварылі аб згубным уплыве алкагалізму і наркаманіі. Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксандр РАХМАНЬКА адзначыў, што падуліковым падрабязна расказалі аб магчымасцях рэабілітацыйных цэнтраў для тых, у каго ёсць залежнасць, аб іншых відах дапамогі.

«Асаблівы акцэнт робім на практычных кроках да змянення жыцця, — патлумачыў Аляксандр Рахманька. — Гэта ўключае не толькі кансультацыі па пошуку працы, але і садзейнічанне ў афармленні неабходных дакументаў, а таксама прамыя кантакты з патэнцыяльнымі работадаўцамі».

Удзельнікі мерапрыемства, у тым ліку тыя, хто нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, і асобы, якія адбываюць пакаранне без ізаляцыі, дапамаглі ў прыбіранні снегу на тэрыторыі Сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Заводскага раёна. На думку супрацоўнікаў міліцыі, такая грамадска карысная дзейнасць з’яўляецца важным элементам рэабілітацыі. Падчас дапамогі людзям падуліковыя адчуваюць сваю патрэбнасць і сувязь з грамадствам.

«Наша задача — не толькі кантроль, але і дзейсная падтрымка тых, хто вырашыў стаць на шлях выпраўлення, — падкрэсліў першы намеснік начальніка Заводскага РУУС — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Дзмітрый ШУМІЛІН. — Мы гатовы працягнуць руку дапамогі, каб людзі паверылі ў свае сілы. Практыка працатэрапіі, напрыклад, добраўпарадкаванне сацыяльных аб’ектаў, добра зарэкамендавала сябе як спосаб матывацыі і далучэння да грамадска карыснай працы».

На базе Цэнтральнага РУУС адбылося пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, дзе абмяркоўваліся меры па працаўладкаванні грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў міліцыі. Так, камісія дае незанятым грамадзянам магчымасць працаўладкавання, прапануючы розныя варыянты дапамогі. Да кожнага ўдзельніка — індывідуальны падыход: разглядаецца канкрэтны выпадак і прапануецца адпаведная вакансія. На гэты раз адразу трое мінчан атрымалі накіраванні для працаўладкавання, астатнім таксама былі прапанаваны найбольш прыдатныя варыянты.

Як адзначыў інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Цэнтральнага РУУС Ігар МАЦУКЕВІЧ, ёсць шэраг прыкладаў, калі пасля ўдзелу ў такіх мерапрыемствах грамадзяне станавіліся супрацоўнікамі розных арганізацый раёна і ў далейшым зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку.

Пасля пасяджэння непрацуючыя, якія стаяць на розных відах уліку ў органах унутраных спраў, дапамаглі ў навядзенні парадку на прылеглай тэрыторыі.

«Гэта не проста прыбіранне тэрыторый, а форма сацыялізацыі, якая дапамагае мінчанам, якія ў свой час пайшлі не па той дарожцы, усвядоміць сваю значнасць і прынесці карысць гораду, — адзначыў начальнік аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці ГУУС Іван САКАЛОЎСКІ. — Для некаторых такая працатэрапія становіцца першым крокам да стабільнай афіцыйнай занятасці. Такія акцыі фарміруюць асабістую адказнасць: трэба заўсёды трымаць сябе ў форме, не ўжываць алкаголь і быць гатовымі да фізічных нагрузак, добрасумленна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. І безумоўна, сістэматычная занятасць з’яўляецца добрай прафілактыкай рэцыдываў. Запаўняючы час карыснай дзейнасцю, чалавек адцягваецца ад дэструктыўных кампаній і звычак, атрымлівае эмацыянальную разгрузку».

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Цэнтральнага РУУС сталіцы. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю