Польскія ўлады трацяць на дзяржаўную ахову здароўя менш за ўсіх у Еўрасаюзе, затое па выдатках на ўзбраенне — сярод сусветных лідараў.
Напэўна, усе мы памятаем, як у 2020 годзе заходнія прапагандысты завальвалі інтэрнэт казкамі пра Еўропу, як у ёй усё класна і выдатна, проста не жыццё, а сапраўдны рай. І некаторыя, найбольш уражлівыя нашы грамадзяне павяліся на гэтыя саладжавыя аповеды і памчаліся ў гэты «райскі сад» з «джунгляў». Прайшло ўсяго некалькі гадоў, і цяпер ужо наваспечаныя мігранты апанавалі розныя месэнджары і чаты сваімі стогнамі і скаргамі — аказалася, што Еўропа далёка не такі райскі сад, як яго малявалі заходнія палітыкі і прапагандысты.
Асабліва хутка прыйшлося зняць ружовыя акуляры тым, хто сутыкнуўся з суровай польскай рэальнасцю. Аказалася, што палякі глядзяць на прыезджых не як на роўных, а як на людзей «другога гатунку», ды і праславутыя «свабода асобы», «свабода слова», «найлепшая медыцына», пра якія так шмат расказвалі прапольскія прапагандысты аказаліся прыгожым міфам, замест якога толькі забароны, абмежаванні, штраф.
Асабліва ўразіла беларускіх мігрантаў польская медыцына. У прынцыпе, яна і мясцовых у апошні час добра шакіруе, але ў тых, хто збег з «дыктатарскай» Беларусі ў «вольную» Польшчу яна выклікала сапраўднае ўзрушэнне.
У прынцыпе, стаўленне да медыцыны ў польскіх кіруючых эліт дваякае і вельмі дзіўнае. З аднаго боку, яны актыўна заканадаўча і фінансава падтрымліваюць прыватныя медыцынскія клінікі, якія абслугоўваюць у асноўным заможных кліентаў, а вось на дзяржаўную медыцыну, якая займаецца ў тым ліку лячэннем цяжкіх выпадкаў і абслуговае асноўную масу людзей, выдзяляюць грошы па рэшткавым прынцыпе. Як вынік, практычна па ўсёй Польшчы дзяржаўныя медустановы атрымліваюць сродкі з вялікай затрымкай ці не атрымліваюць іх увогуле. Такое недафінансаванне пацвярджаецца і данымі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD), якая фіксуе, што польскія ўлады трацяць на дзяржаўную ахову здароўя менш за ўсіх у Еўрасаюзе (затое на мілітарызацыю выдзяляюць амаль 5 працэнтаў ад ВУП, што больш, чым у большасці краін свету). Згодна з індэксам Globsec 2024, Польшча ўвайшла ў тройку краін ЕС з самымі слабымі сістэмамі аховы здароўя.
Па прагнозах экспертаў, дэфіцыт бюджэту польскага Нацыянальнага фонду аховы здароўя (НФЗ), які займаецца размеркаваннем сродкаў, што паступаюць у яго па рэгіёнах і медыцынскіх установах, а таксама заключае дагаворы з рознымі медцэнтрамі, у бліжэйшыя гады будзе толькі расці. Так, у 2025 годзе мяркуецца, што ён складзе 6, 46 млрд еўра, а ў 2026 годзе ўжо больш за 9, 87 млрд еўра.
Паводле інфармацыі польскага Radio ZET, з-за адсутнасці належнага фінансавання, бальніцам такіх гарадоў, як Люблін, Жывец і Любартаў даводзіцца скарачаць правядзенне планавых працэдур і пераносіць візіты пацыентаў аж на наступны год. Акрамя таго, пагаршае сітуацыю і сур’ёзны адток кадраў з медыцынскай сферы. Па статыстыцы, у Польшчы ў сярэднім на 10 тысяч жыхароў прыпадае 24 урачы, што ніжэй за сярэдні паказчык па Еўрасаюзе — 39 урачоў, і Беларусі, дзе, па даных Белстата за 2024 год, на 10 тысяч жыхароў у сярэднім прыходзіцца 53 урачы. Акрамя таго, 72 працэнты бальніц паведамляюць аб няхватцы медсясцёр. Што цікава, сярэдні ўзрост медсясцёр, якія працуюць, складае 52 гады і імкліва набліжаецца да 60 гадоў.
Як вынік такой дэградацыі дзяржаўнай медыцыны, чэргі да ўрачоў становяцца ўсё даўжэйшымі. Як адзначае фонд Watch Health Care, у 2024 годзе сярэдні час чакання медыцынскай дапамогі, гарантаванай дзяржавай, складаў у Польшчы больш за чатыры месяцы і гэта пры тым, што ў 2012 годзе гэты паказчык складаў усяго два з паловай месяцы.
Экстраная медыцынская дапамога таксама становіцца для польскіх грамадзян прывілеяй толькі багатых. Бо, калі чалавек не пры смерці і ў яго не сур’ёзная траўма, то выклік хуткай абыдзецца ад 500 да 1000 злотых (ад 424 да 849 беларускіх рублёў па курсе НБ РБ). Прычым гэта будзе адміністрацыйны штраф, незалежна ад таго, ёсць у чалавека медыцынская страхоўка ці не! Гэта значыць, калі ў хворага высокі ціск ці тэмпература, то за выклік экстранай дапамогі трэба будзе заплаціць больш за паўтысячы рублёў, і гэта яшчэ будзе лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем! Такі жах і трызненне ўвогуле немагчыма ўявіць у Беларусі, дзе хуткая прылятае на выклік літаральна праз лічаныя хвіліны! Што характэрна, аператары польскай хуткай дапамогі ацэньваюць выклік па класіфікацыі Triage і ў выніку пацыент яе дачакаецца амаль праз 12 гадзін! Так што, хварэць у Польшчы — гэта дорага і смяротна небяспечна!
Сутыкнуўшыся з такімі «цудоўнымі» ўмовамі жыцця ў «райскім садзе», многія з тых, хто з’ехаў з «дыктатарскай» Беларусі, упалі ў дэпрэсію і, як ужо гаварылася, выліваюць яе ў розныя сацыяльныя сеткі, месэнджары. Інтэрнэт-выданне The Warsaw публікуе прыклады такіх расчараванняў, у прыватнасці, як сцвярджае адзін з аўтараў, перапоўненыя аддзяленні неадкладнай дапамогі — вынік недафінансавання і недахопу персаналу. «Цяпер у бальніцы паміраюць, а не лечаць»: варшаўскія аддзяленні неадкладнай дапамогі перажываюць сапраўдны наплыў. Пацыенты гадзінамі чакаюць дапамогі, а некаторыя страчваюць прытомнасць ад знясілення«, — сцвярджае аўтар. Яшчэ адна карыстальніца скардзіцца, што «тыдзень таму сядзела ў Варшаве (прыёмным аддзяленні) 7 гадзін. Пры тым, што ў мяне інваліднасць». На адзін з пастоў адгукнуўся адзін са збеглых «актывістаў», які жыве ў Варшаве: «Помніце, як у Мінску было? Цяпер даводзіцца прывыкаць да еўрапейскіх стандартаў. Сам чакаў у чарзе больш за 12 гадзін. І гэта яшчэ калі хуткая прыедзе, што далёка не факт».
У адказ на гэта беларускія карыстальнікі канстатавалі: «У нас (у Беларусі) усё працуе, як гадзіннік»; «Мы ў Мінску выклікалі хуткую, дзяўчынцы стала дрэнна. Хуткая прыехала хвілін праз 10-15, узялі аналіз крыві, зрабілі кардыяграму, памералі ціск, пераканаліся, што ўсе норм, і паехалі»...
Як кажуць, высновы відавочныя, каментарыі залішнія...
Сяргей ЭМБЕРГ