Свет трымаецца на запаветах любові. Цяпер, калі яе топчуць, зневажаюць тыя, хто самаўпэўнена вырашыў, што можа вяршыць лёсы, за любоў стаяць тыя, хто фарміруе думку грамадства, стражнікі праўды — пісьменнікі. Іх пераканаўчыя прамовы, акрыленыя вершаваныя радкі і поўныя веры і надзеі каментарыі — як кліч птушынага кліна, які ляціць у край справядлівасці, згоды і міру. Пісьменнікі не маўчаць у цяперашні трывожны час, калі прастора напоўнена супярэчлівай, правакацыйнай інфармацыяй, бо хто, як не яны, найлепш адчувае нерв сучаснасці, хто, як не яны, закліканы быць маральнай асновай грамадства? І яны будуць пачутыя, бо данясуць ідэі праўды праз мастацкае слова, якое трапляе прама ў сэрца. Пра паэтычны адказ жорсткай рэальнасці — гутарка са старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным дзеячам культуры Міхасём Пазняковым.
— У вашым апавяданні «Ліст з мінулага» сказана, што «каханне сыходзіць з неба і знікае па яго волі». Каханне даецца звыш ці яму можна навучыцца?
— Пастаяннага, вечнага кахання няма. Нейкае больш спакойнае пачуццё выцясняе, але яно праходзіць, не вяртаецца. Прырода самога пачуцця незразумелая, непадуладная. Бывае, адразу на чалавека не звернеш увагі, а пасля прыходзіць такое пачуццё! Можа, гэта захапленне. Каханне не можа быць нязменным, добра, калі яно перарастае ў сяброўства. І сапраўднае каханне тое, якое вырастае з сяброўства. Таму моладзі важна не спяшацца: трэба яго выхадзіць, выспеліць...
— А што вы маеце на ўвазе пад сяброўствам?
— Мы жывём у такі час (можна прыгадаць 2020 год), калі нас падзяляюць розныя погляды на тыя ці іншыя падзеі. І многія сем’і з-за гэтага развальваюцца. Калі па-рознаму ацэньваюць абставіны, калі не разумеюць вялікай палітыкі, развіцця падзей. А трэба быць аднадушнымі, аднадумцамі. Такія пары аднолькава цэняць паэзію, музыку, аднолькава адносяцца да людзей, да праўды, да сумлення, тады вырастае сяброўства, калі людзі ідуць у адным напрамку і разумеюць, падтрымліваюць адно аднаго ў галоўным цалкам.
— У вас ёсць такія аднадумцы-сябры?
— Народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, народны паэт Беларусі Уладзімір Карызна, найвыдатнейшы сучасны паэт і перакладчык Анатоль Аўруцін. З Анатолем Аўруціным мы блізкія па поглядах. І ў адносінах да прыгажосці, да праўды, да палітыкі, да народа, народнасці, дзяржаўнасці. А яго талент найвялікшы. Ён і мяне перакладае. Пры тым што ў мяне з паўсотні перакладчыкаў на рускую мову. Не кажучы пра іншыя мовы. У мяне кнігі выходзілі на розных мовах: у Расіі, Сірыі (на арабскай мове), ва Украіне. Друкаваліся творы на ўзбекскай, таджыкскай, армянскай, казахскай, турэцкай, сербскай і інш. Міхась Башлакоў — найталенавіцейшы паэт і ў той жа час грамадзянін. Сёння быць проста паэтам мала — трэба быць яшчэ і грамадзянінам.
— Што гэта значыць?
— Адчуваць глыбіню народнасці, быць з усім народам, з праўдай. Грамадзянскасць — гэта не толькі ведаць, шанаваць гісторыю, нашых вялікіх папярэднікаў, але і далёка наперад бачыць. Разважаць: а як далей? Каб захаваць нам сваю ідэнтычнасць, краіну. Бо ў гэтым свеце маленькай дзяржаве выстаяць, захавацца, быць незалежнай, суверэннай цяжка.
— Мы можам гэта зрабіць у тым ліку дзякуючы нашай культуры, слову?..
— Вядома. Таму трэба быць верным свайму слову, народу. Тыя, што збеглі на Захад, чаго б яны дамагліся? Горш было б, чым ва Украіне. Суверэннасці мы ўжо не мелі б. НАТА тут ужо размяшчала б свае войскі, настройвала нас супраць Расіі. Бо навошта ЗША мець 800 ваенных баз у свеце? Каб дыктаваць сваю волю ўсім. А калі б Расія размясціла свае базы на Кубе, Мексіцы, як бы яны сябе паводзілі? Мы ведаем. Ледзь вайна не пачалася ў 1960-я гады, калі Хрушчоў размясціў ваенныя ракеты на Кубе. А ў амерыканцаў ваенныя базы ў Польшчы,
Прыбалтыцы, Румыніі, Чэхіі, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Японіі і інш. Навошта? У вас свае праблемы? Вырашайце! Пісьменніку трэба ў гэтым разбірацца. І калі замкнуцца толькі на нацыянальным коле, гэта памылка. Нельга так. Трэба глядзець шырэй. Каб захаваць сваё нацыянальнае, зберагчы яго, развіваць і гэтым узбагачаць свет (мы ўбіраем усё найлепшае з сусветнай культуры, але і дадаём сваё). Добра, калі стасункі ў свеце справядлівыя, сумленныя з усімі краінамі. Наша кіраўніцтва такую палітыку імкнецца праводзіць, але гэта няпроста. Недзе трэба ісці на нейкія пагадненні з іншымі магутнымі краінамі, каб вытрываць, выстаяць. Возьмем тую ж Польшчу. Там лічаць, што яны незалежныя. Ці так гэта, калі там размешчаны амерыканскія, натаўскія ваенныя базы? Калі ўлады вымушаны рабіць тое, што ім скажуць у Бруселі, за акіянам. Тое ж самае — прыбалтыйскія краіны. Дзе ў вас поўны суверэнітэт? Але з суседзямі трэба жыць нармальна. Не трэба парушаць масты сувязі. Пісьменніку трэба ствараць і шанаваць нацыянальнае, быць грамадзянінам-патрыётам у першую чаргу сваёй краіны, дбаць пра мір у сусвеце. Слова павінна яднаць, сеяць праўду, абараняць хараство, справядлівасць.
— Дарэчы, крокам да міру стала нядаўняя падзея — інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі сусветна вядомаму амерыканскаму часопісу Time ў асобе журналіста і пісьменніка Саймана Шустэра 8 жніўня 2025 года, падчас якога наш лідар адзначыў: «Маё крэда, мой прынцып: размаўляць трэба з усімі, калі ты хочаш нармальных стасункаў. Калі не размаўляеш, то ты паціху рухаешся да вайны. Нам гэта не трэба». Як вы гэта пракаментавалі б?
— У мяне пра гэта ёсць верш «Суседзі».
Суседзі, сталася што з вамі?
Хто лютасць вам уліў у кроў?
Адной сям’ёй жылі вякамі,
А вы «Панішчым маскалёў».
А вы — з абдымкамі да НАТА,
А вы — душу за акіян.
Дзядам і прадзедам жа
здрада —
Заўжды найгоршая з заган.
Вам мова руская чужая?
І Пушкін сёння вораг ваш?
Ідэя спеліць вас тупая —
Расію ўзяць на абардаж.
Вам засцяць помнікі героям,
Іх нават замінае прах?
Маленне ваша:
«Дайце зброю!» —
Дык гэта —
да знішчэння шлях.
А вы ж стваральнымі такімі
Былі, здзіўлялі шмат гадоў,
А вы ж багатымі якімі
Былі на песні і сяброў.
Дык славу добрую вяртайце,
Яе ўмацоўвайце адну.
Суседзі, мір хутчэй шукайце,
А не распальвайце вайну.
— А ці не прычына памнажэння зброі, гонкі ўзбраення — тэхналагічны прагрэс?
— Так, гора ад розуму. Але варта ўсе дасягненні накіроўваць на стваральнасць, а не на дыктат, разбурэнне, знішчэнне.
— Можа, і пісьменнікі хутка знікнуць, калі ўсё будзе генерыраваць нейрасетка?
— Мы жывём у той час, калі ўсё больш і больш страчвае сілу слова, слова праўды, прыгажосці, хараства. Кажуць, прыгажосць уратуе свет. А сёння ж трэба ратаваць саму прыгажосць! Чалавецтва ідзе на самазнішчэнне. Гэта балюча. Рабіць бандэраўцаў героямі, знішчаць помнікі родным украінцам, якія вызвалялі народ ад фашызму... У той жа Польшчы загінула 600 тысяч савецкіх воінаў, якія вызвалялі яе ад фашыстаў. Сёння ж улады там зносяць помнікі вызваліцелям. Што гэта? Рэваншызм! Гэта цемрашальства. Планета ўтыкана смертаноснай зброяй. У мяне нарадзіўся на гэтую тэму новы верш:
Ці не годзе?
Мы насельнікаў
не сустракаем
З іншых добрых
велічных планет,
Бо Зямля, пагрозная такая,
Іх пужае пікамі ракет.
Не чакаюць мірнае сустрэчы,
Паглядзяць —
і адляцяць назад,
Бо жахліва
ў нас ад варажнечы,
Бо знішчае люта брата брат.
Бо Зямля палохае дзіцячым,
Аніяк не зразумелым ім
Гаратлівым
несуцешным плачам
І сялібаў попелам сівым.
Ім, відаць,
не першае стагоддзе,
Аніяк зямлян не зразумець:
Дзікія зямляне, можа, годзе
Сеяць беды, гора,
слёзы, смерць?
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА
Фота з асабістага архіва Міхася Пазнякова