Генеолагі ведаюць, што для складання кароткай біяграфіі любога чалавека дастаткова метрычных кніг, у якіх ёсць запісы пра самыя важныя для яго і грамадства падзеі — нараджэнне, вянчанне і смерць. Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча пагаджаюцца з даследчыкамі і з радасцю прымаюць дамапогу ў адшуканні новых звестак да радаводу класіка беларускай літаратуры, а таксама праводзяць генеалагічныя росшукі самі. Ніжэй толькі некалькі прыкладаў, якія тычацца беларускіх пісьменнікаў і іх родных.
Яшчэ ў 2022 годзе вядомы беларускі генеолаг-пошукавік Алена Кароўчанка адшукала запіс аб нараджэнні і хрышчэнні роднай сястры Янкі Купалы — Алены Дамінікаўны Луцэвіч. У энцыклапедыі «Янка Купала» пазначана, што Гелена Луцэвіч нарадзілася ў 1896 годзе. Але па дакументах усё аказалася крыху інакш. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне захоўваецца частка метрычных кніг Радашковіцкага рымска-каталіцкага касцёла. У кнізе за 1898 год, у раздзеле I «Аб нараджэнні», выяўлены запіс: «Тысяча восемьсот девяносто восьмого года мая тринадцатого в Радошковичском Римско-Католическом костеле окрещена девица по имени Елена Ксендзом Романовским, Викарным сего костела с совершением всех обрядов Таинства» (НГАБ Гр. Ф. 915. В. 2. Спр. 41. Арк. 228адв.-229). У графе «Бацькі» пазначана: «Мещане Минского Общества Доминик и Бенигна, урожденная Волосевич, Луцевичи». Дзяўчынка нарадзілася 3 мая 1898 года ў фальварку Селішча, хроснымі бацькамі нованароджанай сталі Адам Бохвец і дзяўчына Стэфанія Вольска.
Запіс кароткі, але ўдакладняецца, што ахрышчана была дзяўчынка пад іменем Алены, не Гелены, як, магчыма, яе потым звалі ў сям’і, год нараджэння — 1898, а не 1896. Таксама запіс дазваляе лакалізаваць месца пражывання сям’і Луцэвічаў у той перыяд — фальварак Селішча. Цяпер гэта пасёлак Селішча, адносіцца да Вязынскага сельскага савета Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Яшчэ адна важная заўвага — названы хросныя бацькі нованароджанай, гэта дае магчымасць пашырыць нашы веды аб коле знаёмых сям’і Луцэвічаў у той перыяд.
Метрычныя кнігі Радашковіцкага касцёла парадавалі і іншымі каштоўнымі запісамі, напрыклад, аб вянчанні дваран Барысаўскага павета Антона Іванавіча Лявіцкага з Луцыяй-Аляксандрай Гнатоўскай, якое адбылося ў Радашковічах 20 верасня 1894 года. Антон Лявіцкі — вядомы беларускі празаік, публіцыст, драматург, публікаваўся пад псеўданімам Ядвігін Ш. Вянчаў маладых ксёндз Любавіцкі, Вілейскі дэкан, пры трохкратным агалошванні — 21, 28 жніўня, 4 верасня перад народам, які прыходзіў у касцёл на літургію. Чытаючы запіс, адчуваем усю важнасць і ўрачыстасць моманту: «Дворянин Борисовского Уезда Антон Левицкий, юноша 25 лет, с Дворянкой Луциею-Александрою Гнатовскою, девицей 20 лет, обоих из Гор. Радошкович, по сделании предварительного строгого обеих сторон на письме изъясненного исследования о препятствиях к бракосочетанию и по не открытии никаких, равно изъявленному от обеих лиц взаимному согласию внешними знаками обнаруженному» (пунктуацыя ў адпаведнасці з сучаснымі правіламі).
З метрычнага запісу аб вянчанні Антона Лявіцкага і Луцыі-Аляксандры Гнатоўскай можна даведацца аб іх бацьках і сведках. Гэтая інфармацыя карысная, у першую чаргу, для нашчадкаў пісьменніка, але і даследчыкам жыцця і творчасці Ядвігіна Ш. падказвае кірункі далейшых пошукаў. Бацькі жаніха — дваране Лявіцкія, Іван і Вольга, народжаная Валіцкая, бацькі нявесты — дваране Гнатоўскія, Аляксандр і Юзэфа, народжаная Ляўдан. Ксёндз «браком сочетал и в лице Костела торжественно поблагословил в присутствии веры достойных свидетелей: Ивана Оффенбаха, Валерьяна Кельца, Чеслава Гнатовского, Альфреда Гнатовского, Александра Наревича и много других лиц при том находившихся». Згадка пра сведкаў дадае інфармацыі пра кола знаёмых маладых і родных нявесты, на што ўказвае яе прозвішча Гнатоўская. У Вікіпедыі, у артыкуле, прысвечаным пісьменніку, як ілюстрацыя прадстаўлены шлюбны здымак Антона і Луцыі Лявіцкіх. Але загадка: фатаграфія, на якой пара ў шлюбных уборах, была зроблена ў атэлье Мікалая Аляксандравіча Ханжына.
Гэта расійскі фатограф пачатку ХХ стагоддзя, першыя звесткі аб яго атэлье ў Санкт-Пецярбургу адносяцца да 1910 года.
У сям’і Антона і Луцыі-Аляксандры Лявіцкіх было чацвёра дзяцей: Ванда, Лявон, Вацлаў, Казімір. На сёння вядома дакладная дата нараджэння дачкі, пра нараджэнне сыноў ёсць толькі ўскосныя згадкі. У Метрычнай кнізе Радашковіцкага касцёла на 1895 год, у раздзеле І «Аб нараджэнні», выяўлены запіс: «Тысяча восемьсот девяносто пятого года Декабря 13 дня в Радошковичском РК Приходском Костеле окрещено дитя по имени Ванда Кс. Н. Любовицким, Вилейским Деканом, с совершением всех обрядов таинства» (НГАБ Гр. Ф. 915. В. 2. Спр. 42. Арк. 18адв.-19). Указаны бацькі дзяўчынкі — Лявіцкія Антон і Луцыя-Аляксандра, нарадзілася 13 верасня 1895 года ў Радашковічах.
Хроснымі бацькамі сталі дваране Аляксандр Заліўскі, Гаўрыіла Гнатоўская, жонка Чэслава Гнатоўскага, які прысутнічаў на вянчанні Лявіцкіх. Верагодна, гэта брат Люцыі, які апекаваўся ёю пасля смерці бацькоў. Акрамя таго, пры хрышчэнні прысутнічалі дваране Іван Афенбах, Ева Навіцкая, жонка Юльяна Навіцкага, Вацлаў Дробік і Марыя Буйвід. Як бачым, Афенбах прысутнічаў і пры вянчанні Лявіцкіх, і пры хрышчэнні іх дачкі, то-бок, быў у ліку сяброў сям’і. Цікавая пазнака ёсць на запісе — паўторная даведка аб нараджэнні Ванды Лявіцкай выдавалася 2 снежня 1949 года. Па якой прычыне спатрэбілася пацвярджэнне, застаецца таямніцай.
Частка метрычных кніг Радашковіцкага рымска-каталіцкага касцёла захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Мэтазгодна працягваць работу па вывучэнні гэтых кніг, ёсць імавернасць выяўлення іншых фактаў жыцця знакамітых беларускіх пісьменнікаў Івана Дамінікавіча Луцэвіча (Янкі Купалы) і Антона Іванавіча Лявіцкага (Ядвігіна Ш.), а таксама жыцця іх родных.
Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча