Top.Mail.Ru
323

Месячнік Чырвонага Крыжа стартаваў у Беларусі

Штогадовы месячнік Чырвонага Крыжа стартаваў 8 мая і працягнецца да пачатку чэрвеня. Традыцыйна ён будзе насычаны інфармацыйнымі, адукацыйнымі і дабрачыннымі акцыямі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Выстаўкі пра работу грамадскага аб’яднання, у тым ліку ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адкрыюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дыялогавая пляцоўка «Шчаслівая сям’я — шчаслівае дзяцінства» пройдзе ў Гомелі, інтэрактыўная пляцоўка будзе працаваць у Дзень сям’і ў Парку Горкага ў Мінску, інтэрактыўная гульня «Бяспечна для жыцця» сумесна з МНС, ДАІ і АСВОД будзе арганізавана ў Гродна.



Як адзначыў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дзмітрый ШАЎЦОЎ, Чырвоны Крыж у Беларусі аб’ядноўвае вялікую колькасць нераўнадушных людзей. Па ўсёй краіне працуе 157 раённых арганізацый і каля 8300 пярвічных, куды ўваходзіць больш за 1,1 мільёна членаў. Дапамагаюць Беларускаму Чырвонаму Крыжу 13,5 тысяч валанцёраў. 

Арганізацыя працуе ў розных напрамках. Гэта і дапамога мігрантам, якія прыбываюць у Беларусь — апошнім часам гэта грамадзяне Украіны, якія прыязджаюць з тэрыторыі Расіі ці Еўропы і маюць намер жыць у нашай краіне. Таксама гэта медыка-сацыяльная падтрымка адзінокіх пажылых людзей. Акрамя таго, БЧК мае 17 каманд хуткага рэагавання, якія маюць навыкі працы ў надзвычайных і крызісных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару. Праводзіць Чырвоны Крыж і навучанне навыкам аказання першай дапамогі з выдачай сертыфікату дзяржаўнага ўзору. Працуе ў арганізацыі служба вышуку, якая пры дапамозе іншых арганізацый Чырвонага Крыжа па ўсім свеце дапамагае знайсці загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны сваякоў. 

Шэраг акцый грамадскай арганізацыі накіраваны на клопат пра розныя сацыяльна ўразлівыя катэгорыі. Сярод іх праекты па донарству крыві, падрыхтоўкі дзяцей да школы, віншаванне іх з Новым годам, дапамога пенсіянерам на прысядзібных участках, прыборцы кватэр і інш.

— Наша работа — гэта не толькі дапамога чалавеку, які мае ў чымсьці патрэбу, але і выхаванне міласэрнасці ў нашых звычайных грамадзян, якія адзін раз стаўшы валанцёрам у якой-небудзь акцыі, у пераважнай большасці потым звязваюць сваё жыццё з Беларускім Чырвоным Крыжом — дапамагаюць людзям, а самае галоўнае — культывуюць у сабе часцінку міласэрнасці і дабрыні, якая потым вырастае ў добрыя справы і перадаюць гэта сваім дзецям, — кажа Дзмітрый Шаўцоў

Толькі летась валанцёры каманд хуткага рэагавання Беларускага Чырвонага Крыжа 288 разоў выязджалі для дапамогі ў надзвычайных і крызісных сітуацыях і аказалі дапамогу 32 тысячам чалавек. Пераважна гэта была дастаўка, транспарціроўка, расчыстка завалаў. Пасля буры, якая пранеслася летам мінулага года па тэрыторыі Гомельскай вобласці, у пацярпелых раёнах валанцёры актыўна дапамагалі насельніцтву ў расчыстцы завалаў і рамонце, дастаўлялі і ўстанаўлівалі электрагенератары. Дзяжурылі валанцёры і на масавых святах — летась на 150 такіх мерапрыемствах яны аказалі першую дапамогу 700 людзям.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю