Мінчан папярэдзілі аб магчымых зменах колеру вады ў кранах пачынаючы з 11 лістапада. Пра гэта паведаміла БелТА.
Як растлумачылі ў філіяле «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга», жыхары Ленінскага, Заводскага, Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска павінны ведаць, што з 11 лістапада 2025 года і да канца ацяпляльнага сезона ў сеткавую ваду трубаправодаў цеплавых сетак будзе дададзены спецыяльны фарбавальнік — флуарэсцэін.
Мінчан заклікалі не панікаваць, бо гэта афарбоўка вады неабходная для хуткага выяўлення ўцечак і несанкцыянаванага выкарыстання цепланосьбіта, а таксама для праверкі герметычнасці воданагравальнікаў.
У Мінскэнерга падкрэслілі, што флуарэсцэін абсалютна бяспечны для здароўя чалавека і дазволены да ўжывання ў адпаведнасці з патрабаваннямі Санэпіднагляду.
З поўным спісам адрасоў, дзе будзе ўводзіцца флуарэсцэін у сеткавую ваду, можна азнаёміцца на сайце Мінскэнерга.
Таксама жыхароў просяць паведамляць аб наяўнасці афарбаванай вады ў сістэмах гарачага водазабеспячэння або аб уцечках зялёнага адцення па тэлефонах: 298-27-47, 298-27-27, 298-27-37.