Top.Mail.Ru

Мемарандум аб супрацоўніцтве беларускіх і зімбабвійскіх парламентарыяў падпісалі ў Савеце Рэспублікі

Трывалая аснова на будучыню

З афіцыйным візітам нашу краіну наведвае парламенцкая дэлегацыя Зімбабвэ на чале са Старшынёй Сената Парламента Рэспублікі Зімбабвэ Мэйбл Мемары Чынамонай. Праграма візіту афрыканскіх гасцей вельмі насычаная. Адным са знакавых мерапрыемстваў стала сустрэча з кіраўніцтвам Савета Рэспублікі і падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве беларускіх і зімбабвійскіх парламентарыяў.

Звяртаючыся да парламенцкай дэлегацыі Зімбабвэ, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла: «Беларусь і Зімбабвэ звязваюць добрыя дружалюбныя адносіны, якія развіваюцца сёння дынамічна на ўсіх узроўнях. Гэта заслуга перш за ўсё лідараў нашых дзяржаў. Менавіта іх асабістыя кантакты з’яўляюцца рухаючай сілай беларуска-зімбабвійскага супрацоўніцтва, якое сёння выйшла на стратэгічны ўзровень»

Спікер Савета Рэспублікі нагадала, што ў маі мінулага года адбыўся гістарычны візіт у нашу краіну Прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы. Вынікі гэтага візіту нароўні з дамоўленасцямі, якія былі дасягнуты бакамі ў ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ ў пачатку 2023 года, заклалі трывалую аснову для доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У прыватнасці, паміж нашымі краінамі падпісана дарожная карта стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства на бліжэйшую пяцігодку, якая ахоплівае розныя сферы.

«Гэты дакумент таксама датычыцца парламенцкага вымярэння, і ваш візіт з’яўляецца практычным укладам у рэалізацыю дарожнай карты», — акцэнтавала ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі.

  • Супрацоўніцтва паміж парламентамі Беларусі і Зімбабвэ — гэта асаблівая старонка ў гісторыі нашых міждзяржаўных адносін. Наталля Качанава адзначыла сімвалічнасць таго, што лідарства ў актывізацыі міжпарламенцкага дыялогу ўзялі на сябе верхнія палаты парламентаў Беларусі і Зімбабвэ. Спікер Савета Рэспублікі ў ходзе сустрэчы прапанавала вывесці міжпарламенцкае ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень.

Наталля Качанава таксама адзначыла зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі з Зімбабвэ ў інвестыцыйнай сферы. Добрыя перспектывы ў нас ёсць для ўзаемадзеяння ў хімічнай прамысловасці, энергетыцы, турыстычнай галіне. Беларусь гатова далей дапамагаць Зімбабвэ ў развіцці сістэмы аховы здароўя. Наша краіна таксама зацікаўлена ў працягу супрацоўніцтва ў гуманітарнай, культурнай і іншых сферах, гатова садзейнічаць актывізацыі ўзаемадзеяння па лініі маладзёжных і жаночых арганізацый.

«Мы адкрытыя да сумеснай работы па ўсіх кірунках і гатовыя з вамі разам працаваць у інтарэсах нашых краін і народаў», — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі.

Старшыня Сената парламента Рэспублікі Зімбабвэ Мэйбл Мемары Чынамона адзначыла: «Мы абмяркоўвалі сёння не тое, што пачнём рабіць, а тое, што будзем узмацняць з ужо існуючага. Мяне асабліва ўразіла, што 2026-ы аб’яўлены Годам жанчыны (у Беларусі. — „Зв.“). Гэта вельмі радуе, таму што наш Прэзідэнт таксама клапоціцца пра жанчын. Нашы жанчыны адчулі падтрымку і дапамогу Рэспублікі Беларусь, якая была аказана праз пастаўку трактароў і камбайнаў. Цяпер жанчынам далі зямлю, і яны дапамагаюць забяспечваць харчовую бяспеку».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю