Top.Mail.Ru

Меліярацыйная галіна атрымала новае жыццё

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ абмеркаваў з генеральным дырэктарам дзяржаўнага аб’яднання «Белводгас» Дзмітрыем КАЛДАБАЕВЫМ вынікі выканання работ па меліярацыі зямель і задачы на перспектыву.


«Фонд меліяраваных земляў — вялікае багацце для нашых земляробаў і краіны ў цэлым. Гэта важная аснова для фарміравання харчовай бяспекі. Няма ніводнага раёна без такіх палеткаў», — адзначыў парламентарый.

Кіраўніком дзяржавы напрыканцы 2022 года была пастаўлена задача па павелічэнні тэмпаў выканання меліярацыйных работ і ўключэнні ў сельскагаспадарчы абарот у перыяд з 2023-га да 2025 год 330 тысяч гектараў меліяраваных зямель (штогод па 110 тысяч гектараў).

Дзякуючы аказанай дзяржаўнай падтрымцы, у 2023-м было ўведзена ў сельскагаспадарчы абарот 110 тысяч гектараў, летась — 110,8 тысячы гектараў. Толькі ў мінулым годзе на гэтыя мэты з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў накіравана больш за 525 мільёнаў рублёў.

Ажыццяўляецца тэхнічнае пераабсталяванне меліярацыйных арганізацый: ім з падтрымкай дзяржавы летась пастаўлена 391 адзінка тэхнікі. Тэхпарк падтрымліваецца ў належным стане, прымаюцца меры па своечасовым рамонце. У Барысаўскім раёне створана новая меліярацыйная арганізацыя. Гэта новыя працоўныя месцы.

Меры, што прымаюцца дзяржавай, аказалі станоўчы эфект. Меліярацыйная галіна, па сутнасці, атрымала новае жыццё. Да 2023 года сярэдняспісачная колькасць работнікаў меліярацыйнага комплексу скарачалася штогод у сярэднім 300–500 чалавек. Гэты працэс быў спынены, колькасць працуючых павялічылася на 436 чалавек, па выніках мінулага года станоўчая дынаміка захоўваецца. Адзначаецца рост заработнай платы — летась яна ўзрасла на чвэрць да ўзроўню 2023-га.

Як падкрэсліў Леанід Заяц, задача аграрыяў — забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне меліяраваных зямель, у першую чаргу пакрытых драўнінна-хмызняковай расліннасцю, атрыманне максімальнай аддачы. З 2021 года дадаткова ўцягнута ў сельскагаспадарчае абарачэнне звыш 46 тысяч гектараў такіх палеткаў.

Сёлета перад меліярацыйнымі арганізацыямі пастаўлена задача аб выкананні заданняў па меліярацыі зямель на ўзроўні не менш чым 110 тысяч гектараў. Прадугледжана адпаведнае фінансаванне, у тым ліку набыццё неабходнай тэхнікі з дзяржаўнай падтрымкай.

Сенатар звярнуў увагу Дзмітрыя Калдабаева на тое, што пастаўленыя перад галіной задачы дадуць магчымасць забяспечыць выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы ў поўным аб’ёме. Таксама неабходна актыўна падключыцца да рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання. У прыватнасці, меліярацыйныя арганізацыі павінны ўзяць удзел у зносе неэксплутаваных сельскагаспадарчых аб’ектаў, каб уключыць у абарот адпаведныя плошчы.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю