Ключавыя прыярытэты
Сямейная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь шматгранная. Аб кампанентах сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі расказала намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава:
— Ключавая задача сацыяльнай палітыкі — стварэнне спрыяльных умоў для кожнай беларускай сям’і. І, безумоўна, мы арыентаваны перш за ўсё на нараджэнне дзяцей. Нас, беларусаў, павінна станавіцца больш. У краіне выбудавана сістэма адукацыі і аховы здароўя. Працоўным заканадаўствам створаны пэўныя прэферэнцыі для занятых грамадзян. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падрастаючаму пакаленню. Вядзецца інфармацыйная работа па прывіцці традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, бо ўсе мы ведаем, што база, аснова і сіла кожнага з нас — у нашай сям’і. У ёй мы ўпершыню атрымліваем усе ўстаноўкі. Ад дабрабыту і развіцця асобнай сям’і залежыць росквіт нашай Беларусі.
Зніжэнне колькасці працаздольнага насельніцтва — сур’ёзная пагроза для эканомікі. Аб тым, як пераламаць небяспечную тэндэнцыю, падзялілася меркаваннем кіраўнік Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Анастасія Баброва:
— Сёння мы гаворым аб сямейнай палітыцы як аб адзіным блоку. Апроч сацыяльнага складніка, важнае значэнне мае ідэалагічная работа. У першую чаргу хочацца адзначыць разуменне значнасці сямейных каштоўнасцяў кіраўніцтвам дзяржавы. Падтрымка сям’і — гэта не толькі дапамогі, гэта комплекс узаемазвязаных элементаў, якія дазваляюць забяспечваць адпаведныя ўмовы. А сям’я ўжо выбірае, як ёй далей развівацца, у тым ліку і рэалізацыю рэпрадуктыўнага патэнцыялу. У гэтым кірунку мы сур’ёзна прасунуліся. На сёння прадастаўлены максімальныя магчымасці для рэалізацыі любых планаў.
Сацыяльны клопат дзяржавы ў канкрэтных мерах падтрымкі і лічбах выглядае наступным чынам. Пры пастаноўцы на ўлік ва ўстанове аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці, удакладняе Юлія Берднікава, будучай маме належыць дапамога ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму — каля 500 рублёў. На больш позніх тэрмінах гарантуецца чатырохмесячны водпуск па цяжарнасці і родах і дапамога ў памеры 100 % сярэднядзённага заробку за каляндарныя дні, засведчаныя лістком непрацаздольнасці. Наступная мера падтрымкі — аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці ад 5000 да 7000 рублёў у залежнасці ад колькасці дзяцей.
І, нарэшце, дапамога па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў з захаваннем працоўнага месца для аднаго з бацькоў. Памер штомесячнай дапамогі на першае дзіця складае каля 1000 рублёў, на другое і наступных дзяцей — 1140 рублёў. Поўны пакет сацабароны — фінансавая падтрымка плюс працоўныя гарантыі. Сёлета на выплаты дапамог сем’ям пры нараджэнні і выхаванні дзяцей будзе накіравана 4,1 мільярда рублёў.
Беларусь упэўнена трымаецца ў топе не толькі самых камфортных для мацярынства краін, але і займае лідарскія пазіцыі міжнародных рэйтынгаў па паказчыках паспяховасці пратакола экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Дзякуючы развіццю рэпрадуктыўных тэхналогій у нашай краіне ўжо атрымалі рэальны шанц стаць бацькамі тысячы сем’яў. Паводле даных РПНЦ «Маці і дзіця», за пяць гадоў існавання бюджэтнага ЭКА мы маем вельмі высокую эфектыўнасць гэтай праграмы. За 2025 год колькасць паспяховых працэдур, праведзеных за дзяржаўны кошт, перавысіла 40 %. У наяўнасці прагрэс у кваліфікацыі спецыялістаў-рэпрадуктолагаў, якасці абсталявання і расходных матэрыялаў.
Кожная спроба ЭКА — гэта высокатэхналагічны працэс, які патрабуе сур’ёзных фінансавых выдаткаў. У залежнасці ад пратакола і прэпаратаў кошт аднаго цыкла вар’іруецца ад 6 да 9 тысяч рублёў. Аднак для беларусак працэдура застаецца бясплатнай, прычым дзяржава пайшла на фінансаванне і другой спробы ЭКА. Ужо фарміруецца група пацыентаў, якія маюць патрэбу ў паўторнай працэдуры. Указ Прэзідэнта № 100 «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення» — гэта не толькі пра павелічэнне колькасці спроб. Размова ідзе таксама аб шанцы на мацярынства для адзінокіх жанчын. З гэтага года ў цэнтр для правядзення бясплатных праграм ЭКА з выкарыстаннем спермы ананімнага донара могуць звярнуцца пацыенткі, якія не знаходзяцца ў шлюбе.
За апошнія пяць гадоў дзякуючы дзяржпадтрымцы і прафесіяналізму нашых урачоў з дапамогай ЭКА на свет з’явілася амаль 3000 маленькіх беларусаў. Летась у цэнтр звярнулася каля 900 сямейных пар, якім была праведзена першая бясплатная праграма ЭКА. Сёлета чакаецца яшчэ большая колькасць цыклаў, а значыць, і шчаслівых бацькоў у Беларусі пабольшае.

Сям’я Наталлі і Аляксандра КАЗЛОВЫХ з Краснаполля Магілёўскай вобласці.
Курс — на шматдзетнасць
Патрэбнасці шматдзетных сем’яў — у асаблівым фокусе ўвагі дзяржавы. Нараджаць у Беларусі выгадна, лічыць Юлія Берднікава:
— Пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзіцяці сям’я набывае статус шматдзетнай. У 2015 годзе стартавала праграма сямейнага капіталу, памер якога на сёння складае 35 тысяч рублёў. Гэта сума залічваецца на банкаўскі дэпазіт шматдзетнай сям’і і можа ў далейшым быць выкарыстана на паляпшэнне жыллёвых умоў, адукацыю або на аплату медыцынскіх паслуг. У шматдзетных сем’яў ёсць пэўныя прэферэнцыі і ў вырашэнні жыллёвага пытання. Мы гаворым аб асаблівых умовах крэдытавання. Крэдыт на жыллё такім сем’ям даецца на 40 гадоў пад адзін працэнт. Прычым, калі ў сям’і трое дзяцей, дзяржава пагашае 75 % крэдыту, а калі чацвёра — 100 %.
У школах для дзяцей з вялікіх сем’яў прадугледжана бясплатнае харчаванне. Гэтыя інвестыцыі апраўданы, паколькі кожнае чацвёртае дзіця сёння выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і.
У рамках выканання даручэння кіраўніка дзяржавы зламаны стэрэатып аб тым, што клопат аб дзіцяці ляжыць выключна на маці. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў выступае за тое, што шанц адчуць сябе бацькам з першых дзён жыцця дзіцяці павінен быць і ў таты:
— Мы павінны дакладна разумець: дружная, згуртаваная сям’я — гэта залог таго, што пасля першынца з’явяцца яшчэ дзеці. А што адбываецца на справе? Нараджаецца першае доўгачаканае дзіця ў сям’і.
І любоў мамы размываецца. Няма ранейшай увагі мужу. Ён не разумее, што адбываецца. Узнікаюць трэнні, рознагалоссі. Альбо яшчэ варыянт. Маці — пасля нейкіх аператыўных умяшанняў, ёй патрэбная фізічная дапамога другіх рук.
І тут у бацькі якраз ёсць магчымасць узяць двухтыднёвы водпуск. Гэтага часу дастаткова, каб малады тата ўсвядоміў свой новы статус, а маці адчула падтрымку. Ужо 10 % бацькоў выкарыстоўваюць гэта сваё права.
Беларускі вопыт падтрымкі сям’і, сцвярджае Анастасія Баброва, капіруюць іншыя краіны:
— У Беларусі ёсць усе віды падтрымкі сям’і.
У іншых краінах — толькі асобныя элементы нашай сістэмы. Возьмем працягласць дэкрэтнага водпуску ў некаторых дзяржавах — два-тры тыдні. А далей — выходзь на працу або вырашай пытанне з доглядам дзіцяці за свой кошт. У нас даецца тры гады аплатнага водпуску. У некаторых дзяржавах людзі імкнуцца трапіць у квоту на месца ў дзіцячых дашкольных установах на платнай аснове.
У Беларусі кожнае дзіця мае магчымасць наведваць дзіцячы садок, прычым бацькі аплачваюць толькі харчаванне, а асобным катэгорыям даецца льгота.
Сямейныя каштоўнасці ў Беларусі захоўваюцца. Аднак трэба ўлічваць, што стаўленне да жыццёвага сцэнарыя ў будучых мам і тат ад пакалення да пакалення мяняецца. Сучасныя маладыя людзі хочуць рэалізавацца ў прафесіі і бяруць шлюб пазней. Згодна са статыстыкай, за апошнія чвэрць стагоддзя ўзрост маладых павысіўся на чатыры гады. Адпаведна, зрушваюцца і часавыя рамкі з’яўлення на свет нашчадкаў. У сваю чаргу, дзяржава імкнецца абачліва рэагаваць на запыты грамадства, так бы мовіць, падставіць плячо. У прыватнасці, сістэма дашкольнай адукацыі гнутка трансфармуецца пад новыя рэаліі.
Ствараюцца групы догляду дзяцей да 2 гадоў. Маладая сям’я з дзіцем мае магчымасць пабудаваць жыллё ў крэдыт пад 5 % з частковым пагашэннем дзяржавай кошту квадратных метраў. Іншыя, багацейшыя за Беларусь, краіны лічаць такія інвестыцыі немэтазгоднымі. Аднак, на думку кампетэнтных аналітыкаў, укладанні ў інстытут сям’і — гэта ўнёсак у будучы чалавечы капітал.
А гэты рэсурс бясцэнны.
Таццяна ШЧАДРАНОК
Фота Валерыя КАРТУЛЯ