Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Механізм адзін — плаціць за вынік

На нарадзе ў Прэзідэнта разгледзелі праект Указа «Аб удасканаленні навуковай дзейнасці» 


Акрамя старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Караніка ў ліку ўдзельнікаў нарады — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч, міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч. 


Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пытанні развіцця айчыннай навукі абмяркоўваліся на даволі шырокай нарадзе, якая ў лістападзе 2025 года адбылася ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы даручаў сысці ад праблем, якія мелі месца ў навуковай сферы, і вырашыць задачы, што стаяць перад вучонымі, краінай у цэлым. 

«Тады быў падняты шэраг старых-новых пытанняў, — узгадаў дэталі тагачаснай нарады Прэзідэнт. — На жаль, нічога новага і ў выступленні Уладзіміра Сцяпанавіча (Караніка, старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — „Зв.“) не было аб развіцці і, можа быць, рэфармаванні, мадэрнізацыі нашай Акадэміі навук. Але мы дамовіліся, што падрыхтуем праект Указа „Аб удасканаленні навуковай дзейнасці“ і вы ўнясеце гэты праект указа на разгляд».

Пасля азнаямлення з праектам указа ў кіраўніка дзяржавы з’явілася нямала пытанняў, якія ў ходзе прадметнай размовы абмеркавалі ў рабочым кабінеце беларускага лідара. 

«Але тады, на нарадзе, мы дамовіліся, што калі размова ідзе пра грошы, пра аплату, то механізм адзін — плаціць за вынік, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць вынік — плацім. Няма выніку — ніякіх грошай не будзе. Як бы там нашы, безумоўна, разумныя вучоныя людзі ні падавалі гэта пытанне».

Прэзідэнт папрасіў далажыць, як прадстаўлены праект указа забяспечвае дасягненне мэты, якія для гэтага прапаноўваюцца інструменты. 


«Пакуль дакладна праглядаецца не вельмі шмат: базавае фінансаванне і магчымасці вучоным выкладаць у ВНУ, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — А хто супраць? Ніхто не супраць. І сёння, па-мойму, гэты працэс паспяхова развіваецца».

А вось пра эфектыўнасць, вынікі навуковай дзейнасці, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у дакуменце — адсылачныя нормы. Шэраг нормаў, як заяўлена праектам указа, вызначыць урад. 


«Дык навошта мы тады праект указа ўносім? — удакладніў беларускі лідар. — Праект указа павінен быць поўным і ўсёабдымным. І ніякіх адсылачных норм! Каб людзі, якія будуць цікавіцца гэтым указам, найперш вучоныя, разумелі, аб чым ідзе размова і колькі гэта будзе каштаваць. Таму давайце абмяркуем пытанні і прымем прынцыповае рашэнне». 

Усе пытанні, якія яшчэ ёсць у Акадэміі навук, у цэлым у навуковай супольнасці, Прэзідэнт паставіў задачу вырашыць да з’езда вучоных, які запланавана правесці або ў бягучым годзе, або ў пачатку наступнага. 

«Таму, Уладзімір Сцяпанавіч, зыходзячы з таго, што я сказаў, далажыце свае прапановы і ўвогуле, самае галоўнае — чаго вы хочаце, што трэба, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Уладзіміра Караніка. — Часу было дастаткова для таго, каб разабрацца. Вы разумны, вопытны чалавек, павінны былі разабрацца ды, я ўпэўнены, і разабраліся».   

Даслоўна

«Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў, што на навуцы ніхто эканоміць не будзе»

У размове з журналістамі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір КАРАНІК падкрэсліў, што пытанні фінансавання падчас нарады былі не самымі прынцыповымі. «Беларуская навука фінансавалася, фінансуецца і будзе фінансавацца, — акцэнтаваў Уладзімір Каранік, удакладніўшы, што размова ішла аб павышэнні эфектыўнасці гэтага працэсу. — Абмяркоўвалася, якім чынам увязаць (выдзяленне сродкаў на забеспячэнне бягучай дзейнасці. — „Зв.“): альбо гэта бюджэтны каштарыс, альбо гэта накладныя выдаткі ў дагаворах з рэальным сектарам эканомікі. Дзяржава гатова плаціць, у тым ліку і на ўтрыманне інфраструктуры, але ў рамках выканання дзяржзаказу альбо гаспадарча-дагаворнай дзейнасці, адлічваючы пэўны працэнт менавіта на інфраструктуру. Гэта першае». 

Другі, і ключавы, кірунак удасканалення навуковай дзейнасці, па словах старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, — правядзенне рэвізіі, пазбаўленне ад няпрофільных актываў — таго, у чым Акадэмія навук не мае патрэбы. Гэта неабходна зрабіць перад пачаткам абмеркавання аб’ёмаў фінансавання інфраструктуры Акадэміі навук, каб яна не несла дадатковыя выдаткі на ўтрыманне будынкаў, якія не патрэбныя. «Калі мы аптымізуем структуру, калі прыбярэм няпрофільныя актывы, тады мы вернемся да пытання, якім чынам фінансаваць у рамках бюджэтнага каштарысу тое, што патрабуе фінансавання напрамую з бюджэту», — канстатаваў Уладзімір Каранік. 

Старшыня НАН Беларусі звярнуў увагу на тое, што дакумент, падрыхтаваны Акадэміяй навук і ўрадам, падтрыманы. Аднак частка палажэнняў накіравана на дапрацоўку, у тым ліку тое, што звязана з базавым фінансаваннем. Другая частка праекта ўказа, якая датычыцца аптымізацыі структуры Акадэміі навук, магчымасці педагагічнай дзейнасці, магчымасці павышэння даплат за навуковыя ступені ў тых кірунках, якія з’яўляюцца прыярытэтамі для нашай краіны, падтрымана. 


Паводле слоў старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, ключавая задача гэтага ўказа — дапамагчы структурам Акадэміі навук пазбавіцца ад «баласту», ад таго, што не ўплывае на атрыманне новых ведаў, рэалізацыю новых праектаў, а таксама стварыць механізмы, якія дазволяць фінансаваць розныя кірункі фундаментальнай і прыкладной навукі. 

«Акадэмія навук — гэта ўнікальная структура, якая працуе па прынцыпе навукова-вытворчай карпарацыі, — падкрэсліў Уладзімір Каранік. — Некаторыя заканадаўчыя акты не ўлічваюць, што ў Акадэміі навук ёсць не толькі навуковы складнік, але і вытворчы. Адпаведна, мы абмежаваныя ў магчымасці фінансавання тых ці іншых кірункаў. Кіраўніком дзяржавы даручана сабрацца з Міністэрствам фінансаў, урадам, Адміністрацыяй Прэзідэнта і вызначыць, якім чынам даць Акадэміі навук магчымасць развівацца больш дынамічна як у вытворчым кірунку, так і ў навуковым».

Кіраўнік Акадэміі навук праінфармаваў, што з’езд вучоных Беларусі плануецца правесці ў другой палове 2026 года або ў пачатку 2027-га. «Гэта залежыць ад графіка Прэзідэнта і ў пэўнай меры ад нашай паваротлівасці — ці здолеем мы сфарміраваць выразную стратэгію развіцця айчыннай навукі, каб гэта можна было абмяркоўваць на з’ездзе, — патлумачыў ён. — Тут жа пытанне не ў тым, што сабрацца і пагаварыць. З’езд павінен прымаць стратэгічныя рашэнні, якія павінны быць вывераныя і падрыхтаваныя». 

Гаворачы аб фінансаванні айчыннай навукі, Уладзімір Каранік падкрэсліў, што гэта каля 0,6 % ад ВУП. «Бюджэт Акадэміі навук на 2026 год у параўнанні з 2025-м павялічыўся на 23 %, — дадаў ён. — Гэта істотны рост. І Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця прадугледжвае за бліжэйшую пяцігодку практычна падваенне, двухразовы рост выдаткаў на навукова-тэхнічную дзейнасць. Гэтыя грошы павінны працаваць. Гэта не павінна быць проста „праяданне“ сродкаў. Гэта павінна быць тое, што дасць канкрэтны вынік. Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў, што на навуцы ніхто эканоміць не будзе. І ён будзе і далей стымуляваць рэальны сектар эканомікі звяртацца ў навуковую сферу для вырашэння сваіх бягучых праблем. А тут ужо будзе наша задача, як не падмануць надзеі вытворцаў і выдаць якасны навукова-тэхнічны тавар. Калі ўсё атрымаецца, пытанні, дзе знайсці грошы на бягучы рамонт і ацяпленне ў навуковых арганізацыях, стаяць не будуць». 

Што датычыцца аптымізацыі, яна закране ўсе сферы дзейнасці Акадэміі навук, уключаючы гуманітарную. Пры гэтым Уладзімір Каранік заўважыў, што аптымізацыя не накіравана на скарачэнне кірункаў навуковых даследаванняў і навуковага пошуку. «Аптымізацыя, у першую чаргу, заклікана пазбавіцца ад грувасткай і неэфектыўнай структуры кіравання, — патлумачыў ён. — Гэта не датычыцца навуковых супрацоўнікаў і даследчыкаў. Гэта датычыцца той часткі Акадэміі навук, якая не генерыруе новыя веды і не вырашае навуковыя пытанні».

Вераніка КАНЮТА
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю