Вучоныя прыйшлі да высновы, што пад гэтым тэрмінам сёння хаваецца больш за 100 розных захворванняў, многія з якіх выяўляюцца зусім інакш — праз парушэнні зроку, маўлення, паводзін і руху. Пра гэта паведамляе партал The Conversation.
Самай распаўсюджанай формай застаецца хвароба Альцгеймера — на яе прыпадае каля 60% выпадкаў. Аднак іншыя пацыенты сутыкаюцца з больш рэдкімі варыянтамі дэменцыі, якія больш складана распазнаць і лячыць.
Адна з такіх формаў — задняя картыкальая атрафія. Яна ў першую чаргу закранае зрокавае ўспрыманне і арыентацыю ў прасторы. У людзей з’яўляюцца цяжкасці пры чытанні, ацэнцы адлегласці ці руху па лесвіцы, тады як памяць на ранніх стадыях можа заставацца адносна захаванай.
Іншая рэдкая форма — хвароба Крэйтцфельдта-Якаба. Гэта вельмі рэдкае захворванне (прыкладна адзін выпадак на мільён), звязанае з паталагічнымі зменамі прыённых бялкоў. Яно развіваецца значна хутчэй, чым хвароба Альцгеймера, і суправаджаецца не толькі стратай памяці, але і рухальнымі парушэннямі, у тым ліку міжвольнымі сутаргамі.
Асаблівы выпадак — спалучэнне лобна-скроневай дэменцыі з хваробай рухальных нейронаў (FTD-MND). Апрача кагнітыўных парушэнняў у пацыентаў узнікаюць мышачная слабасць, праблемы з глытаннем і атрафія мышцаў — сімптомы, якія звычайна не асацыіруюцца з дэменцыяй.
Яшчэ адно захворванне — прагрэсіруючы над’ядзерны параліч. Яно паражае структуры мозгу, якая адказвае за рух і кантроль погляду. У пацыентаў узнікаюць цяжкасці з рухам вачэй, частыя падзенні, а таксама праблемы з канцэнтрацыяй і мысленнем. Хваробу часта блытаюць з паркінсанізмам.
Вучоныя падкрэсліваюць, што ў большасці рэдкіх формаў дэменцыі да гэтага часу няма эфектыўнага лячэння.
Пры гэтым нават існуючыя прэпараты ў асноўным дапамагаюць толькі пры хваробе Альцгеймера. Таму ключавую ролю адыгрывае ранняя дыягностыка. Важна ўлічваць, што дэменцыя можа выяўляцца не толькі непамятлівасцю, але і зменамі паводзін, зроку, маўлення ці каардынацыі рухаў.
Па словах даследчыкаў, лепшае разуменне разнастайнасці формаў дэменцыі дапаможа своечасова выяўляць хваробу і падбіраць больш правільны догляд, а ў будучыні — распрацаваць новыя метады тэрапіі.