Пад прыцэлам камеры і рыфмы.
Фотааб’ектыў аднаго з найстарэйшых фотамайстроў краіны Яўгена Пясецкага засведчыў тысячы падзей, безліч асоб, шматлікія з’явы прыроды, чалавечыя эмоцыі... Яго фотаінфармацыі выходзілі і ў газеце «Правда», якая выдавалася ў СССР тыражом пяць мільёнаў экзэмпляраў. З камандзіроўкамі ён ездзіў па ўсім Саюзе: Камчатка, Благавешчанск, Кіргізія, Туркменія, Белае мора, Мурманск, Архангельск... У прэсе Яўген Віктаравіч амаль 60 гадоў, з якіх больш як 50 аддаў «Звяздзе». Яго здымкі вызначаюць мастацкасць, глыбыня, непаўторны аўтарскі стыль і... паэтычнасць. Так, Яўген Пясецкі валодае ўнікальнай якасцю — уменнем паэтызаваць фатаграфію. Як назапашвалася майстэрства і як паядналася фота з вершам — у нашай гутарцы.
— Яўген Віктаравіч, у адным інтэрв’ю вы згадалі, што ў вашай сям’і заўсёды была «Роман-газета». Бацькі з інтэлігенцыі?
— Мая маці інжынер, а бацька — выкладчык малявання. Бацька дома пісаў шмат, засталіся яго карціны. Многа іх і ў школе, дзе выкладаў — у пасёлку Зялёны Бор каля Жодзіна. Адначасова працаваў на торфаздабыўным прадпрыемстве — узначальваў інжынерна-чарцёжны вузел. На гэтым жа прадпрыемстве працавала і мама.

Бывала, гледзячы на бацьку, браў у рукі пэндзаль і я, атрымлівалася. Але больш прыцягнула іншае: я стаў наведваць школу пазаштатных карэспандэнтаў пры раённай газеце, дзе віравала незвычайная атмасфера. Мае равеснікі, якія тут вучыліся, сталі вядомымі журналістамі. Ігар Асінскі, былы рэдактар «СБ. Беларусь сегодня», у мінулым звычайны сельскі хлопец. Эльвіра Патапчык, выхаванка нашай школы, пасля стала галоўным рэдактарам раёнкі. Усё таму, што побач быў мудры дарадца — загадчык аддзела пісем Іван Трафімавіч Панчанка. Цудоўны нарысіст, аўтар шматлікіх кніг, пісьменнік ад зямлі: у Смалявічах нарадзіўся, вырас, усё жыццё прапрацаваў у раённай газеце, пакінуў пра сябе вялікі след — і ў кнігах, і ў журналістыцы.
Адначасова я закончыў сярэднюю школу і школу пазаштатных карэспандэнтаў, і адразу ўзялі працаваць у раённую газету. Паступіў на журфак БДУ. У мяне была наладжана добрая сувязь з мінскімі газетамі. Дасылаў у асноўным фотарэпартажы. Спрабаваў сілы ў літаратуры: у раёнцы пабачылі свет мае невялікія апавяданні. Ды пераважаў фотарэпартаж. Мне выдалі маленькі жалезны «Зенит». Быў у раёнцы невялікі неацяпляльны пакойчык без акон, дзе паставілі павелічальнік, стол, крэсла. І я праяўляў. Многае было не купіць, не дастаць, у прыватнасці гатовыя комплексы праяўляльніка, замацавальніка, іншых рэчаў. А ў рэдакцыі пакецікі з рэчывамі выпісвалі. Я па рэцэптах узважваў і рабіў. Захоўваліся рэчывы ў бутылях. Гатовую фотакартку адсылаў альбо поштай, альбо прывозіў. Пісаў спачатку ад рукі, потым авалодаў машынкай, балазе яна была ў раёнцы. Паралельна супрацоўнічаў з іншымі газетамі, у прыватнасці са «Знамя юности». Дарэчы, напярэдадні прызыву ў армію там вырашалі наконт прыёму мяне ў штат. Ды лёс скіраваў у «Звязду»...
— «Звяздзе» ў выніку вы аддалі паўвека...
— Атрымалася так, што я прыйшоў на зломе эпох. Працавала тое пакаленне, якое ўваходзіла ў газету адразу пасля вайны. Амаль паўсюль фотакарэспандэнтамі былі ветэраны-франтавікі. Асобы залужаныя сваёй франтавой або партызанскай дзейнасцю. У «Чырвонай змене» быў фотакарэспандэнт Фёдар Апанасавіч Бачыла. Мы пасябравалі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў кіраўніком дыверсійнай групы, якая пусціла пад адхон 28 варожых эшалонаў. Прадстаўляўся да звання Героя. Уражваў яго пінжак, поўны ваенных ордэнаў, прычым самых высокіх.

У «Советской Белоруссии» — цудоўны фотакарэспандэнт Леў Ігнатавіч Папковіч. Я адзіны быў сярод іх малады. Да таго ж адзіны, хто стаў вучыцца. Яны, франтавога прызыву, былі без адукацыі. Ды і да вайны мець адукацыю журналіста — з’ява даволі рэдкая. Як і пасля вайны таксама. Тым больш у галіне фотажурналістыкі. У «Звяздзе» год разам папрацавалі з фатографам Вячаславам Дубінкам. Ён быў шматграннай асобай. Яго прывабіла сфера літаратуры і народнага мастацтва. У энцыклапедыі Дубінка найперш згадваецца як майстар, які адрадзіў выцінанку. Працуючы ў «Звяздзе», рабіў выстаўкі. Нават у камандзіроўку ён браў паперу з нажніцамі. Расказваў, на вакзале, калі сядзеў і ў свабодны час вырэзваў, яго хацелі арыштаваць: думалі, што арцельшчык, халтуршчык — а ён проста чакае поезда і, сумуючы, вырэзвае з паперы ўзоры.
— Здаецца, зусім не мужчынская справа...
— Да таго ж тады даволі рэдкая. У вёсках практыкавалі, але прыкладным спосабам — сурвэткі на вокны, для ікон. А цяпер гэта асобны кірунак народнага мастацтва. У Маладзечанскім каледжы цэлы курс па выцінанцы, ды і ў акадэміі мастацтваў. Потым Вячаслаў Дубінка стаў шмат пісаць.
Мой добры таварыш, саратнік, які ў канцы 80-х — пачатку 90-х сышоў з жыцця, — фотакарэспандэнт часопіса «Маладосць» Валянцін Ждановіч, які пакінуў пасля сябе шмат работ. Гэта ён разам з Караткевічам ладзіў вандроўкі па рэках. Таксама шмат пісаў. Таксама я быў блізка знаёмы з Сяргеем Грахоўскім, з Міхасём Стральцовым, з Нінай Загорскай (цяпер манахіня Кіра).
У «Звяздзе» яшчэ быў цудоўны фотакарэспандэнт Мікалай Амельчанка, выпускнік МДУ. Ён прыехаў да нас якраз тады, калі я стаў праяўляць сябе сярод ветэранаў як малады расток. Калега і сябар, у многім мне дапамог: у разуменні журналісцкага майстэрства, прафесійных якасцяў — не гнацца за хайпам, што спакушала яшчэ ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х: з’явіўся накіп, налёт у літаратуры, музыцы і ў фотажурналістыкі. Грашылі «смажанымі» здымкамі, фактамі, ад якіх многія засталіся параненымі.
— Расійскі фотажурналіст Уладзімір Вяткін казаў: «Калі я ў год зраблю хоць адну фотаработу, то пражыў недарма». А наколькі патрабавальныя да сябе вы?
— Думаю, гэтае выказванне не пазбаўлена пафасу. Насамрэч, і ён, і ўсе творцы падводзяць вынікі ў канцы дня. Ёсць мэты блізкія, ёсць — далёкія. Ёсць мэты, калі б’ешся, б’ешся і толькі набліжаешся да іх. Штосьці ў штодзённіку запісана — зроблена. Але пастаянная работа ўнутраная: арганізавацца, быць на месцы, працаваць з апаратурай, оптыкай, быць падрыхтаваным тэхнічна, ведаць прадмет здымкі.
— А калі бягучыя дробныя справы штодзённа адбіраюць час і не даюць падступіцца да чагосьці вялікага?
— Вялікае само па сабе не нараджаецца — гэта сума дробнага, гэта аб’яднанне штодзённых дробных, хай нязначных на першы погляд, крокаў. Спадзявацца, што ты раз у дванаццаць месяцаў убачыш варону з залатой завушніцай у дзюбе — бязглуздзіца. Больш лагічна і разумна дванаццаць месяцаў напрацоўваць тэму — тады і будзе плён у суме.
— У вашай творчасці якая тэма стала найбольш плённай?
— Тэма, якую грунтоўна прапрацоўваю, — гісторыя і мастацтва Беларусі, канфесіі, у асноўным праваслаўе. За штодзённай работай унутры канфесіі — гісторыя. Адкрыйце святцы — і пазнаёмцеся з беларускімі святымі. У мяне былі рэпартажы з Іерусаліма. Там, у Феадосіеўскім манастыры, некаторы час пасля смерці спачывала Ефрасіння Полацкая. Я зрабіў здымкі пра гэты манастыр. Святыя нашай зямлі — гэта героі Беларусі таксама, як і, напрыклад, лётчык Уладзімір Карват, які адвёў свой самалёт ад падзення на вёску. Мая праца ў тэме праваслаўя Беларусі — магчымаць гледачу ўбачыць герояў сваёй краіны.
— 29 гадоў вы ўдзельнік навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў».
— Першы раз у гэтым годзе не паехаў — захварэў. Можа, якога-небудзь майго калегу паклікала б сфера інжынернай думкі, а хтосьці пайшоў бы ўслед за біёлагамі... А я з 1993 года штогод быў у экспедыцыях. Рэпартажы «Дарогі да святыняў» адлюстроўваюць шмат: духоўнасць, гісторыю, лёс чалавека, прыроду. Для мяне гэта была найбагацейшая магчымасць напрацоўваць матэрыялы, крышталізаваць талент.
— Ці дапамагала гэта рабіць прырода? Беларускі эколаг і рэжысёр Ігар Бышнёў, адзначаючы, што людзям трэба навучыцца жыць у гармоніі з прыродай, сказаў: «Калі і ёсць Бог, то гэта прырода».
— Бачыў шмат яго работ. З яго фотаздымкаў відаць, што гэта заўважана вачыма вельмі ўмелага, дасведчанага спецыяліста, які шмат ведае. Адштурхоўваючыся ад сітуацый у прыродзе, яе законаў, ствараеш. Існасць прыроды даказана ўсімі філосафамі свету і ва ўсе часы. Прырода для мяне — гэта акно ў веды. Тое, што бачу ў прыродзе, або пацвярджае, або абвяргае мой асабісты вопыт. Гэта вучыць, дае асацыяцыі для разважання. Прырода адкрывае тое, што секунду назад я не ведаў і не мог ведаць. З’ява, штрых, кузурка праляцела — і я ўжо зразумеў. Дзевяць гадоў я вёў у часопісе «Родная прырода» старонку «Рыфмы прыроды». Напрыклад, выпаў першы снег — здымак і верш адпаведны пішу. Для мяне гэта была вельмі прыемная работа, аддушына.
— У адным са сваіх нядаўніх восеньскіх рэпартажаў вы напісалі: «Гармонія фарбаў прыроды заўжды ў суладдзі з паэтычнымі радкамі». Пра гэта ваш уласны жанр сінтэзу верша і фота, якім вы аздобілі і свой паэтычны зборнік «Кола дзён»?
— Гэта маё эмацыянальнае жаданне. Не для таго ж чалавек піша музыку, каб табе спадабалася. Кожны стварае тое, што выяўляе яго эмоцыі. Мне спадабалася меркаванне, што паэзія — гэта не літаратура, а выказванне эмоцыі, у прыватнасці, калі я кажу пра суседства паэзіі з фатаграфіяй. Літаратурны жанр патрабуе найглыбейшай распрацоўкі тэмы, гісторыі, фактажу, а тут дзве страфы — і ніякага багажу фактаў. Ды галоўнае, што чапляе, — эмоцыі. Фатаграфія мне дапамагае паказаць эмоцыю.
— Фотамастацтва — баланс дакументальнасці і мастацкасці. Ці лёгка тут парушыць за межы?
— У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб прыкладной частцы мастацтва — рабоце ў прэсе. Тут дакументальнасць, відаць, асноўнае. Ды дадаецца яшчэ адзін аспект — публіцыстычнасць. Мала выніку дакументальнага — патрэбна мастацкасць, каб на яе рэзаніраваў глядач. І абавязкова ў рамках патрабаванняў публіцыстыкі.
— Што гэта значыць?
— Фотапубліцыстыка — той складнік фотамастацтва, які ператварае фатаграфію ў інструмент дыялогу. Менавіта дыялогу, а не маналогу. Глядач павінен рэфлексаваць на фотаработу, фотарэпартаж, фотанарыс, фотападборку... За кожным фактам я бачу падтэкст, а паколькі захапляюся паэзіяй, страюся заўважыць у фактах метафары, параўнанні, сугуччы, проціпастаўленні. Тое самае і ў здымках. Фотаздымкі паміж сабой — як словы ў вершы. Яны могуць рыфмавацца, супрацьстаяць, быць у алітэрацыі, паўтараць складовыя часткі. Могуць з’яўляцца і колеравыя сугуччы. У чым поспех фотарэпартажа, фотанарыса? Мала таго, што перадаць сутнасць падзеі, — некалькімі фатаграфіямі, якія паміж сабой звязаны, як кінематаграфічная стужка, паказаць драматургію. Як і ў літаратуры і паэзіі. Проста інструмент іншы. Тое самае робяць і мастакі. Дастаткова зірнуць на трыпціх, напрыклад, Савіцкага. Мала таго, што ён аб’яднаны колерам, тэмай, кампазіцыяй, ён мае яшчэ агульную кампазіцыю, адна лінія праходзіць праз усе тры палотны.

Метафарычнасць, якая выкарыстоўваецца ў літаратурным творы, павінна прысутнічаць і на фотаздымку. Інакш гэта будзе выява, зафіксаваная камерай на дзвярах крамы. Альбом «Времени черты», на вокладцы якога — мая работа, сабраў фатаграфіі міжнароднага конкурсу газеты «Правда». Тут мой здымак «Наваполацк. Вялікая хімія. Графіка будоўлі», які атрымаў Гран-пры. Мне было 27 гадоў. Я доўгі час быў у камандзіроўках газеты «Правда» па ўсім СССР: Камчатка, Благавешчанск, Кіргізія, Туркменія, Белае мора, Мурманск, Архангельск... «Правда» выдавалася тыражом пяць мільёнаў экзэмпляраў. Калі ўбачыў там сваю інфармацыю 16 кастрычніка 1980 года, адчуў наймацнейшы адрэналін: ты працуеш на 1/6 зямнога шара! Гэту публікацыю ўбачылі пяць мільёнаў падпісчыкаў, а то і больш. Гэта давала такі матывацыйны эфект, што я і мае калегі працавалі напоўніцу, з мокрымі спінамі.
— Скажыце, злавіць выйгрышнае фота — гэта ўдача або прафесіяналізм?
— Удача часам напаткоўвае, канешне. Стараюся быць заўсёды напагатове. Усе мы бачым удалыя моманты, але крыўдна, калі ў руках няма фіксатара.
— Паэту прасцей: запомніў і адлюстраваў у вобразах.
— І не проста ў вобразах — у эмоцыях. А тут неабходна ўзгадняць механічныя рухі з фотаапаратам. Адна справа — убачыць, а іншая — узважыць: а як гэта будзе выглядаць у здымку? Можа, неэстэтычна? Захаваць грань паміж дазволеным: ці можна чалавека сфатаграфаваць у гэтым выглядзе? Адна справа — ён скажа: не, я не хачу фатаграфавацца ў гэтым капелюшы, іншая справа — што скажуць людзі. І нашмат большы будзе ўдар, калі скажуць дрэнна людзі. Самацэнзура — рэч вельмі стрымлівальная. Прымаеш рашэнне, зыходзячы з правіл маралі.
— Ці шмат здаралася ў жыцці няўдач?
— Бывала. У няўдачах вінаваты сам: паспяшыў, памыліўся, недаслухаў, недастаткова зразумеў. Рады, што меў магчымасць займацца любімай работай. Ніякай хітрасці — проста рабі сумленна: да канца зразумець, выслухаць, зафіксаваць. Без халтуры. Правільна, у рэшцэ рэшт, паставіць вытрымку дыяфрагмы. Але дагэтуль мне не хапае дасканалага ўмення. Усё роўна дзесьці прарываецца халтура, памылка. Хаця я з 16 гадоў працую ў газеце. У прэсе ўжо амаль 60 гадоў. Можа, калі б займаўся адной работай, напрыклад, выточваў болцік... За 60 гадоў работы слесар навучыўся б рабіць болцік з завязанымі вачыма, адной левай рукой, седзячы. Але і я, і слесар павінны рабіць не толькі болцік, але і штосьці больш маштабнае і шматграннае — дзесяць розных болцікаў, дзесяць розных здымкаў або цэлую кнігу. І раз за разам нагадваеш сабе: выконвай унутранае правіла майстэрства. Рабі так, як цябе навучыла жыццё.
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА