Top.Mail.Ru

Майстар саломапляцення — пра старажытнае рамяство і сакрэты творчасці

Залатая спадчына Прыпяцкага краю

Антаніна Яроменка — майстар народных мастацкіх рамёстваў, ужо больш за паўтара дзясяткі гадоў стварае з саломы дзівосныя рэчы. Частка з іх, дарэчы, упрыгожыць падвор’е Жыткавіцкага раёна на ІX Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». А тэхнікам — як сучасным, так і старажытным, якія стагоддзямі перадаваліся на беларускай зямлі ад пакалення да пакалення, — жанчына навучае ў філіяле «Людзяневіцкі цэнтр культуры» Жыткавіцкага раённага цэнтра народнай творчасці і арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва.

З глыбіні стагоддзяў

Саламапляценне — адно з самых старажытных беларускіх рамёстваў. Па словах Антаніны Віктараўны, саломе спрадвеку прыпісвалі асаблівую, амаль містычную сілу. Нават апошні сноп, які прыбіралі з поля, бераглі ў хаце да наступнага ўраджаю — верылі, што ён прыносіць дастатак і засцерагае сям’ю.

Кошыкі і капелюшы, напрыклад, плялі прамой і плоскай тэхнікай. А вось для інкрустацыі салому наразалі — і да гэтага часу наразаюць малюсенькімі ромбікамі, квадрацікамі, трохкутнікамі, выкладвалі з іх узоры на скрыначках і велікодных яйках. Выкарыстоўвалася, дарэчы, у першую чаргу салома з жыта — яна даўжэйшая і больш трывалая за пшанічную. Антаніна Віктараўна, як і многія майстры, чэрпае натхненне ў гэтых народных вытоках. Паводле яе слоў, вывучэнне гісторыі рамяства і традыцыйных арнаментаў было важнай часткай яе прафесійнага станаўлення. У свой час, яшчэ ў каледжы, яна падрабязна разбірала сімволіку ўзораў, паўтарала і прыдумляла свае, што да гэтага часу і робіць у рабоце.

Сакрэты майстэрства

Але творчы бок — толькі малая частка складанага працэсу. Для пачатку саломку трэба знайсці, правільна падрыхтаваць і высушыць. Пры гэтым падрыхтоўчы этап займае ці ледзь не больш часу, чым само пляценне. «Самыя тонкія часткі сцябла — „першае калена“ — ідуць на ажурныя вырабы, таўсцейшыя: „другое“ і „трэцяе“ — на буйныя рэчы. А штосьці я наразаю і разгладжваю для аплікацыі», — расказвае Антаніна, паказваючы падрыхтаваныя палоскі. Затым, па словах жанчыны, салому адварваюць, часам дадаткова адбельваюць, каб дамагчыся патрэбнага адцення, хоць многія майстры і аддаюць перавагу натуральнаму, прыроднаму колеру.

Але, зазначае суразмоўніца, у аснове любога саламянага вырабу ляжыць не толькі тэхніка, але і асаблівыя якасці майстра. «Патрэбны цярпенне, уседлівасць і спрыт рук, уменне хутка і акуратна працаваць пальцамі», — кажа Антаніна Віктараўна. Майстар прызнаецца, што ў рабоце ёй бліжэй аб’ёмнае пляценне, чым аплікацыя: «Сярод сваіх вырабаў асабліва вылучаю калодзеж — і ідэя добрая, і працаваць было цікава. Але на саломцы не спыняюся — я малюю, выгафтоўваю, пляту з паперы, раней займалася яшчэ і бісерам... Думаю, такая разнастайнасць інтарэсаў дапамагае ўвесь час развівацца, вучыцца нечаму новаму».

Вучыць ствараць

Дарэчы, творчую натуру нашай гераіні не раз ацэньвалі па заслугах — доказам таму служыць вялікая колькасць перамог у рэгіянальных конкурсах. Важнае месца сярод рознакаляровых дыпломаў займаюць падзякі ад мясцовых улад — за добрасумленную працу, захаванне, развіццё мастацкіх рамёстваў і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення. Справа ў тым, што Антаніна Яроменка не толькі сама стварае прыгожыя рэчы, але і перадае сваё майстэрства дзецям.

У гуртках Людзяневіцкага цэнтра культуры займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту. Многія, прыйшоўшы на заняткі яшчэ ў малодшых класах, не закідваюць творчасць ажно да заканчэння школы. А некаторыя асабліва таленавітыя выхаванцы нават самі становяцца прафесіяналамі гэтай нялёгкай справы.

Праз такіх людзей, як наша гераіня і яе вучні, залатая спадчына Палесся і працягвае свой шлях, несучы з сабой цеплыню палёў і мудрасць беларускай зямлі. Такая вось жывая нітка (ці, калі быць дакладней, саломка), якая злучае мінулае і будучыню.

Аміна НАЗАРАВА, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю