Двума матчамі сёння адкрыецца 36-ы чэмпіянат Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі, паведамляе БелТА.
Футбалісты «Мінска» прымуць на сваёй арэне дзяржынскі «Арсенал» (пачатак гульні ў 17.00; прамая трансляцыя на тэлеканале «Беларусь 5»). У мінулым сезоне мінчане занялі пятае месца, а іх сённяшнія сапернікі фінішавалі на 11-й пазіцыі. У іх паядынках папярэдняга першынства былі зафіксаваны нічые — 2:2 і 1:1.
Другі сённяшні матч таксама стартуе ў 17.00 — футбалісты «Віцебска» сустрэнуцца ў сябе дома з «Гомелем». Абедзве каманды не лепшым чынам правялі мінулы чэмпіянат — гамяльчане аказаліся на дзявятым радку турнірнай табліцы, а віцябчане занялі 11-е месца. У сезоне 2025 года сапернікі абмяняліся дамашнімі перамогамі — спачатку выйграў «Віцебск» з лікам 2:0, а ў другім крузе «Гомель» узяў рэванш — 1:0.
Усе прызёры 35-га нацыянальнага першынства свае стартавыя гульні правядуць заўтра. Чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» на полі сталічнага стадыёна «Дынама-Юні» сустрэнецца з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗам». Уладальнік бронзы мазырская «Славія» прыме на сваёй арэне сярэбраных прызёраў футбалістаў мінскага «Дынама». Таксама ў суботу наваспечаны ўладальнік Суперкубка «Нёман» сустрэнецца ў Гродне з барысаўскім БАТЭ.
Заключныя матчы стартавага тура адбудуцца 22 сакавіка. «Іслач» з Мінскага раёна згуляе ў сябе дома з дэбютантамі элітнага дывізіёна футбалістамі «Баранавічаў». Бабруйская «Белшына», якая вярнулася ў вышэйшую лігу, прыме на сваім полі брэсцкае «Дынама», а ў Наваполацку мясцовы «Нафтан» будзе сапернічаць з магілёўскім «Дняпром», які таксама вярнуўся ў эліту пасля невялікага перапынку.
Чарговы чэмпіянат Беларусі пройдзе па традыцыйнай схеме — 16 каманд правядуць двухкругавы турнір з матчамі дома і ў гасцях. Па выніках сезона два горшыя клубы саступяць месцы ў вышэйшай лізе дзвюм лепшым камандам першай лігі.
У мінулыя гады футбалісты БАТЭ 15 разоў станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, у мінскага «Дынама» 9 тытулаў, у актыве салігорскага «Шахцёра» — тры золаты, у «Славіі» — два чэмпіёнскія тытулы.