Расказвае дырэктар бібліятэкі Ілона Уладзіміраўна Сарокіна: «Аснову рэсурса складаюць матэрыялы пра жыццё і творчасць жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Магілёўскай вобласці. Персанальная старонка творцы складае падраздзелы „Біяграфія“, „Літаратура пра жыццё і дзейнасць“, „Галерэя“. Зайшоўшы ў тую ці іншую персаналію, за кароткі адрэзак часу можна ўявіць маштаб творчасці, даведацца пра школу, якая выхавала мастацкі талент, адкрыць іншыя звесткі пра графіка, жывапісца ці скульптара...»
Дзясяткі імёнаў мастакоў паказаны праз віртуальную экскурсію: Роберт Генін, Віктар Грамыка, Аляксандр Грубэ, Пётр Драчоў, Міхась Лісоўскі... Заходзіш на старонку, напрыклад, кніжнага графіка П. Драчова — і адразу сустракаешся з рэпрадукцыямі яго прац да аповесці «Вогнепаклоннікі» Міхася Чарняўскага. Альбо на старонцы Аляксандра Грубэ адкрыццём стане здымак драўлянай скульптуры — партрэт Максіма Багдановіча, выкананы ў 1927 годзе...
У базе даных выкарыстаны дакументы, матэрыялы, сабраныя не толькі ў абласной бібліятэцы, але і рэпрадукцыі карцін з фондаў Магілёўскага абласнога музея імя П. Масленнікава, Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, Глускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, Краснапольскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея і іншых культурна-асветніцкіх устаноў вобласці.
Інфармацыйны рэсурс «Мастацкая палітра Магілёўскага краю» — сапраўдная электронная бібліятэка, якая прадстаўляе мастацкае краязнаўства Магілёўшчыны.
Мікола Берлеж
Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна