На мінулым тыдні ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі жывапісу і фатаграфіі Аліка Замосціна «Грані рэальнасці». У экспазіцыі прадстаўлены работы, створаныя на працягу апошніх пяці гадоў. Плён творчасці аўтара — пейзажы, гарадскія і сельскія, а таксама партрэты — пераважна жаночыя. Ацаніць іх можна да 6 ліпеня.
— Адкрыўся незвычайны выставачны праект Аліка Замосціна, аўтара, які сябруе з нашым музеем, з галерэяй Савіцкага даволі даўно, — адзначае дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. — Яго персанальная выстаўка праходзіла ў гэтых сценах і 10 гадоў таму — у 2015 годзе быў прадстаўлены яго «Пункт гледжання», дзе экспанаваліся фотаработы. Тыя пейзажы і нацюрморты суправаждаліся рознымі прадметамі — асаблівымі інсталяцыямі, змест якіх быў выключна філасофскі. Да таго ж Алік Замосцін супрацоўнічаў з галерэяй «LIBRA» (пераўтворана ў «FARBA»). Пэўна, многім запомнілася выстаўка твораў Анры Маціса, якая праходзіла ў галерэі Савіцкага, і побач з графікай знакамітага французскага мастака экспанаваліся работы Аліка Замосціна. Цяперашняя экспазіцыя таксама мае філасофскі пачатак... Да таго ж тут мы знаёмімся з новай іпастассю аўтара — жывапісца.
На выстаўцы «Грані рэальнасці» шмат яркіх работ, такіх як «Гранаты» (2021), «У апошнюю хвіліну» (2023), «Сумна» (2024), «Горад» (2025)... У кожнай — выяўленне аўтарам стаўлення да з’яў рэчаіснасці, да быцця наогул. Гэта не толькі перадача пачуццяў і своеасаблівага адчування хады быцця, але і зварот да мастацкай спадчыны, яе перапрацоўка, у тым ліку інтэрпрэтацыя знаёмых сюжэтаў. Аўтар, здаецца, мае патрэбу ў дыялогу — і з вялікімі папярэднікамі, да творчасці якіх звяртаецца, і з сучаснікамі — а гэта найперш зацікаўленая публіка, часам здольная падштурхнуць да новых пошукаў. Аднак не менш важны для Аліка Замосціна ўнутраны дыялог, які, бачна, мае плён і адкрывае новыя шляхі ў творчасці, схіляе да пэўных роздумаў, да выбару адпаведных каларыстычных і кампазіцыйных рашэнняў.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара