Ушанаванне працоўных дынастый, інтэрактыўныя пляцоўкі і спартыўныя спаборніцтвы — з нагоды Свята працы прафсаюзы арганізавалі мерапрыемствы ў кожным рэгіёне нашай краіны. Самай маштабнай пляцоўкай Першамая стаў сталічны парк Перамогі. Па традыцыі свята аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў тысяч удзельнікаў, а яго кульмінацыяй стала ўзнагароджанне прадстаўнікоў працоўных дынастый з розных куткоў краіны, агульны працоўны стаж якіх налічвае 2636 гадоў!
Святочныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой», у якім прынялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржкіравання, кіраўніцтва і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі.
— Гэта свята, якое ўжо паўтары сотні гадоў адзначаецца ва ўсім свеце. І нягледзячы на тое, што яно страціла свой палітычны кантэкст, разам з тым яно засталося святам, якое радуе ўсё насельніцтва планеты. Беларусь — краіна, якая захавала савецкія традыцыі святкавання гэтага дня. І сімвалічна ў гэты дзень мы адзначаем не толькі наступленне паўнавартаснай вясны, але і свята нашых вынікаў — у працы, навуцы, творчасці, — адзначыла намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Вольга ЧУПРЫС. — Для нас працоўныя людзі — тыя, што ствараюць сваёй працай нашы дасягненні, нашу краіну, каб захаваць яе развітой, упэўненай, якая імкнецца да будучыні.
Вольга Чупрыс акцэнтавала ўвагу на тым, што менавіта праца ўсім нам дае магчымасць развівацца, а моладзі — смела ісці наперад і думаць пра сваю будучыню ўпэўнена і спакойна.
— Звярніце ўвагу, сёння кіраўнік дзяржавы таксама працуе. Ён усім нам паказвае, што няма выхадных — ёсць заўсёды свята працы. Хтосьці з нас працуе дома, хтосьці прыбірае дачны ўчастак, — дадала Вольга Чупрыс. — Напярэдадні гэтага дня ў беларусаў прынята віншаваць ветэранаў працы, бо менавіта на іх дасягненнях будуецца наша сучаснасць. Гэта людзі, якія 30, 40, 50 гадоў адпрацавалі на адной вытворчасці і выхавалі наступныя пакаленні, перадалі ім свой вопыт.
Прадоўжыліся святкаванні непасрэдна ў парку Перамогі, дзе прайшло ўшаноўванне працоўных дынастый з усёй краіны і канцэртная праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады і творчых калектываў. На галоўнай сцэне першамайскіх мерапрыемстваў да ўшаноўвання далучыліся кіраўніцтва і дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў — у рамках рэспубліканскай акцыі «Жанчыны, якія стварылі эпоху» былі адзначаны сямейныя дынастыі, а гэта больш за 50 жанчын.
— Тое, што мы сёння маем, — нашу Беларусь — мы маем, дзякуючы стваральнай працы. Хто да нас ні прыедзе, усе кажуць — прыгожая, чыстая, краіна, якая развіваецца і робіць крок наперад кожны дзень. Развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва дамоў, дарог — гэта ўсё зроблена, дзякуючы працы і дзякуючы чалавеку працы. І гэты дзень якраз нам нагадвае ў чарговы раз: усё робіцца дзеля развіцця краіны, для дабрабыту і шчасця нашых грамадзян, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях Ірына КАСЦЕВІЧ. — Сёння мы невыпадкова ўшаноўваем сямейныя працоўныя дынастыі, якія прадстаўляюць 14 галін.

Гэта дынастыі ў прафесіі, дынастыі на прадпрыемстве, дынастыі ў галіне, якія складаюцца з 3, 4 і нават 5 пакаленняў. Гэта гонар, гэта адказнасць і гэта павага.
Як расказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО, за 2025 год у ФПБ з’явілася практычна 50 новых пярвічных прафсаюзных арганізацый, а гэта каля 10 тысяч чалавек, якія далучыліся, разумеючы значнасць, важнасць прафсаюзнага руху.
— Гэта новыя магчымасці, якія даюць калектыўныя дагаворы, новыя магчымасці для згуртавання калектыву, і працоўныя ў нашай краіне добра гэта разумеюць. У нас створаны ўсе ўмовы для таго, каб менавіта такім чынам аб’ядноўваць калектывы і дасягаць больш высокіх вынікаў, — падкрэсліў Юрый Сянько.
У сваю чаргу міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ адзначыў, што сёння ў ведамстве працуюць над карэкціроўкай Працоўнага кодэкса, закона аб ахове працы.
— Усе навелы сёння абмяркоўваюцца з Федэрацыяй прафсаюзаў, і ёсць поўнае паразуменне па змяненнях у гэтых законапраектах. Яны накіраваны на стваральную працу, на абарону, у першую чаргу, нашага работніка, стваральную працу ў бяспечных умовах.
Першамайскія пляцоўкі 15-ці галіновых прафсаюзаў прадставілі лепшыя дасягненні і новыя распрацоўкі прадпрыемстваў, майстэрства і творчасць работнікаў розных сфер дзейнасці. Акрамя таго, у наведвальнікаў пляцовак была магчымасць сфатаграфавацца на тэматычных фотазонах і нават прымерыць розныя прафесіі.

Напрыклад, прафсаюз «БЕЛПРАФМАШ» прадставіў выстаўку флагманаў машынабудавання: свае навінкі паказалі АМКАДОР, МАЗ, БЕЛДЖЫ і МТЗ. На пляцоўцы прафсаюза працаўнікоў сувязі РУП «Белтэлекам» і «Белпошта» разгарнулі выстаўку аўтатранспарту. МТС падрыхтаваў эксклюзіўную прэзентацыю. Прафсаюз работнікаў транспарту і камунікацый прадэманстраваў сучасны электробус і спецтэхніку, а Беларуская чыгунка, «Белавія» і Нацыянальны аэрапорт «Мінск» — самыя значныя дасягненні ў сваёй сферы. Адметнасцю сілавога блока стала паказальная праграма са службовымі сабакамі. Для дзяцей абсталявалі зоны з электрамабілямі і навучальнымі лакацыямі па пажарнай бяспецы.
А вось прафсаюз банкаўскіх і фінансавых работнікаў аб’яднаў інавацыі і вольны час: робат-мастак «AI Sketch Bot» намаляваў партрэт з дапамогай ШІ.
Прафсаюз ЖКГ і сферы абслугоўвання правёў конкурс цырульніцкага мастацтва «Беларуская прыгажуня». Белхімпрафсаюз прадставіў лакацыю «У саюзе з прыгажосцю» з квэстамі, віктарынамі і прызамі. Прадстаўнікі адукацыі і навукі правялі майстар-класы па стварэні памятных сувеніраў, а таксама прапанавалі мастацкі аквагрым для самых маленькіх наведвальнікаў.
На пляцоўцы прафсаюза работнікаў будаўніцтва гасцям прапанавалі сімулятары вежавага крана і экскаватара, майстар-класы па зварцы, дызайне шопераў і зборцы сувенірных дамоў.
Смак дзяцінства можна было адчуць на пляцоўцы прафсаюза работнікаў гандлю: пачаставацца фірмовым «Прафсаюзным сервелатам», свежым «Прафсаюзным хлебам», ліманадам «Дзюшэс» і пірожнымі з СССР. Для гасцей правялі розыгрыш падарункаў.

Працягнуў святочную праграму ў парку Перамогі канцэрт «Рабочы чалавек». Артысты беларускай эстрады і ўдзельнікі тэлевізійнага праекта «Зорны шлях» прапанавалі ў сваіх выступленнях 15 ключавых сфер дзейнасці нашай краіны.

Святкавалі ўсёй краінай
Першамайскія пляцоўкі 15 галіновых прафсаюзаў прадставілі лепшыя дасягненні і новыя распрацоўкі прадпрыемстваў, майстэрства і творчасць работнікаў розных сфер дзейнасці. Акрамя таго, у наведвальнікаў пляцовак была магчымасць сфатаграфавацца на тэматычных фотазонах і нават прымераць розныя прафесіі.
Шырокая праграма Свята працы прайшла па ўсёй краіне. Рэгіёны парадавалі маёўкамі, канцэртамі, інтэрактывамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. У Віцебску ў комплексе імя Савецкай Арміі адкрылася «Прафсаюзная пляцоўка магчымасцяў».
У Магілёве юных гасцей чакала акцыя «Прафсаюзы — дзецям» у парку атракцыёнаў. Гродна сустрэла свята маштабным «Забегам міру» на 1000 удзельнікаў, цырымоніяй «Памяць. Мір. Май», гарадскім святам «Ствараючы працай, натхняючы прыкладам» і інтэрактыўным падарожжам «Падарожжы з прафсаюзам у свет прафесій». Завяршыла дзень ушаноўванне сацыяльных партнёраў і працоўных дынастый «Працай прыгожы і слаўны чалавек!». У Гомелі праграма стартавала з лёгкаатлетычнага прабегу выхаванцаў прафсаюзных спартшкол. Гасцей таксама чакалі выстаўка «Турызм. Адпачынак. Аздараўленне — 2026», дабрачынная акцыя «Зробім добрыя справы разам», ушанаванне працоўных дынастый і канцэрт «На славу мірнай працы». Яркім фіналам стала водная рэгата «Мы разам!» на набярэжнай ракі Сож.
У Брэсце, у абласным Палацы культуры прафсаюзаў, ушаноўвалі пераможцаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Найлепшы ў прафесіі». А цэнтрам святкавання стаў гарадскі парк культуры і адпачынку.



Пазнаёміліся бліжэй з прадстаўнікамі дынастый
Сярод узнагароджаных у сталічным Парку Перамогі — дынастыя, якая прадстаўляе галіну сувязі. Яе агульны стаж — 260 гадоў. Пачынальнікам дынастыі стала Таццяна Мікалаеўна Кухарэнка, яна чатыры дзесяцігоддзі адпрацавала ў Чэрыкаўскім раённым вузле паштовай сувязі паштальёнам. А сёння яе ўнучка Ірына Ашырава працуе начальнікам сталічнага 115-га аддзялення паштовай сувязі. Усяго ў дынастыі 11 прадстаўнікоў звязалі свой працоўны лёс з галіной, якая адказвае за перадачу даных і забяспечвае надзейную сувязь.
Дынастыю чыгуначнікаў, адзначаных узнагародай, пачынаў Міхаіл Журавель, які працаваў спачатку машыністам паравоза, а затым — цеплавоза, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Яго дачка, Таццяна Немагай скончыла галіновую ВНУ і таксама ўсё жыццё працавала на чыгунцы. А сёння на стальной магістралі працуюць яе дочкі — у розных падраздзяленнях у Жлобіне і Гомелі. Такі ж працоўны шлях абрала і ўнучка, Таццяна Захарава. Пасля галіновай ВНУ яна займае пасаду інжынера ў канструктарска-тэхнічным цэнтры Беларускай чыгункі.
— Стаж нашай дынастыі пакуль 131 год, але гэта не мяжа, — усміхаецца Таісія Пархоменка, прадстаўніца трэцяга пакалення чыгуначнай дынастыі. — Усе члены нашай сям’і заўсёды сумленна выконвалі сваю работу, і прыемна, што сёлета працу нашай сям’і адзначылі такім чынам.
А вось медыцынская дынастыя з Гомеля налічвае чатыры пакаленні і 230 гадоў агульнага стажу. Яе пачынальнікам стала Тамара Лаўрэнцьеўна Салодкіна, якая скончыла сталічны медінстытут у 1939 годзе і ў хуткім часе накіравалася ў ваенны шпіталь, дзе і адпрацавала ўсю вайну. Дзве яе дачкі таксама сталі ўрачамі. А ўжо сёння медыкамі працуюць унучкі і праўнукі.
— На жаль, нашы мамы і бабуля не дажылі да сённяшняга дня, але мы з сястрой і нашы дзеці працягваем любімую сямейную справу і дапамагаем людзям. Мая пляменніца Настасся Рэзнікава працуе дзіцячым урачом-неўролагам, а мой сын, Пётр Варанцоў, — урач ультрагукавой дыягностыкі, мы з ім працуем у адной бальніцы, — расказвае Вольга Варанцова, урач Гомельскай гарадской бальніцы № 1. — Вельмі прыемна, што нашу працу і працу нашай бабулі і матулі заўважылі і адзначылі, бо сямейны стаж у нас ужо вялікі — 230 гадоў.
Алена Кравец
Фота Валерыя Картуля
Яркія лакацыі, вялікі велапрабег і адкрыццё сезона фантанаў. Магілёў адзначае свята працы
Шмат тэматычных лакацый і канцэртных пляцовак, вялікі велапрабег і адкрыццё сезона фантанаў — магіляўчане і госці абласнога цэнтра адзначаюць свята працы, перадае БелТА.
Па традыцыі старт святочным мерапрыемствам у горадзе дало адкрыццё абласной Дошкі гонару і ўзнагароджанне лепшых прадпрыемстваў і жыхароў вобласці, якія дасягнулі высокіх вынікаў па выніках 2025 года. Працягнулася свята на розных лакацыях, цэнтрам якіх стаў парк Падніколле. Тут і канцэртныя выступленні, і праца выязнога гандлю: вядучыя прадпрыемствы горада наладзілі сапраўдны баль. Шашлыкі, дранікі, каўбасы і мяса, прысмакі — нават самому спрактыкаванаму гурману ёсць, чым пачаставацца. Сёння ў парку можна набыць розныя вырабы ручной працы і сувеніры, цацкі і ўпрыгажэнні. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, людзей шмат: прычым як дарослых, так і дзяцей. І для кожнага знойдзецца тут занятак па інтарэсах: гульні, аквагрым, стварэнне розных вырабаў, квэсты і многае іншае.

Самай шматлікай і маштабнай падзеяй стаў вялікі гарадскі велапрабег- ён сабраў каля 10 тыс.удзельнікаў. Спартыўная падзея для горада ўжо традыцыйная, сёлета яна была прысвечана 85-годдзю гераічнай абароны Магілёва і Году беларускай жанчыны. Жанчыны-ўдзельніцы сёння прыцягвалі ўвагу ўсіх: яны не проста вырашылі пракаціцца па горадзе з добрым настроем, але яшчэ і стварылі максімальна эфектныя вобразы. Хтосьці ў сукенкі, у вянках, касцюмах, з кветкамі.
Яшчэ адным традыцыйным падзеяй стала адкрыццё сезона фантанаў. Усе фантаны ў горадзе зарабілі адначасова, чым выклікалі вялікае захапленне.
Працоўныя дынастыі ўшаноўвалі ў Гродне
Святочныя мерапрыемствы ў гонар 1 Мая ў Гродне пачаліся з «Забегу міру», у якім прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Затым гараджане ўсклалі кветкі да помніка савецкім воінам і партызанам у парку Жылібера. Ключавой падзеяй стала ўзнагароджанне, на сцэну падняліся прадстаўнікі 16 лепшых арганізацый вобласці, адзначаных за сацыяльнае партнёрства, а таксама 13 працоўных дынастый розных сфер.

Як адзначыў старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Аляксей, Свята працы для прафсаюзаў — гэта дзень, калі хочацца выказаць удзячнасць людзям працы: сямейным працоўным дынастыям, сацыяльным партнёрам і, што немалаважна, стварыць непаўторную атмасферу адзінства. «Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што без чалавека працы не было б ніякіх дасягненняў, няхай гэта будзе Сельская гаспадарка, электроніка, ахова здароўя або якія-небудзь іншыя прафесіі. Усюды стаіць чалавек працы», — сказаў ён.
Сёння ў парку Жылібера будзе актыўна да вечара. Тут арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі «На спартыўнай хвалі» і «Падарожжа з прафсаюзам ў свет прафесій». Таксама гараджан і гасцей горада над Нёманам радуюць выступамі творчыя калектывы.
У Гомелі ўшаноўвалі працоўныя дынастыі вобласці
Як было адзначана, ужо стала традыцыяй у Свята працы ўшаноўваць дынастыі рэгіёна — за шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм, дасягненне вытворчых паказчыкаў, пераемнасць пакаленняў, актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Клічкоўская адзначыла: Свята працы — дзень, які падкрэслівае глыбокую павагу да стваральнай працы, важнасць кожнай прафесіі і сувязі пакаленняў. «Менавіта Сумленная, добрасумленная праца застаецца падмуркам моцнай эканомікі і дабрабыту беларускага грамадства, а прафесійныя поспехі — падставай для гонару», — зрабіла акцэнт яна.
Залатым фондам прадпрыемстваў і арганізацый Алена Клічкоўская назвала працоўныя дынастыі. «Іх мінулае, сучаснасць і будучыня непарыўна звязаны з гісторыяй рэгіёна. За гады ў працоўных калектывах толькі нашага абласнога цэнтра вырасла больш за 100 працоўных дынастый. Іх асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё (горада, раёна, вобласці. — Заўв. БелТА), умацаванне дабрабыту прадпрыемстваў розных сфер народнай гаспадаркі — заўсёды ў цэнтры ўвагі прафсаюзаў», — падкрэсліла яна.