З гэтага года вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) уключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі.
З гэтага года вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) уключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі.
Чаму спецыялісты лічаць гэта сур’ёзным дасягненнем? Як перадаецца ВПЧ і ў чым яго галоўная небяспека? Чаму масавую прышчэпачную кампанію пачалі з 11-гадовых дзяўчынак? Размаўляем пра гэта з загадчыцай аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Веранікай Высоцкай.
Чым небяспечны ВПЧ
— ВПЧ упершыню быў адкрыты, выдзелены і апісаны ў XX стагоддзі. На сёння вядома больш за 200 яго тыпаў: кожны мае той нумар, які адпавядае парадку яго выяўлення, — расказвае Вераніка Станіславаўна. — Вірус папіломы чалавека — найбольш распаўсюджаны ўзбуджальнік інфекцый рэпрадуктыўнай сістэмы мужчын і жанчын. 8 з 10 чалавек (80 % насельніцтва) у той ці іншы момант жыцця інфіцыруюцца адным ці некалькімі тыпамі ВПЧ. Першы пік інфіцыравання адбываецца ва ўзросце да 25 гадоў, другі — адзначаецца ў жанчын пасля 40-45 гадоў. У большасці людзей, заражаных вірусам папіломы чалавека, захворванне праходзіць самастойна, без медыцынскіх умяшанняў.
— Але ёсць і тыя, каму не шанцуе. Многія ведаюць: ВПЧ напрамую звязаны з развіццём раку шыйкі маткі (РШМ). Якімі яшчэ наступствамі пагражае заражэнне гэтым вірусам?
— Адрозніваюць ВПЧ нізкаанкагеннага і высокаанкагеннага тыпаў. З нізкаанкагенных самыя распаўсюджаныя — 6 і 11-ы, якія выклікаюць востраканцовыя кандыломы (бародаўкі) геніталій: высоказаразнае захворванне, якое складана паддаецца лячэнню, але не прыводзіць да фатальных паталогій. Высокаанкагенныя тыпы ВПЧ выклікаюць рак шыйкі маткі, іншых вонкавых і ўнутраных палавых органаў у жанчын, рак анагенітальнай вобласці ў мужчын, а таксама рак галавы і шыі незалежна ад полу. Практычна ўсе выпадкі раку шыйкі маткі звязаны з інфіцыраваннем ВПЧ, у тым ліку 70 % усіх выпадкаў РШМ выкліканы двума самымі анкагеннымі тыпамі ВПЧ — 16-м і 18-м.
— Якім шляхам часцей за ўсё заражаюцца ВПЧ?
— Для інфіцыравання павінен адбыцца прамы кантакт скуры, слізістых або біялагічных вадкасцяў заражанага чалавека і здаровага. Асноўныя шляхі перадачы віруса — палавы, кантактна-бытавы (пры поцісках рук, пацалунках, калі ёсць пашкоджанні на скуры і слізістых), вертыкальны (перадача ад інфіцыраванай маці дзіцяці падчас яго праходжання па родавых шляхах), або самазаражэнне, калі чалавек пераносіць вірус з аднаго ўчастка цела, скуры або слізістых на іншы, напрыклад, пры галенні або эпіляцыі.
Адзіная надзейная абарона
— Як можна абараніць сябе ад ВПЧ?
— Толькі шляхам вакцынацыі. Ніякіх іншых спецыфічных (тых, што дзейнічаюць непасрэдна на вірус) надзейных спосабаў прафілактыкі ВПЧ на сёння няма. Усяго ў свеце зарэгістравана 6 вакцын супраць гэтага віруса: двух-, чатырох- і дзевяцікампанентныя. У склад кожнай з іх уваходзіць абарона ад 16 і 18-га тыпаў ВПЧ.
— Каго рэкамендавана прышчапляць супраць ВПЧ у першую чаргу?
— Паколькі асноўная задача ўсіх кампаній вакцынацыі супраць ВПЧ — абарона ад раку шыйкі маткі, то мэтавая аўдыторыя, зразумела, жанчыны. СААЗ ставіць задачу — ахапіць такімі прышчэпкамі да 2030-га ўсіх дзяўчынак да 15 гадоў. У свеце прафілактыка ВПЧ праводзіцца з 2006 года. У шэрагу краін ужо дасягнуты шырокі ахоп дзяўчынак ранняга падлеткавага перыяду, таму сёння разам з імі там прышчэпліваюць старэйшых дзяўчат, а таксама хлопчыкаў. У сучасных вакцын мінімальна дапушчальны ўзрост для прышчэпкі супраць ВПЧ — 9 гадоў. Ёсць вакцыны, дазволеныя да 45 гадоў, а для некаторых верхняя ўзроставая мяжа не рэгламентаваная.
— Якую катэгорыю і якой вакцынай пачалі прышчэпліваць з гэтага года ў нашай краіне?
— З кастрычніка ў Беларусі стартавала масавая кампанія вакцынацыі, падчас якой у школах і ў паліклініках па месцы жыхарства прышчэпліваюць дзяўчынак 2014 года нараджэння. Ім унутрымышачна ўводзіцца двухкампанентная вакцына «Цэкалін» (вытворчасць КНР). Курс — дзве дозы з інтэрвалам 6 месяцаў. Ніякіх паўторных рэвакцынацый не патрабуецца. Лічыцца, што імунітэт супраць ВПЧ патэнцыяльна захоўваецца пажыццёва.
— Чым абгрунтаваны выбар менавіта 11-гадовых дзяўчынак для масавай вакцынацыі супраць ВПЧ?
— Менавіта ў гэтым узросце прафілактычныя прышчэпкі выклікаюць найбольшы імунны адказ. Акрамя таго, гэта тлумачыцца неабходнасцю сфарміраваць устойлівасць супраць ВПЧ да таго, як чалавек падвяргаецца заражэнню, гэта значыць да сексуальнага дэбюту.
— Зразумела, што для вакцынацыі непаўналетніх патрабуецца згода бацькоў. Ці сустракаецца з іх боку супраціўленне?
— Мы сур’ёзна рыхтаваліся да пачатку вакцынацыі супраць ВПЧ-інфекцыі. Большасць дарослых сустракае яе з разуменнем. Працягваем даносіць інфармацыю аб карысці вакцынацыі.
— Масавая кампанія праводзіцца бясплатна. Але ж у нас не адзін год ужо можна зрабіць прышчэпку супраць ВПЧ на платнай аснове?
— Так, і ў паліклініках, і ў прыватных медцэнтрах можна за свой кошт прышчапіцца двухкампанентнай вакцынай «Цэрварыкс» ці чатырохкампанентнай «Гардасіл». Гэта мае сэнс зрабіць: вірусаў ВПЧ больш за 200, і ніхто з дарослых не застрахаваны ад заражэння яго высокаанкагеннымі тыпамі. Паступова ўзроставы калідор будзе пашырацца і для масавай вакцынацыі.
— Як пераносіцца «Цэкалін»? Ці ёсць нейкія супрацьпаказанні для такой прышчэпкі?
— Пераносіцца вакцына добра. Як пасля любой прышчэпкі магчымы некаторыя непажаданыя рэакцыі: прыпухласць, пачырваненне, балючасць у месцы ўколу, невялікае павышэнне тэмпературы. Але ўсе гэтыя праявы праходзяць на працягу трох сутак. Абсалютныя супрацьпаказанні да ўвядзення «Цэкаліну» — анафілактычная (алергічная) рэакцыя на кампаненты вакцыны і цяжарнасць. Часовыя абмежаванні — ВРВІ, грып, абвастрэнне хранічных захворванняў ці прыём прэпаратаў, якія ўплываюць на імунную сістэму.
Вольга Паклонская
Фота аўтара