Як паведаміла «Звяздзе» старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова, для прысваення Дзяржаўнага знака якасці былі распрацаваны і зацверджаны нарматыўныя дакументы, якія вызначылі апісанне і малюнак знака, а таксама крытэрыі і парадак яго прысуджэння:
— Скажу, што гэтая ацэнка — шматузроўневая і шматбаковая. Перш за ўсё, сам вытворца вызначаў прадукцыю, якая будзе прэтэндаваць на знак, праводзіў параўнальны аналіз паказчыкаў яе якасці з лепшымі айчыннымі або замежнымі ўзорамі.
Далей заяўкі накіроўваліся ў аблвыканкам або Мінскі гарвыканкам у залежнасці ад рэгіёна. Матэрыялы там таксама праходзілі адпаведную ацэнку. Пасля гэтага іх чакала экспертыза адказнымі органамі па пяці крытэрыях, згодна з гранямі знака якасці. Тут былі задзейнічаны: па бяспецы — Дзяржстандарт, экалагічнасці — Мінпрыроды, інавацыйнасці — ДКНТ, тэхналагічнасці — галіновыя міністэрствы і канцэрны.
Крытэрый эстэтычнасці ацэньвалі спажыўцы з дапамогай онлайн-галасавання. У гэтай ацэнцы ўзялі ўдзел амаль 50 тысяч чалавек.
Пасля ўсіх гэтых этапаў выніковыя матэрыялы разглядаліся рэспубліканскай атэстацыйнай камісіяй, створанай на ўрадавым узроўні. І гэтая праца была вельмі складанай. Дадам, што на знак якасці маглі прэтэндаваць харчовыя тавары, прамысловыя тавары для насельніцтва, прадукцыя вытворча — тэхнічнага прызначэння.
Знак якасці не прысвойваецца тытунёвым вырабам, нетытунёвым нікацінаўтрымліваючім вырабам, вадкасцям для электронных сістэм курэння, узбраенню і ваеннай тэхніцы, харчовым прадуктам, атрыманых з выкарыстаннем генетычна мадыфікаваных мікраарганізмаў, а таксама прадукцыі, да якасці якой прад’яўляліся прэтэнзіі кантрольна-наглядных органаў на працягу папярэдняга года.
Кіраўнік ведамства таксама паведаміла, што ўсяго ў выніку на першы ў гісторыі суверэннай Беларусі дзяржаўны знак якасці прэтэндавала 660 тавараў амаль 220 арганізацый-вытворцаў.
— Толькі 17 з іх ён быў прысуджаны. Прыемна, што ў іх ліку ёсць і тыя прадпрыемствы, якія мелі яго ў савецкі час. Традыцыі беларускай якасці моцныя і прымнажаюцца, — падкрэсліла Алена Маргунова. — І зусім хутка мы ўбачым пяцікутнік якасці на айчыннай прадукцыі. Хочацца пажадаць, каб яе станавілася больш з кожным годам.
Фота Дзяржстандарту