Па словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марата МАРКАВА, штодня ў сацыяльных сетках распаўсюджваецца паўтара мільярда адзінак фэйкавай інфармацыі.
Усяго ў Беларусі налічваецца 8,4 мільёна карыстальнікаў інтэрнэту, актыўных карыстальнікаў сацсетак — 7,6 мільёна, прычым 79 % насельніцтва карыстаецца інтэрнэтам штодня. Аўдыторыя сацсетак у краіне дадала амаль два мільёны чалавек у Беларусі толькі сёлета. Пры гэтым, як сведчаць апошнія звесткі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, 61,4 % апытаных поўнасцю давяраюць дзяржаўным СМІ. Гэта лічба, паводле слоў міністра, расце на працягу апошніх пяці гадоў і дэманструе якасць работы традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі — друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных.
Марат Маркаў таксама падкрэсліў, што штучны інтэлект і сацыяльныя сеткі не з’яўляюцца замежным злом, а ўяўляюць сабой інструмент, якім, на яго думку, сучасным журналістам неабходна навучыцца карыстацца: «Свабода прэсы, свабода СМІ павінна быць падпарадкавана галоўным патрэбам цэласнасці дзяржавы. А ўлада — гэта не святая данасць, а механізм, які трэба ўмець абараняць. Давайце вучыцца абараняць нашу краіну, у тым ліку такімі сучаснымі метадамі».
Аміна НАЗАРАВА
Фота Ксеніі ЛІННІК