Адной з навінак «Марафона адзінства» стала медыцынская выстаўка «Беларусь. Медыцына. Будучыня». Яна праходзіць з 21 па 25 студзеня ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. І для ўсіх ахвотных гэта магчымасць убачыць будучыню медыцыны, якая мяняецца на нашых вачах.
На выстаўцы прадстаўлены медыцынскія манекены, навучальныя трэнажоры і сімулятары па ўсіх напрамках медыцынскай дзейнасці, інавацыйныя распрацоўкі ў галіне медыцыны і фармацыі — антысептычныя і лекавыя сродкі, ТЕСТ-сістэмы, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх напрамках лячэбнага і дыягнастычнага працэсаў, медыцынскае абсталяванне, якое прымяняецца ў кардыяхірургіі, нейрахірургіі, траўматалогіі, стаматалогіі, афтальмалогіі, гінекалогіі, анестэзіялогіі і рэанімацыі, распрацоўкі пераможцаў праекта «100 ідэй », перасоўныя медыцынскія комплексы.
— Выдатна, што ва ўсіх мінчан ёсць магчымасць пазнаёміцца з распрацоўкамі БДМУ. Некаторыя створаны ў сааўтарстве з вядучымі медыцынскімі ўстановамі сталіцы. Зацікавіць усё — ад навінак у сферы стаматалагічнай дапамогі да стварэння лекавых прэпаратаў. Дарэчы, шмат што адлюстравана ў падручніках, якія выпускаюць выкладчыкі ВНУ. Кнігі таксама прадстаўлены. Наведвальнікаў сапраўды прыцягне стэнд, дзе можна адпрацаваць навыкі аказання першай дапамогі на манекенах і фантомах. І гэта толькі малая частка таго, чым можа ганарыцца беларуская медыцына, — адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў.Напрыклад, беларускае імпартазамяшчэнне прадставіў РУП «Медтэхнацэнтр» — гэта новая, распрацаваная беларускімі спецыялістамі каталка, а таксама крэсла для хуткай дапамогі і крэсла донара. Свае распрацоўкі прэзентавалі і фіналісткі рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі» студэнтка 3 курса стаматалагічнага факультэта БДМУ Паліна Вавула і студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта БДМУ Яна Трухановіч.
Фота Віктар Іванчыкаў