Top.Mail.Ru

Манеты-барацінкі знайшлі на тэрыторыі руін манастыра бернардзінак у Брэсце

У Брэсце падчас кансервацыі руін манастыра бернардзінак сабраны масіў каштоўных гістарычных артэфактаў. Пра гэта паведамілі БелТА ў Брэсцкім гарвыканкаме.

Руіны манастыра бернардзінак знаходзяцца на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Рэстаўратары з канца цяперашняй вясны займаюцца кансервацыяй руін. Праект, у прыватнасці, прадугледжвае ўзмацненне перакрыццяў і падмурка, рэстаўрацыю сцен і падлог. Рабочыя натыкаюцца на розныя артэфакты. Падчас археалагічных наглядаў было сабрана шмат матэрыялу, звязанага з сярэднявечнай гісторыяй Брэста, а таксама з гісторыяй Новага часу. 

«У прыватнасці, выяўленыя фрагменты керамікі (гаворка ідзе пра кафлі), а таксама індывідуальныя знаходкі. Цікавасць сярод іх уяўляюць, вядома ж, манеты. У першую чаргу манеты 60-х гадоў XVII стагоддзя, якія называюцца барацінкі. Яны чаканіліся на манетным двары Брэста, які, паводле архіўных дакументаў, можам з упэўненасцю казаць, што знаходзіўся ў межах мужчынскага манастыра бернардзінаў. Не выключаем, што гэтыя манеты якраз паходзяць з нашага манетнага двара», — сказаў доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Аляксандр Башкоў. 

Таксама зроблены іншыя гістарычныя знаходкі. Навукоўцы разлічваюць, што яны дазволяць больш дэталёва даследаваць тэрыторыю і стануць падмогай для далейшых археалагічных работ на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці.

Напрыклад, у адным з памяшканняў на першым паверсе рэстаўратары натыкнуліся на шкляныя колбы, бутэлькі, ампулы з празрыстай вадкасцю. Іх перадалі для аналізу экспертам-хімікам упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці. На даследаванне паступіла каля тысячы розных ёмістасцяў. Спецыялісты ўстанавілі склад вадкасцяў. Імі аказаліся кадэін, марфін, барбітал, якія выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах, а таксама камфара, фенол і кафеін. Крыміналісты падчас балістычнай экспертызы даследавалі знойдзеныя савецкія і нямецкія патроны. Для стральбы яны непрыдатныя.

Ідзе збор усіх артэфактаў, знойдзеных у руінах манастыра бернардзінак. У будучыні там плануюць стварыць музейную прастору. 

Манастырскі комплекс бернардзінцаў на брэсцкай зямлі заснавалі ў XVII стагоддзі. У розныя перыяды гістарычныя будынкі былі прыстасаваны пад розныя патрэбы. З пачатку 1990-х гадоў гэты аб’ект не выкарыстоўваўся.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю