У Беларусі паступова фарміруецца нацыянальная стартап-экасістэма. З мэтай маніторынгу і развіцця інавацыйнага асяроддзя арганізоўваюцца конкурсныя праграмы, працуюць бізнес-інкубатары, дзейнічаюць прэферэнцыйныя рэжымы. На думку экспертаў, настаў час сінхранізаваць асобныя ініцыятывы і выбудаваць сістэму падтрымкі малога інавацыйнага бізнесу. Пры гэтым ключавую ролю ў працэсе прасоўвання прагрэсіўных ідэй могуць адыграць буйныя гульцы рынку. Узяўшы на сябе ролю стратэгічных партнёраў смелых маладзёжных праектаў, флагманы здольны паскорыць стварэнне прарыўных рашэнняў і тэхналогій і атрымаць імпульс для ўласнага экспанентнага росту.
Студэнцкае асяроддзе — тая самая плённая глеба, на якой актыўна ўзыходзіць насенне інавацыйнай эканомікі заўтрашняга дня. Згодна з шэрагам сац-
апытанняў, больш за 40 працэнтаў навучэнцаў ВНУ звязваюць сваю будучыню з прадпрымальніцтвам. Каля 10 працэнтаў ужо ўцягнуты ў працэс стварэння крэатыўных кейсаў. Важна, каб гэтыя ініцыятывы змаглі трапіць на пляцоўкі, дзе ім дапамогуць вырасці ў паўнацэнныя бізнес-праекты. Трансфармацыя перспектыўнай ідэі ў рынкавы прадукт можа быць паскорана за кошт сінергіі творчасці маладых прадпрымальнікаў з рэсурсамі вопытных паспяховых бізнесменаў. Як гэта часта адбываецца ў сусветнай практыцы, флагманы могуць з’яўляцца адначасова і фундатарамі, і спажыўцамі інавацыйных рашэнняў.
Адзін з варыянтаў прадукцыйнага нэтворкінгу прапаноўвае ААТ «Белаграпрамбанк» у фармаце рэспубліканскай конкурснай праграмы «Стартап-марафон». Сёлета банкаўская інкубацыйная праграма падтрымкі маладых талентаў адзначае 5-гадовы юбілей.
— Ствараючы ўласнае стартап-асяроддзе, банк вырашае адразу некалькі задач, — пасвячае ў сутнасць карпаратыўнай стратэгіі росту начальнік упраўлення развіцця экасістэмы ААТ «Белагра-прамбанк» Вікторыя Барысевіч. —
- Па-першае, дапамагаючы перспектыўным маладым камандам развівацца, мы гадуем сваіх кліентаў. На стадыі ідэі бяром пад крыло найбольш цікавыя стартапы і вядзём іх да моманту маштабавання. Адчуваючы надзейнае плячо на ўсім шляху «сталення», адужэлыя стартап-каманды і ў далейшым выбіраюць банк у якасці надзейнага фінансавага партнёра. Падчас дзевяцімесячнага марафону ўдзельнікі праходзяць праз адукацыйны модуль, этап акселерацыі і, нарэшце, фінішуюць прэзентацыяй сваіх дасягненняў на Рэспубліканскім дэма-дні. На працягу ўсёй праграмы стартап-марафон працуе як эфектыўная камунікацыйная пляцоўка, на якой прадпрымальнікі-пачаткоўцы могуць завязаць карысныя кантакты з патэнцыяльнымі інвестарамі і спажыўцамі сваіх распрацовак. Фінальны дэма-дзень традыцыйна збірае шырокую аўдыторыю прадстаўнікоў бізнес-асяроддзя, у тым ліку кліентаў нашага банка. Строгаму, але добразычліваму «журы» пераможцы конкурсу дэманструюць свае рашэнні, тэхналогіі і вынікі росту. І гэта рэальны шанц для фаўдэраў стартапаў знайсці моцнага партнёра, які дапаможа вывесці праект, які зацікавіў яго, на траекторыю далейшага развіцця. Можна прывесці прыклад удалай калабарацыі аднаго з вядучых прадпрыемстваў Гомельшчыны з мясцовай камандай маладых спецыялістаў у галіне робататэхнікі. Знаёмства на пляцоўцы марафону вылілася ва ўкараненне ўнікальнага для нашай краіны рабатызаванага комплексу ў буйную вытворчасць.
Адна з умоў паспяховага старту — запатрабаванасць ідэі рынкам. Штогод у сярэднім на ўдзел у конкурсе падаецца прыблізна 150–180 заявак. З іх на марафонскую дыстанцыю выходзіць дзве трэці праектаў. Да фіналу даходзяць 20–25 найлепшых рашэнняў з шырокімі перспектывамі маштабавання. Пераможцамі становяцца самыя матываваныя і настойлівыя. І хоць частка стартапаў прызнаецца неперспектыўнымі, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню маладзёжных каманд і прадпрымальнікаў у канкурсантаў, якія падаюць надзеі, ёсць магчымасць працаўладкавацца ў кампаніі сваіх бізнес-трэкераў або атрымаць добрую рэкамендацыю ў далейшым.
Вельмі важна, на думку арганізатараў стартап-марафону, забяспечыць бесперапыннасць падтрымкі інавацыйных праектаў на ўсім шляху росту. Фінішаваўшы ў інкубацыйнай праграме банка, маладыя кампаніі павінны дзесьці «прызямляцца». Найбольш аптымальны варыянт — стаць рэзідэнтам тэхнапарка і знайсці свайго інвестара. Нядаўна Парк высокіх тэхналогій анансаваў адкрыццё венчурнай акадэміі і ўжо пачаў навучанне патэнцыяльных фундатараў карэктнаму фінансаванню. З аднаго боку, такога роду ўкладанні — рызыка, з другога — шанц. Паўсюдна ў свеце стартапы знаходзяцца ў авангардзе распрацоўкі новых тэхналогій і нестандартных бізнес-мадэляў. Такія мініяцюрныя структуры валодаюць гнуткасцю і здольныя хутчэй і танней ствараць высокамаржынальныя прадукты, чым «непаваротлівыя» гіганты. Альянс з кампаніямі-пачаткоўцамі для буйных гульцоў выгадны для паскарэння ўнутраных інавацый. А з макраэканамічнага пункту гледжання, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця стартап-руху — залог захавання і прымнажэння чалавечага патэнцыялу краіны.
Таццяна ШЧАДРАНОК