За перамогу ў пятым сезоне рэспубліканскага прававога турніру «Сіла закона: мы і права» будуць змагацца 13 маладзёжных каманд з усёй Беларусі. Заключны тур пройдзе 29 красавіка ў Мінску, расказаў першы сакратар ЦК БРСМ Уладзімір Паўлоўскі, паведамляе БелТА.
У рэспубліканскім фінале па выніках інтэлектуальна-прававых гульняў будуць сапернічаць 13 маладзёжных каманд (усяго 65 чалавек): 7 каманд прадстаўляюць навучэнскую моладзь (навучэнцы каледжаў) і 6 — студэнцкую. Мэта мерапрыемства — павысіць цікавасць удзельнікаў да пытанняў прававой культуры і асноваў права.
«Падчас спаборніцтваў, якія пройдуць у фармаце гульні, камандам трэба выканаць 45 тэматычных тэстаў і адкрытых заданняў на лагічнае мысленне. Ім трэба аналізаваць прававыя сітуацыі, разгорнута адказваць на пытанні па розных тэматыках, у тым ліку аб дзяржаўным ладзе, прававых асновах, гісторыі права, адукацыі, маладзёжнай палітыцы і працаўладкаванні моладзі. Пераможцы будуць адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі», — расказаў Уладзімір Паўлоўскі.
Арганізатарамі пятага сезона рэспубліканскай інтэлектуальна-прававой гульні «Сіла закона: мы і права» выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства адукацыі, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта пры падтрымцы Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі, а таксама Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.
«Удзельнікі сустрэнуцца з прадстаўнікамі Канстытуцыйнага Суда Беларусі і ім правядуць азнаямленчую экскурсію па залах суда. Моладзь таксама ўскладзе кветкі да помніка вызваліцелям Мінска. Апроч гэтага, фіналісты атрымаюць унікальную магчымасць азнаёміцца з перасоўнай крыміналістычнай лабараторыяй і ўжывую ўбачыць тое, што звычайна паказваюць у фільмах і апісваюць у кнігах. А потым яны наведаюць музей Следчага камітэта Беларусі», — падзяліўся Уладзімір Паўлоўскі.
Як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ, у Беларусі прававая асвета моладзі выступае адной з асноўных задач дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. «Гэта стала адным з вядучых напрамкаў стратэгіі развіцця арганізацыі. Цяпер БРСМ сумесна з інстытутамі права вядзе актыўную работу па прававой асвеце ўсіх удзельнікаў маладзёжнага асяроддзя ў даступнай форме», — канстатаваў ён.