Top.Mail.Ru

Маладыя супрацоўнікі сістэмы сацабароны наведалі Палац Незалежнасці

На экскурсію прыехалі больш чым 130 маладых перспектыўных кіраўнікоў і спецыялістаў галіны з усёй краіны. Многія з іх — пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і рэгіянальных аглядаў-конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў і акцый. Іх неабыякавасць і жаданне развівацца ўжо зрабілі іх нефармальнымі лідарамі ў сваіх калектывах. І прафесію яны выбралі, як кажуць, па поклічы сэрца — яшчэ ў школе займаліся валанцёрскай дзейнасцю ў рамках сацыяльнага абслугоўвання, дапамагалі ў тэрытарыяльных цэнтрах.


Перад пачаткам экскурсіі адбылася невялікая нефармальная цырымонія, галоўнай гераіняй якой стала маладая таленавітая мастачка Вікторыя Перапеча з гарадскога пасёлка Воранава Гродзенскай вобласці. Дзяўчына нарадзілася ў 1987 годзе і з дзяцінства захаплялася жывапісам. Адметнасць творчасці Вікторыі — яна піша свае карціны нагамі! Яе яркія карціны кранаюць сэрца, бо ў кожнай з карцін бачна душа гэтай далікатнай і жыццярадаснай дзяўчыны, якая, нягледзячы на праблемы са здароўем і інваліднасць І групы, укладвае часцінку сябе ў кожны свой твор. Свой талент дзяўчына раскрыла ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Воранаўскага раёна, дзе ёй і дапамагаюць прасоўваць творчасць праз розныя выставы.

Вікторыя прыехала з падарункам — карцінай, на якой алоўкам намаляваны Палац Незалежнасці. Цікавы момант: калі мастачка ўвайшла ў Палац, то вельмі расхвалявалася, што адлюстравала не ўсе дэталі будынка. Аднак на самай справе твор адлюстроўвае асабістае бачанне, тым больш што на ім Вікторыя зрабіла яшчэ і надпіс пра тое, што сваю карціну стварала з душой.

Работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Воранаўскага раёна Данута Матылёнак, якая суправаджала мастачку, крыху расказала пра гісторыю Вікторыі: «Яна сёння знаходзіцца тут дзякуючы свайму таленту. Віка выдатна малюе. Калі яна прыйшла ў наш цэнтр некалькі гадоў таму, то была вельмі скаваная, казала, што нікому не патрэбная і нікому не патрэбныя яе работы. Аднак час паказаў, што гэта не так. Карціны Вікторыі ўдзельнічалі ў выставах і атрымалі вялікае прызнанне. Хачу заўважыць, што, дзякуючы добраму развіццю ў нашай краіне сацыяльнай сферы, падтрымцы дзяржавы і Прэзідэнта, людзі з інваліднасцю маюць магчымасці праяўляць свае таленты, развівацца, дамагацца перамог у розных сферах. Арганізуюцца і розныя фестывалі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Увогуле, таленавітым людзям з абмежаванымі магчымасцямі ствараюцца ўмовы для іх самарэалізацыі. І ў гэтым перш за ўсё заслуга Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які вялікае значэнне надае ў тым ліку падтрымцы найбольш уразлівых слаёў насельніцтва».

Дарэчы, у студзені прайшло прафесійнае свята — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Таму наведванне Палаца Незалежнасці для іх — свайго роду падарунак да гэтай даты. Важна, што ў сферы сацыяльнай абароны краіны працуе шмат моладзі, прычым па розных кірунках: медыцынскія работнікі, эканамісты, юрысты, бухгалтары і, вядома, сацыяльныя работнікі. Усяго ў сістэме сацыяльнай абароны працуе каля 40 тысяч чалавек, з іх каля трох тысяч — маладыя спецыялісты, пры гэтым 102 маладыя чалавекі займаюць кіруючыя пасады.

Самі экскурсанты заўважылі, што ў краіне комплексна падтрымліваюць маладых спецыялістаў, якія прыйшлі працаваць у бюджэтную сферу. У прыватнасці, рост базавай стаўкі і павелічэнне са студзеня гэтага года памераў надбавак работнікам устаноў сацыяльнага абслугоўвання.

Пасля кранальнага ўручэння падарунка — непасрэдна экскурсія. Традыцыйна яна пачынаецца з залы ўрачыстых цырымоній, дзе праводзяцца найбольш знакавыя ўрачыстасці з удзелам кіраўніка дзяржавы. Большасць гасцей упершыню наведвалі Палац Незалежнасці, і зразумела, што эмоцыі проста зашкальвалі. Экскурсанты спачатку нясмела аглядалі інтэр’еры будынка, які раней бачылі толькі па тэлевізары. Але літаральна праз некалькі хвілін ужо ўпэўнена пачыналі вывучаць усе дэталі Палаца, працятыя беларускімі лейтматывамі, элементамі слуцкіх паясоў.

Экскурсанты паступова пераходзілі з залы ў залу, робячы шмат фатаграфій, сэлфі, некаторыя адразу адпраўлялі захаванае родным і сябрам. Вялікую цікавасць выклікала Зялёная зала, якая набыла сусветную вядомасць у лютым 2015 года. Перагаворы «нармандскай чацвёркі» ішлі тады вельмі напружана. Наведвальнікам расказалі шмат цікавых падрабязнасцяў пра іх, якія ўразілі маладых сацработнікаў. Між іншым, многія з іх былі здзіўлены тым, што ўся мэбля ў залах Палаца беларускай вытворчасці: стол — «Бабруйскмебелі», крэслы — «Пінскдрэва», канапы — з Маладзечна.

26-гадовая Дар’я Жук з Валожына — кіраўнік гуртка па адаптыўнай фізкультуры тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. Яна адзначыла, што ёй вельмі спадабаўся Палац Незалежнасці, у якім адлюстраваны веліч і магутнасць краіны, таленты беларускіх спецыялістаў. Распавяла яна і пра сваю працу: «Мае падапечныя — маладыя і дарослыя людзі з інваліднасцю І і ІІ групы. Я працую чатыры гады. Галоўнае — разумець спецыфіку работы і з разуменнем ставіцца да людзей, якім так нялёгка ў жыцці». 

Уражаная ўбачаным на экскурсіі спецыяліст па сацыяльнай рабоце з Капыля Наталля Арцюшэўская адзначыла: «Тут вельмі прыгожа, гэта сапраўды візітная картка нашай краіны. Палац увасабляе магутнасць. Радуецца сэрца, што ў нас так шмат таленавітых спецыялістаў. Вядома, наша Беларусь — гэта выдатная краіна таленавітых людзей».

Неўзабаве экскурсія завяршылася. Але ўражанні ад яе ў моладзі застануцца яшчэ на доўгі час.

Паводле БелТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю