Маладзёжны форум «Давер побыт прафесіяналам» сабраў у Мінску больш за 50 маладых людзей, каб абмеркаваць пытанні прэстыжу і развіцця прафесій службы быту, гарантыі для маладых спецыялістаў з прадстаўнікамі як Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання, так і галіновага ведамства.
Гэта адно з першых мерапрыемстваў, якое рэалізуецца ў рамках нядаўна падпісанага дагавора паміж галіновым прафсаюзам і Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Форум прайшоў у знакавым для кожнага беларуса месцы — Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэча з кіраўніцтвам Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і галіновага прафсаюза адбылася пад лозунгам «Ведаеш краіну — ствараеш будучыню». Сярод экспертаў на дыялогавай пляцоўцы выступіла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская. Яна расказала аб рабоце ведамства, спецыфіцы сферы паслуг, у тым ліку ў вёсцы, нюансах абароны правоў спажыўцоў.
У сваю чаргу старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Юрый Дарагакупец адзначыў, што важнасць форуму ў тым, каб паказаць маладым людзям, якія прыходзяць на сваё першае рабочае месца, што яны не засталіся сам-насам са сваімі пытаннямі. У планах — часцей праводзіць такія сустрэчы і ўжывую абмяркоўваць актуальныя для моладзі пытанні.
— На дыялогавых пляцоўках мы гаворым і аб настаўніцтве, і аб падтрымцы работнікаў, аб тых нормах, якія існуюць у калектыўных дагаворах, аб актуальных кірунках работы з маладымі людзьмі, іх уцягванні ў грамадскае жыццё. Так, мы дамагаемся, каб кожная арганізацыя ўносіла ў калектыўны дагавор палажэнні, якія б матывавалі моладзь заставацца на працоўных месцах. Матэрыяльная падтрымка, забеспячэнне жыллём, культурна-спартыўная работа, магчымасць самарэалізацыі — гэта тое, што для моладзі вельмі важна. І мы тут падстаўляем плячо, — звярнуў увагу Юрый Дарагакупец.
На сустрэчы з моладдзю генеральны дырэктар ДА «Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці» Юрый Бібік расказаў аб спецыфіцы аказання бытавых паслуг у сельскай мясцовасці. Ён падзяліўся, як выконваюцца сацыяльныя стандарты ў сферы «бытоўкі» і вопыце ўкаранення дадатковай прылады для аказання паслуг на якасным узроўні.
Удзельнікі маладзёжнага форуму не саромеліся задаваць пытанні, узнімаць праблемныя тэмы, дзяліцца меркаваннямі і ўносіць прапановы. Форум стаў унікальнай магчымасцю не толькі атрымаць новыя веды, але і заявіць пра сябе, зазначае прафсаюзная моладзь.
— Я ў захапленні ад форуму. Было цікава пазнаёміцца і абмяняцца вопытам з калегамі, паразмаўляць з кіраўніцтвам галіновага прафсаюза і міністэрства, наведаць знакавыя месцы Мінска. Дадому вязу шмат новай і карыснай інфармацыі, добры настрой і прыемныя ўражанні, — адзначыла эканаміст Бераставіцкага быткамбіната Мішэль Пярко.
Алена КРАВЕЦ