Top.Mail.Ru
79

Маладыя спецыялісты расказалі пра жыццё і працу ў гарадскім пасёлку

На сваім месцы

Тэма першага працоўнага месца, на мой погляд, ніколі не перастане быць актуальнай. Гэта важная мяжа ў жыцці кожнага чалавека, за якой пачынаецца вялікі і цікавы шлях. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці паразмаўляла з маладымі ўрачамі аб іх жыцці і працы ў Карэлічах. Цікавы факт: за адной з маіх гераінь з абласнога цэнтра ў невялікі населены пункт пераехаў муж.

Дапамагаць людзям

Карэлічы — ціхае, спакойнае мястэчка, па-хатняму ўтульнае. Уражанні засталіся самыя прыемныя, да таго ж у дзень паездкі вуліцы былі залітыя сонцам. З нецярпеннем ішла ў Карэліцкую цэнтральную раённую бальніцу, было цікава пагутарыць з маладымі ўрачамі. Спачатку пазнаёмілася з псіхіятрам-нарколагам Віялетай Базыльчык. Родам яна са Свіслацкага раёна. Вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Дзяўчына кажа, што на выбар прафесіі паўплывалі два фактары. У школе ў яе было добра з біялогіяй, яна выдатна разумела прадмет і захаплялася ім. Другі фактар — хацелася дапамагчы блізкаму чалавеку.

— Мяне заўсёды цікавіла гэта тэматыка. Псіхіятрыя — шырокая і разнастайная вобласць. Хацелася разабрацца. Да таго ж мне самой прыйшлося сутыкнуцца з рознымі цяжкімі сітуацыямі. Вельмі складана праходзіў падлеткавы перыяд. І я праз усё гэта прайшла, выдужала... Цяпер мне хочацца дапамагаць іншым, стаць апорай тым, хто сутыкнуўся з цяжкімі сітуацыямі і страціў арыенцір. Думаю, нездарма кажуць, што тыя, хто ідуць у гэту сферу, хочуць дапамагчы сабе ці родным людзям, — разважае Віялета.

У Карэліцкім раёне дзяўчына аказалася па размеркаванні. Паколькі яна не мэтавік, загадзя не ведала, дзе будзе працаваць. Віялета шчыра прызнаецца, што першапачаткова не ўзрадавалася свайму месцу размеркавання. Да выхаду на працу настрой быў нават крыху песімістычны, але ўсё аказалася не так, як яна сабе ўяўляла.

— У нас вельмі добры калектыў. А гэта адыгрывае ключавую ролю ў паспяховай адаптацыі. Мне дапамагалі мае медсёстры, старэйшыя калегі. Так, напачатку было цяжка: новае месца, незнаёмыя людзі, вялікая загружанасць. Але я не адчувала сябе кінутай на волю лёсу і з усім змагла справіцца. Усё склалася ўдала, я ўлілася ў работу, хоць часам прыходзіць думка ў галаву: «Ого, я ўрач!» — усміхаючыся дзеліцца мая суразмоўніца. — У мяне ў цэлым добрыя адносіны з пацыентамі, і я рада, што мне ўдаецца ім дапамагчы.

Акрамя таго, Віялеце і сам раён спадабаўся. Кажа, што ўсё неабходнае для жыцця тут ёсць, а калі ёй захочацца ў горад пабольш, яна можа сесці ў сваю машыну і паехаць. У яе ўжо сфарміравалася кола зносін, і ў цэлым жыццё наладзілася. Адміністрацыя бальніцы дапамагла з арэндным жыллём і яго добраўпарадкаваннем.

Ёсць жаданне застацца

Паліна Дзяніска працуе ўрачом-псіхатэрапеўтам. Дзяўчына — сакурсніца Віялеты. Сама родам з Зэльвенскага раёна. Яе не палохала праца ў рэгіёне, вельмі хацелася застацца ў Гродзенскай вобласці. Маладога ўрача тут вельмі чакалі, бо стаўка псіхатэрапеўта была даўно вольная.


— У прафесію мяне прывяла цікавасць да чалавечай псіхікі. Тут вялікае поле для вывучэння! Прычым гэта цікавасць са мной даўно. Так, я разглядала фармацэўтыку як варыянт, але сэрца больш адгукнулася на работу з чалавечымі душамі, ды і шанцы на паспяховае паступленне былі вышэйшыя. Абсалютна не шкадую аб сваім выбары. Вучыцца было цікава, і падчас вучобы я зразумела, што гэта сапраўды мая сфера.

Паліна — гэтак жа, як і Віялета — не засталася без падтрымкі калектыву. Ужо паспела палюбіць жыхароў раёна і таксама атрымала арэнднае жыллё. А яшчэ каласальная падтрымка паступае ад мужа дзяўчыны, які заўсёды гатовы падставіць плячо. Ажаніліся, калі Паліна вучылася ў інтэрнатуры.

— Я не раз у яго пыталася, ці сапраўды ён упэўнены, што гатовы пераехаць. Усё ж у Гродне ўжо жыццё было наладжана. Але ён цвёрда вырашыў ехаць за мной. Сказаў, што гэта яму ніякіх нязручнасцяў не дастаўляе. Муж падтрымлівае мяне, а я — яго, разам мы адпачываем душой. Яму таксама спадабаліся Карэлічы, працуе ў раённай газеце, і ў яго ўсё выдатна атрымліваецца. Ёсць жаданне зрабіць свой унёсак у развіццё раёна, медыйнай прасторы.

Муж і жонка разглядаюць варыянт застацца ў Карэлічах. Яны абодва бачаць шляхі сваёй рэалізацыі тут. А яшчэ ім вельмі хочацца дом ці дачу, каб пасадзіць агарод. Ёсць цяга да зямлі.

«Не трэба баяцца...»

У мяне ёсць своеасаблівая традыцыя: прашу ўсіх маладых спецыялістаў даць параду тым, хто яшчэ толькі рыхтуецца прыступіць да працы. Моладзь заўсёды кажа правільныя рэчы — так, яны крыху дубліруюцца, але добрую думку можна і паўтарыць. Першай у размову ўключылася Віялета:

— Не трэба баяцца памыляцца і задаваць пытанні. Таму што лепш некалькі разоў спытаць, чым потым шкадаваць аб зробленым. Не варта быць занадта самаўпэўненымі, а калі ёсць нейкія сарамлівасць і страх — пераадольвайце. Прыміце той факт, што перыяд адаптацыі ўсё роўна будзе, і не трэба намагацца ўсё спасцігнуць зараз.

Да адказу далучылася Паліна:

— Я згодна з Віялетай, сапраўды страх або залішняя ўпэўненасць у сабе могуць нашкодзіць. Таму трэба трымаць сувязь са старэйшымі калегамі. Думаю, таксама важна не настройваць сябе на дрэннае.

Дзяўчаты адзначаюць, што праца ў раёне аказалася значна лепшай, чым яны думалі. Да таго ж тут атрымліваеш значна больш досведу. Так, аб’ём работы немаленькі, але гэта дазваляе пабудаваць моцны падмурак для будучай кар’еры.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіваў гераінь

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю