Top.Mail.Ru

Максіму Багдановічу прысвячаецца

У 2026 годзе Беларусь будзе адзначаць 135-годдзе з дня нараджэння класіка сусветнай паэзіі Максіма Багдановіча, аўтара адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў «Вянок».


У апошні час пабачылі свет новыя кнігі з перавыданнем паэтычных твораў М. Багдановіча — у Выдавецкім доме «Звязда», выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Беларусь». Выдадзены ў чарговы раз і факсімільны варыянт «Вянка». Дарэчы, лік факсімільных выданняў вядомай усім беларусам кнігі ўжо перасягнуў за дзесяць.

Саюз пісьменнікаў Беларусі распачынае праект «Максім Багдановіч на мовах народаў свету». Сябры беларускай літаратуры ў розных краінах нашай планеты займаюцца перакладам неўміручых радкоў на сваю родную мову. Найбольшую ўвагу перакладчыкаў прыцягнулі вось гэтыя словы: «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы / У ціхую сінюю ноч / І сказаць: / «Бачыце гэтыя буйныя зоркі, / Да іх ляціць наша сонца, / І нясецца за сонцам зямля. / Хто мы такія? / Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс. / Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч, / Калі ўсе мы разам ляцім / Да зор?».

Іх ужо пераклалі на ўзбекскую (Рысалат Хайдарава), азербайджанскую (Флора Наджы), башкірскую (Зульфія Хананава), марыйскую (Святлана Грыгор’ева), якуцкую (Наталля Харламп’ева), нагайскую (Анварбек Култаеў), кітайскую (Хань Сяае), чувашскую (Валеры Тургай) і іншыя мовы.

Па выніках перакладчыцкай работы будуць, несумненна, і публікацыі, а таксама ў Доме літаратара ў Мінску пройдзе вялікі творчы вечар «Максім Багдановіч на мовах народаў свету». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Чытайце таксама: Беларуская класіка гучыць на мовах народаў Садружнасці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю