«Мы павінны рабіць усё, каб жанчына была шчаслівая»
Пытанне нараджэння дзяцей, а значыць, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, заўсёды знаходзіцца пад пільнай увагай Аляксандра Лукашэнкі. Дадатковыя меры падтрымкі, якія яшчэ гатова прадаставіць дзяржава для таго, каб дзяцей у краіне станавілася больш, а жанчыны былі шчаслівымі, абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці. Галоўны дакладчык — намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. Таксама ў абмеркаванні праекта ўказа ўзялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.
«Галоўнае, што жанчына хоча мець дзіця»
«Жанчыны гавораць, што тэма нашага абмеркавання сёння неардынарная і значная, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Напэўна, неардынарная. Напэўна, значная. Але такой ганьбы для мужыкоў цяжка прыдумаць. Або, можа быць, я памыляюся? Жанчына не можа нарадзіць... Няма ад каго... Мы ўжо пачалі выдумляць нейкія штучныя метады, назавём іх так, экстракарпаральнага апладнення».
У гэтай частцы, як нагадаў беларускі лідар, дзяржава ўзяла на сябе пэўныя абавязацельствы. «Лепш бы мужыкі якое-небудзь на сябе абавязацельства ўзялі», — заўважыў Прэзідэнт.
Праграма бюджэтнага ЭКА дзейнічае ў Беларусі з 2021 года. Дзякуючы ёй за апошнія чатыры гады на свет з’явілася 2528 дзяцей.
«Дадзеная працэдура становіцца ўсё больш запатрабаванай, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Па сутнасці ЭКА з’яўляецца адной з мер, накіраваных на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Але гэта не самае галоўнае. Галоўнае, што жанчына хоча мець дзіця. Дзякуй богу!»
«Мы знойдзем гэтыя грошы!»
Па словах кіраўніка дзяржавы, было прынятае рашэнне падысці максімальна ліберальна да гэтага пытання. Без чыноўніцкіх забабонаў, звязаных са спасылкай на нейкія маральныя прынцыпы, у інтарэсах жадаючых нарадзіць дзяцей.
«Якія маральныя прынцыпы? Ад каго яны зыходзяць? — пацікавіўся Прэзідэнт. — Жанчына хоча мець дзіця! Гэта святая, значыць, жанчына. Калі не можам натуральным чынам (я ў цэлым гавару пра мужыкоў), усяляк трэба неяк дапамагаць. Якія няправільныя маральныя арыенціры?»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў сваю ранейшую просьбу — рыхтаваць праект Указа «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення» са спецыялістамі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы папрасіў, каб яму далажылі аб нявырашаных пытаннях. Па яго словах, нейкія маральныя прынцыпы ў дачыненні да ЭКА ўвогуле абмяркоўвацца не павінны.
Для жанчын, якія ўжо нарадзілі з дапамогай ЭКА, прапануецца павялічыць узрост правядзення гэтай працэдуры да 49 гадоў. Размова вядзецца аб другой спробе, якая будзе праведзена бясплатна, за кошт дзяржавы. На бягучы момант бясплатную спробу правядзення ЭКА жанчына можа выкарыстаць толькі аднойчы. Прычым яна павінна быць замужам і ёй павінна быць не больш за 40 гадоў.
«Вы пагаварылі з жанчынамі ў Год жанчыны і напярэдадні, і яны сказалі, што нядрэнна было б, калі б была другая спроба. Бясплатна, за кошт дзяржавы. Так? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ў дзяржавы няма грошай, то тады вазьміце з фонду, які Прэзідэнт стварыў. Гэта ўсяго на другое ЭКА вы пішаце 6 мільёнаў рублёў або ў цэлым на ўсе?»
«На ўсе. Спатрэбіцца дадаткова яшчэ 6 мільёнаў», — адзначыла Наталля Пяткевіч.
«Я жанчынам падару, збяру гэтыя грошы і падару, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ну што гэта за грошы? 6 мільёнаў мы не можам знайсці для жанчыны, каб яе ашчаслівіць? Фактычна да 50 гадоў яна можа скарыстацца працэдурай ЭКА другі раз. На гэта трэба 6 мільёнаў. Вырашальнае пытанне».
Самае галоўнае, як акцэнтаваў увагу беларускі лідар, — здароўе жанчыны і магчымасць нарадзіць. «Значыць, трэба абследаваць, каб ахова здароўя, медыцына наша на найвышэйшым узроўні сказала: „Так. Можна“, — лічыць Прэзідэнт. — Медыцынскія паказанні — абсалютна правільна. З гэтым я згодзен».
Што датычыцца правядзення экстракарпаральнага апладнення, Аляксандр Лукашэнка даручыў прыўнесці ў гэты кірунак самыя перадавыя тэхналогіі. «Грошы за мной, — паабяцаў ён. — Самыя перадавыя. Калі медыкі сказалі, што Пятровай можна зрабіць там першае, другое, трэцяе, дзясятае ЭКА, — значыць, 100 % яна павінна зацяжарыць і нарадзіць. Калі ёсць нейкія перадавыя, супертэхналогіі — скажыце, колькі гэта каштуе».
Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне з’яўляецца актуальным не толькі ў Год беларускай жанчыны. «Годам тут мы не прыкрыемся, што жанчына павінна чорт ведае дзе шукаць магчымасці нарадзіць, — удакладніў ён. — Таму скажыце, колькі трэба грашовых сродкаў. Зноў жа, не бюджэтных. Мы знойдзем гэтыя грошы!»
«Дзеці — гэта святое»
Прапанаваныя падыходы па правядзенні другой спробы экстракарпаральнага апладнення, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, выклікалі неадназначную рэакцыю ў спецыялістаў. «Скажыце, што за спецыялісты, колькі яны нарадзілі гэтыя спецыялісты, калі гэта жанчыны, — удакладніў Прэзідэнт. — Ды і мужыкі. Як яны пастараліся, каб жанчына нарадзіла?»
Вяртаючыся да маральных аспектаў гэтага пытання, кіраўнік дзяржавы ўзгадаў Алу Пугачову, у якой, дзякуючы сучасным рэпрадуктыўным тэхналогіям, ужо ў сталым узросце з’явілася двое дзяцей. «І тут — ад царквы — да апошняга чалавека — пачалі кастыляць яе, — прывёў дэталі Прэзідэнт. — А я гавару: „Якая малайчына“. І, гавораць, дзеткі добрыя. Гэта галоўнае. Няхай нараджае як заўгодна, але каб былі добрыя дзеці». Але гэта пытанне, па словах кіраўніка дзяржавы, знаходзіцца ў плоскасці медыкаў.
«Таму я не бачу тут ніякіх маральна-этычных прынцыпаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, пажадана, каб натуральным чынам нараджала жанчына».
Адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася ў рабочым кабінеце Прэзідэнта, — ці можа жанчына, якая ўжо нарадзіла дзіця з дапамогай ЭКА, скарыстацца для правядзення бясплатнай працэдуры сваімі эмбрыёнамі, якія захоўваюцца ў прыватных цэнтрах. Як высветлілася, можа.
«Калі можа, значыць, трэба прадаставіць такую магчымасць, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Добра, калі ў нас у краіне яна захоўвае, а калі за мяжой? Ды хоць на Месяцы няхай захоўвае! Гэта справа жанчыны. Няхай яна вызначаецца, як ёй быць і што рабіць».
- Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: дзеці — гэта святое. «Вы мае адносіны да дзяцей ведаеце, — заўважыў ён. — Таму я як Прэзідэнт, а вы як мае падначаленыя, мы павінны рабіць усё, і не толькі ў Год жанчыны, каб жанчына была шчаслівая. А якое шчасце ў жанчыны, калі ў яе няма дзяцей? Дзеці — гэта шчасце нашай жанчыны. Мы павінны зрабіць усё для таго, каб яна магла нарадзіць. Вось гэта галоўнае і для Года жанчыны, і ў далейшым, на ўсё яе жыццё. Таму давайце зыходзіць з гэтага».
Пры гэтым, як дадаў беларускі лідар, не павінна быць палавінчатага рашэння ў гэтым пытанні. Па яго словах, праект указа павінен прадугледзець поўнае вырашэнне ўсіх момантаў, звязаных з экстракарпаральным апладненнем.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што ідэя прадаставіць бясплатна жанчынам другую спробу ЭКА, нарадзілася не ў яго. «Калі да мяне звярнулася адна з жанчын і расказала аб праблемах гэтых, я зразумеў, што ў нас не ўсё ў парадку, і даручыў больш ліберальна ўнесці праект указа для вырашэння гэтых пытанняў, — прывёў дэталі Прэзідэнт. — Гэта значыць, гэта зыходзіла ад жанчын. Я некалькі далёка быў ад гэтых праблем. Ну, прадаставілі ЭКА, магчымасць жанчыне (нарадзіць. — „Зв.“) — 2528 малых нарадзілася. І дзякуй богу. Але мала».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Даслоўна
«Прэзідэнт вельмі настроены на тое, каб жанчынам гэту магчымасць абавязкова даць»
Як адзначыла ў размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля ПЯТКЕВІЧ, некалькі месяцаў таму Прэзідэнт даручыў яшчэ раз вярнуцца да тэмы ЭКА, якая хвалюе жанчын. Па яе словах, гэта была ініцыятыва кіраўніка дзяржавы, мэта якой — даць жанчынам больш шырокую магчымасць атрымання працэдуры экстракарпаральнага апладнення.
«У адпаведнасці з праектам указа, які сёння разглядаўся, прадастаўляюцца дзве бясплатныя спробы ЭКА, — канкрэтызавала віцэ-прэм’ер. — Права на гэтыя спробы даецца не толькі замужнім жанчынам, а і адзінокім жанчынам. Абсалютна любая жанчына ва ўзросце да 40 гадоў (у адносінах да першай спробы) зможа атрымаць дзве бясплатныя спробы ЭКА. У тым ліку другая спроба можа быць і за кошт сваіх крыазамарожаных эмбрыёнаў. Калі іх няма, то проста другая спроба ЭКА».
- Па-ранейшаму бясплатная праграма ЭКА будзе ажыццяўляцца толькі ў дзяржаўных медыцынскіх установах. «Статыстыка паказвае, што эфектыўнасць правядзення ЭКА ў дзяржаўных установах аховы здароўя значна вышэйшая, — патлумачыла Наталля Пяткевіч. — Мы, шчыра кажучы, вельмі ганарымся тым, што за мінулы год эфектыўнасць склала 38 % (менавіта па дзяржаўных установах аховы здароўя). Пры тым, што ў свеце гэта дзесьці каля 30 %».
Па словах віцэ-прэм’ера, калі дзяржава бярэ на сябе абавязацельства даць жанчыне магчымасць атрымаць бясплатную працэдуру ЭКА, то павінна максімальна зрабіць так, каб гэта ўсё прайшло эфектыўна, на высокім узроўні, з гарантаваным захаваннем здароўя як маці, так і дзіцяці.
«Яшчэ адзін важны момант, на якім кіраўнік дзяржавы асобна акцэнтаваў увагу, — каб мы яшчэ раз паглядзелі на самыя перадавыя сусветныя практыкі высокатэхналагічныя пры правядзенні працэдуры ЭКА на ўсіх стадыях, — дадала намеснік кіраўніка ўрада. — І ўсё, што трэба, у тым ліку калі на гэта спатрэбяцца дадатковыя грашовыя сродкі, каб усё гэта было ў краіне».
Па словах Наталлі Пяткевіч, Прэзідэнт патрабуе, каб сістэма аказання паслуг ЭКА была максімальна ліберальнай. Даручана ўзгадніць гэты дакумент з Беларускім саюзам жанчын.
Асобна віцэ-прэм’ер спынілася на ўзросце жанчыны, якая мае права на бясплатнае правядзенне працэдуры ЭКА. «У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, сёння жанчына па агульным правіле можа скарыстацца працэдурай ЭКА да 50 гадоў, і гэта права захоўваецца, — канстатавала Наталля Пяткевіч. — Мы гаворым толькі аб тым, каб жанчына атрымала права на бясплатную спробу, першую спробу, да 40 гадоў».
Гэта прапануецца зрабіць з мэтай папярэджання так званага адкладзенага мацярынства. Другую бясплатную спробу ЭКА жанчына зможа ажыццявіць да 49 гадоў. У бліжэйшы час дакумент будзе ўнесены на разгляд кіраўніку дзяржавы.
«Прэзідэнт вельмі настроены на тое, каб жанчынам гэту магчымасць абавязкова даць, — падкрэсліла намеснік Прэм’ер-міністра. — Няхай гэта будзе і некаласальная колькасць дзяцей, якая вырашыць дэмаграфічныя праблемы ў глабальным маштабе. Але кожнае новае дзіця, кожны новы грамадзянін Рэспублікі Беларусь — гэта вялікае шчасце, вялікая радасць. І кіраўнік дзяржавы ўсё для гэтага робіць».
«Мы працуем даволі якасна з адборам тых жанчын, якія могуць пайсці ў гэту праграму»
Міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ пацвердзіў, што прапановы, якія ўвайшлі ў праект указа, не вырашаць дэмаграфічную сітуацыю. Па яго словах, менавіта ў Год беларускай жанчыны нашы суайчынніцы атрымаюць яшчэ адну магчымасць адчуць сябе маці.
Міністр аховы здароўя адзначыў, што з 2021 года пачата 7680 цыклаў правядзення ЭКА. «Практычна 3 тысячы пацверджаных цяжарнасцяў. І з гэтай колькасці ў нас нарадзілася 2528 дзяцей, — канкрэтызаваў ён. — Эфектыўнасць з’яўляецца дастаткова высокай. Як яна атрымліваецца? Мы працуем даволі якасна з адборам тых жанчын, якія могуць пайсці ў гэту праграму. Гэта вельмі важна, каб метадалогіі, працэсы, якія праходзілі з нашымі жанчынамі, мелі статус „не нашкодзіць“. І важна з кожнай жанчынай размаўляць, даваць ёй надзею на пачатак гэтага працэсу».
Кіраўнік ведамства абверг меркаванне аб тым, што дзеці, народжаныя ў выніку ЭКА, маюць праблемы са здароўем. «Мы старанна аналізуем здароўе тых дзетак, якія нараджаюцца ў рамках працэдуры ЭКА, — сказаў Аляксандр Хаджаеў. — Калі яны нараджаюцца ў рамках неданошанай цяжарнасці, у больш раннія тэрміны, яны працяглы прамежак часу знаходзяцца пад жорсткім нашым назіраннем. Для таго, каб яны дасягнулі пэўных паказчыкаў і мы ацанілі іх фізічнае і псіхічнае здароўе. У выніку гэтай работы абсалютна дакладна павінен сказаць, што сёння фактаў і аспектаў, якія пацвярджаюць такі тэзіс, няма».