Мадэрнізацыя сетак і зніжэнне энергаёмістасці
Аб гэтым расказаў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Уладзіслаў Доўгі ў час ІV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Устойлівае развіццё энергетыкі Беларусі: стан і перспектывы».
Уладзіслаў Доўгі адзначыў, што дзяржаўная праграма «Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць» на 2026–2030 гады ўключае тры складнікі: павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, павышэнне энергетычнай самастойнасці, збалансаванае развіццё і мадэрнізацыю энергетычнай галіны.
Паводле яго слоў, праграма па збалансаваным развіцці і мадэрнізацыі энергетычнай галіны з’яўляецца найбольш капіталаёмкай. Яна накіравана на забеспячэнне ўсё большага попыту прадпрыемстваў і насельніцтва на электраэнергію, павышэнне даступнасці і надзейнасці цепла- і газазабеспячэння і прадугледжвае ўвод новых і мадэрнізацыю дзеючых генерыруючых крыніц, вывад з эксплуатацыі фізічна і маральна ўстарэлага абсталявання, абнаўленне электрычных і цеплавых сетак, далейшую лічбавізацыю энергетыкі. «Сучасная мадэрнізацыя сетак — неабходная ўмова іх надзейнай работы і бесперабойнага энерга- і палівазабеспячэння прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама насельніцтва», — падкрэсліў ён.
Праграма павышэння эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў прадугледжвае, што да канца пяцігодкі энергаёмістасць беларускай эканомікі павінна знізіцца на 4 % у параўнанні з узроўнем 2025 года. «Ва ўмовах высокай канкурэнцыі дзейнічае просты прынцып: чым менш паліўна-энергетычных рэсурсаў выкарыстоўваецца пры вытворчасці прадукцыі, тым яна больш танная і канкурэнтаздольная на ўнутраным і знешнім рынках», — растлумачыў намеснік міністра.
Павышэнне энергетычнай самастойнасці накіравана на павелічэнне долі ўласных рэсурсаў у энергетычным балансе Беларусі. Да іх адносяцца мясцовыя віды паліва, перш за ўсё драўніна і торф, аднаўляльныя крыніцы энергіі, а таксама электраэнергія, што выпрацоўваецца Беларускай АЭС. Чым вышэйшая доля ўласных энергарэсурсаў, тым менш краіна залежыць ад знешніх ланцужкоў паставак. Узровень энергетычнай самастойнасці Беларусі плануецца давесці да 33 %.
Уладзіслаў Доўгі таксама дадаў, што энергетыка Беларусі з’яўляецца ключавой жыццезабеспячальнай галіной. «Беларуская энергасістэма — высокатэхналагічны комплекс электрастанцый і сетак, які надзейна забяспечвае прамысловасць, сельскую гаспадарку і насельніцтва электрычнай і цеплавой энергіяй», — сказаў ён.
Паводле слоў намесніка міністра, у 2024–2025 гадах у Беларусі быў зафіксаваны гістарычны максімум спажывання электраэнергіі — больш як 42 млрд кВт•г.
За пяцігодку электраспажыванне ў краіне павялічылася больш як на 5 млрд кВт•г, або на 16 %. Важнай падзеяй для беларускай энергетыкі стаў увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС. Станцыя дазволіла замясціць прыкладна 18 млрд куб. м імпартуемага прыроднага газу. За пяцігодку ў Беларусі было пабудавана і рэканструявана звыш 12,5 тысячы км электрычных сетак усіх класаў напружання.
У бягучай пяцігодцы плануецца пабудаваць і мадэрнізаваць амаль 18,5 тысячы км сетак.
Паводле БелТА