Адно з пытанняў, разгледжаных у Палацы Незалежнасці, датычылася мадэрнізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У прыватнасці, перадачы дзяржаўных актываў у аграпрамысловым комплексе ў кіраванне прыватным кампаніям. Пытанне, якое абмяркоўвалася на прыкладзе Віцебскай вобласці, было маштабіравана да рэспубліканскага ўзроўню. Практыка сумеснага абмеркавання актуальных тэм ужо стала традыцыяй. Па словах беларускага лідара, такі фармат дазваляе прымаць вывераныя і дакладныя рашэнні.
«Галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы развіваліся»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку года для Віцебскай вобласці быў вызначаны канкрэтны пакрокавы антыкрызісны план. «Пачынаючы ад грошай, заканчваючы кадравымі перастаноўкамі: напрыклад, там новы губернатар», — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы.
Адным з элементаў гэтага антыкрызіснага плана, па яго словах, была перадача недастаткова эфектыўных прадпрыемстваў у кіраванне новаму ўласніку, які валодае разумным кіраўніцкім патэнцыялам і, галоўнае, фінансавымі рэсурсамі. «Для таго, каб аздаравіць, ажывіць гэтыя прадпрыемствы, атрымаць добрую канчатковую прадукцыю і прадаць яе або на ўнутраным, або на знешнім рынку», — растлумачыў Прэзідэнт.
У рамках гэтай стратэгіі прынята рашэнне аб перадачы Аршанскага мясакамбіната агракамбінату «Дзяржынскі» і замацаванні асобных сельскагаспадарчых арганізацый Аршанскага раёна за ААТ «Савушкін прадукт». Акрамя таго, з названым інвестарам заключаны дагавор арэнды маёмасці ААТ «Полацкі малочны камбінат» для далейшага паскоранага развіцця.
«Хачу папярэдзіць губернатара і Прэм’ер-міністра: галавой адкажаце за тое, каб там было ўсё з пункту гледжання дзяржавы нармальна, — падкрэсліў беларускі лідар. — Прытым вы перадаваць, асабліва прадаваць, прадпрыемствы павінны як свае».
Прэзідэнт заўважыў, што інвестары хочуць атрымаць ва ўласнасць той ці іншы сельскагаспадарчы аб’ект танней, і гэта натуральна. «Але вы павінны, шчыра гавару, прадаць даражэй, — паставіў задачу дзяржаўным служачым Аляксандр Лукашэнка. — Гэта, па-мойму, нармальны варыянт. Прытым мы павінны разумець: галоўнае не атрымаць нейкія грошы ад гэтых прадпрыемстваў. Гэта важнае пытанне, але не галоўнае. Галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы развіваліся».
Прэзідэнт адзначыў, што інвестарам, якія набываюць ва ўласнасць дзяржаўную маёмасць, усё роўна давядзецца ўкладваць грашовыя сродкі ў Віцебскую вобласць або ў іншыя рэгіёны. Размова ідзе аб тым, што ім давядзецца развіваць уласную сыравінную зону, інвеставаць у сельскую гаспадарку і развіццё раёна, на тэрыторыі якога яны будуць працаваць. За гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, з інвестараў жалезабетонна строга спытаюць.
Прэзідэнт парэкамендаваў інвестарам не толькі разлічваць на сваю сыравіну, а і не крыўдзіць людзей заробкам. «Усё — ад зямлі, ад сялян, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму гэта чарговае пытанне, каб губернатар і ўсе вы разумелі маю палітыку ў гэтым плане. Мы з вамі павінны быць жалезабетонна дзяржаўнымі людзьмі».
«Усё заробленае павінна быць тут!»
Па словах Прэзідэнта, трэба разумець, што такія рашэнні з’яўляюцца не падарункам прыватніку, а хутчэй нагрузкай для яго. У кожным выпадку зафіксаваны абавязацельствы, у тым ліку па мадэрнізацыі вытворчасці і пагашэнні раней назапашаных абавязацельстваў.
«Абавязацельствы, натуральна, няпростыя, — канстатаваў ён. — Гэта таксама трэба ўлічваць. Але ты бярэш гэта — бяры. І за кошт мадэрнізацыі кіравання вытворчасцю, тэхналагічных пэўных працэсаў і іншага ты атрымаеш пэўную аддачу».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў: інвестары, аб якіх ідзе размова, — людзі не бедныя. «І дзякуй богу: гэта нашы людзі, нашы грамадзяне — няхай зарабляюць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але не дай бог, я даведаюся, што гэтыя грошы (хоць капейка, хоць паўкапейкі) сыдуць за межы краіны. Усё заробленае павінна быць тут (унутры краіны. — „Зв.“)! Нашы хлопцы, якія зарабляюць тут грошы, павінны інвеставаць сюды. Гэта павінны ўсе пачуць, і вы перш за ўсё».
«Спяшацца не трэба»
Падчас нарады ўпершыню былі разгледжаны прапановы ўрада і Віцебскага аблвыканкама аб далейшым лёсе ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці ў Дубровенскім раёне. Размова ідзе аб перадачы дзесяці арганізацый гэтага раёна і дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебскі бекон» групе кампаній «Сервалюкс».
Аляксандру Лукашэнку далажылі, што на першым этапе Віцебскім аблвыканкамам ужо прынята рашэнне аб перадачы паўнамоцтваў выканаўчага органа гэтых сельгасарганізацый інвестару. Гэта дазволіць аказаць фінансавую падтрымку гаспадаркам для ажыццяўлення ўсяго комплексу сельгасработ у першым паўгоддзі — гэта значыць, закласці аснову будучага ўраджаю.
«Дай бог, каб было так, — адзначыў Прэзідэнт. — Я заўсёды пагляджу, як там закладваецца будучы ўраджай».
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у інвестара, старшыні савета дырэктараў СЗАТ «Сервалюкс» Яўгена Баскіна, ці пасеялі на гэтых тэрыторыях, пра якія ідзе размова, азімы рапс. Высветлілася, што пасеялі.

Прэзідэнту далажылі і аб павелічэнні на Віцебшчыне плошчаў пад сяўбу кукурузы. Падобныя эксперыменты Аляксандр Лукашэнка заклікае праводзіць паступова. «У Віцебскай вобласці пасеяць кукурузу на зерне (на 50 % або 80 % больш) — гэта рызыка, — патлумачыў ён. — Гэта я вам гавару як чалавек, які займаўся крыху арганізацыяй сельскай гаспадаркі. Спяшацца не трэба».
Пры гэтым Прэзідэнт ухваліў рашэнне павялічыць на Віцебшчыне пасяўныя плошчы пад рапс. У якасці прыкладу ён прывёў ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец» (гэту гаспадарку Аляксандр Лукашэнка ў свой час узначальваў), дзе сёлета атрымалі рапс ураджайнасцю ў 61 цэнтнер з гектара.
«Гэта неверагодна», — лічыць кіраўнік дзяржавы, даручыўшы пераправерыць гэту інфармацыю Камітэту дзяржкантролю.
Аднак нягледзячы на некаторыя сумненні, Прэзідэнт дапускае, што такую ўраджайнасць рапсу цалкам магчыма было атрымаць. «Якія б там ні былі ўгнаенні: для рапсу ўгнаенні — гэта не асноўнае», — канстатаваў беларускі лідар, указаўшы на большае значэнне догляду гэтай культуры.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такой высокай ураджайнасці найперш удалося дасягнуць за кошт дысцыпліны і парадку. У верасні мінулага года Прэзідэнт наведаў сельгаспрадпрыемства, у выніку застаўся незадаволены ўбачаным. «Адрэагавалі, зразумелі, што калі я яшчэ раз заеду туды або зверху пагляджу (з верталёта. — „Зв.“), мала не падасца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта сведчыць аб тым, што калі ёсць дысцыпліна — будзе парадак».
Што датычыцца выканання тэхналагічнай дысцыпліны ў пытанні вырошчвання тых ці іншых культур, па словах Прэзідэнта, гэтым найперш павінен валодаць аграном сельгаспрадпрыемства.
«Мая справа — патрабаваць за канчатковы вынік, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вынік надзвычайны! Гэта (сельгаспрадпрыемства „Гарадзец“ Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. — „Зв.“) практычна Віцебская вобласць — граніца. Хто перашкаджае Віцебскай вобласці пасеяць рапсу не на 20 % больш да ўзроўню мінулага года, а менш, і за кошт ураджайнасці атрымаць той жа вал збожжавых? Да гэтага трэба імкнуцца. Трэба імкнуцца да інтэнсіфікацыі, а не да экстэнсіўных метадаў, каб атрымаць гэтыя ўраджаі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, поспех работы таго ці іншага сельгаспрадпрыемства пры інвестары не заўсёды залежыць ад сучаснага абсталявання і нават не ад новых падыходаў у кіраванні. «Нічога там суперновага ў кіраванні няма, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Яны (інвестары. — „Зв.“) проста малайцы: плацяць заробак людзям нармальны, кіраўнік нармальны, які выпрацоўвае сістэму, як яны патрабавалі, і працуюць. Вось і ўсё».

«Падтрымка павінна быць суразмернай»
Ідучы на такія рэформы, як перадача дзяржаўнай уласнасці прыватным кампаніям, Прэзідэнт лічыць, што па-іншаму трэба паглядзець і на субсідзіраванне сельскай гаспадаркі. «Будзем падтрымліваць сялян, але гэта падтрымка павінна быць суразмернай, яна павінна быць у меру, — удакладніў ён. — Я хачу, каб вы разумелі, што грошай лішніх няма».
Інвестар выказаў гатоўнасць выкупіць указаныя сельгасарганізацыі і ўзяць на сябе абавязацельствы па іх далейшым развіцці. «Тое, што ён вырашыў выкупіць, раз такая магчымасць ёсць, ён правільна зрабіў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І ўзяў абавязацельствы па іх далейшым развіцці. Ну а навошта выкупляць, калі няма далейшага развіцця? У гэтым плане я згодны».
Пры гэтым, як дадаў беларускі лідар, інвестар патрабуе пэўных ільгот, іншых прэферэнцый. Практыка добра вядомая: дзяржава не раз падстаўляла плячо добрасумленным прыватнікам. Пытанне прадастаўлення льгот інвестару гатовы разгледзець і цяпер. У якім аб’ёме — пастаўлена задача пралічыць Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Урад унёс праект указа, які прадугледжвае продаж кожнай арганізацыі за адну базавую велічыню. Разам з тым на новага ўладальніка накладаецца шэраг абавязацельстваў, у тым ліку пагашэнне запазычанасці і інвеставанне.
Акрамя таго, групе кампаній «Сервалюкс» прапаноўваецца прадаставіць рэструктурызацыю праблемнай запазычанасці гэтых сельгасарганізацый. «Таксама пэўная льгота, але гэта абгрунтавана: не ён жа гэтыя запазычанасці напрацаваў», — заўважыў Прэзідэнт, удакладніўшы, што прэферэнцыі не павінны быць расцягнуты на доўгі тэрмін.
Умовы перадачы дзяржаўнай маёмасці ў кіраванне прыватным кампаніям, па словах Аляксандра Лукашэнкі, павінны быць прымальнымі для інвестараў, але разам з тым прыносіць пэўную карысць дзяржаве. Акрамя таго, прадугледжваецца магчымасць рэгістрацыі аб’ектаў нерухомай маёмасці на падставе скарочанага пераліку дакументаў. Такую прапанову Прэзідэнт падтрымаў, парэкамендаваўшы, выкарыстоўваць гэты вопыт і пры вырашэнні іншых пытанняў.
«Гэта правільна, жорстка, справядліва»
Зямельныя ўчасткі для будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці прадастаўляюцца без правядзення аўкцыёну, без унясення платы за права арэнды, без кампенсацыі страт сельскагаспадарчай і (або) лесагаспадарчай вытворчасці.
«А ў нас што, гэтыя пытанні не адрэгуляваныя?» — удакладніў беларускі лідар і папярэдзіў, што калі гэта звязана з выдзяленнем зямель сельгаспрызначэння і лясных угоддзяў, што ўваходзіць выключна ў кампетэнцыю Прэзідэнта, то нават не варта спрабаваць падсоўваць яму гэтыя дакументы.
«Гэта святое, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб гэтых землях. — Я бачу, што робіцца на тэрыторыі. Некаторыя ўлазяць у гэтыя землі сельгаспрызначэння і будуюць там, дзе не трэба, у тым ліку жыллё. У нас у вёсках месцаў, сядзіб звышдастаткова, дзе можна размяшчаць гэтыя дамы».
Прэзідэнт падкрэсліў, што землі сельгаспрызначэння і лясныя ўгоддзі — гэта рэсурс, да якога трэба ставіцца належным чынам. У якасці прыкладу ён прывёў палі, якія зарастаюць сумнікам або баршчэўнікам Сасноўскага, чаго быць не павінна.
У выпадку невыканання ўзятых на сябе абавязацельстваў інвестар абавязаны вярнуць у дзяржаўную ўласнасць усю маёмасць. Прычым на бязвыплатнай аснове і без кампенсацыі панесеных затрат. «Гэта правільна, жорстка, справядліва, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Узяў на сябе абавязацельствы — выконвай».
Камітэтам дзяржкантролю па праекце ўказа выказаны шэраг заўваг. У прыватнасці, не падтрымліваецца прадастаўленне права размяшчаць аб’екты будаўніцтва на землях сельгаспрызначэння без уліку бала ўрадлівасці глеб.
«Мы ўважліва павінны ўсё абмеркаваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Размова ідзе аб лёсе аграрнай вытворчасці ў гэтым выпадку цэлага раёна, ды і вобласці. Гэты новы для нас досвед, магчыма, спатрэбіцца і ў будучыні».
У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў ААТ «Мазырсоль»: па даручэнні Прэзідэнта прадпрыемства актыўна працуе ў тым жа кірунку ў Ельскім раёне. «Таму не толькі прыватныя кампаніі, але і дзяржаўныя будуць да гэтага прыцягнуты», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
У рамках абмеркавання вызначанай тэмы беларускі лідар акцэнтаваў увагу на наступных пытаннях: наколькі глыбока ўлічаны інтарэсы дзяржавы, ці дастаткова напружаныя прапануюцца тэрміны вяртання ранейшай запазычанасці, якія інвестыцыі плануюцца і па якіх кірунках, ці дапаможа прыняцце ўказа пераламаць негатыўную тэндэнцыю ў развіцці сельгасарганізацый у цэлым па краіне, а не толькі ў Віцебскай вобласці
«Адразу хачу перасцерагчы, што перадача інвестару нізкаэфектыўных арганізацый не павінна прывесці да самаўстаранення кіраўнікоў мясцовых органаў улады, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Старшыня Дубровенскага райвыканкама жалезабетонна павінен кантраляваць свае пытанні: парадак, дысцыпліна, правы чалавека (як бы ні дзіўна ў „дыктатуры“ гэта не прагучала), а галоўнае — гэта работа і нармальная заработная плата».
Пры гэтым, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, ведаючы свае правы, работнік павінен не забываць і пра свае абавязкі: працаваць як належыць у сельскай гаспадарцы.
Што датычыцца кадраў, беларускі лідар заўважыў, што ні аднаго чалавека без ўзгаднення і зацвярджэння мясцовымі органамі ўлады інвестары прызначыць не змогуць. «Каб старшыня райвыканкама, аблвыканкама жалезабетонна разумелі свае правы, абавязкі і каб яны маглі строга спытаць, — растлумачыў сваё патрабаванне Прэзідэнт. — Не спытаюць — спытаюць з іх».

«Трэба па-чалавечы адносіцца да людзей і жалезабетонна патрабаваць»
У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што, калі не хочам ваяваць, трэба працаваць. Асабліва гэта актуальна ў перыяд уборачнай кампаніі. Раней кіраўнік дзяржавы даручыў прыняць кардынальныя меры ў адносінах да нядобрасумленных работнікаў, якія не хочуць працаваць у сельскай гаспадарцы.
«Некаторыя так — „хі-хі, ха-ха“ — успрынялі, калі я сказаў на селектарнай нарадзе: нядбайных, алкашоў і іншых, якія не хочуць працаваць на зямлі ва ўборку, — на „фронт“: у армію, у сілы спецыяльных аперацый, на граніцу — да Крупко і Пархомчыка (губернатараў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. — „Зв.“). Хрэнін (міністр абароны. — „Зв.“) адказны», — нагадаў аб сваім ранейшым патрабаванні беларускі лідар.
У выніку з дапамогай мясцовых улад ва Узброеныя Сілы прызвалі каля 500 чалавек. Прэзідэнт расказаў, што ўжо не аднойчы цікавіўся ў міністра абароны, як нядобрасумленныя работнікі выконваюць пастаўленыя задачы. Як высветлілася, у арміі да іх ніякіх пытанняў не ўзнікае. Калі праз некаторы час Галоўнакамандуючы яшчэ раз агучыў такое ж пытанне міністру абарону, Віктар Хрэнін выступіў з ініцыятывай заахвоціць найбольш адказных і здольных.
Па словах кіраўніка дзяржавы, такая прапанова яго нават здзівіла. «Твары светлыя, працуюць, выконваюць усё, што афіцэр скажа, — ніякіх прэтэнзій», — такую характарыстыку ваеннаслужачым, якіх прызвалі за нядобрасумленную працу ў сферы АПК, даў Віктар Хрэнін.
«А гавораць, што армія — гэта не лагер для выхавання, — заўважыў беларускі лідар. — Так, гэта не лагер. Але школа выхавання вельмі добрая. Нармальныя мужыкі. Прайшлі перападрыхтоўку. Я яму (Віктару Хрэніну. — „Зв.“) гавару: „Усім зброю, як ваенным. Пераапрануць, пагаліць, падстрыгчы — і туды“. Баявое зладжванне (усё зрабілі па апошніх стандартах), мабільныя групы, тактычныя групы — усё, што трэба нам для абароны граніцы. Мы ж не ваюем ва Украіне, а абараняць граніцу трэба. І накіравалі туды 170 чалавек адразу».
Прэзідэнт удакладніў, што і там да гэтых людзей не было ніякіх прэтэнзій. «Яны зямлянкі выкапалі лепш, чым у Мінску кватэры абсталявалі, — дадаў ён. — Вось табе і п’яніцы, такія-сякія».
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, чаму гэтых работнікаў не змаглі належным чынам арганізаваць па асноўным месцы работы. Прэзідэнт не супраць таго, каб самыя лепшыя з іх былі ўзнагароджаны. «Значыць людзі могуць працаваць, — канстатаваў ён, удакладніўшы, што на тых, хто не хоча належным чынам выконваць свае працоўныя абавязкі, ёсць пэўныя метады і рычагі ўздзеяння. — Трэба па-чалавечы адносіцца да людзей і, натуральна, жалезабетонна патрабаваць».
Як далажыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, у сельскагаспадарчай галіне рэгіёна адзначаюцца некаторыя пазітыўныя змены. Ён праінфармаваў, што практычна завершана будаўніцтва цялятнікаў: 68 з 72 ужо пабудаваны. На фоне станоўчых вынікаў прынята рашэнне павялічыць іх колькасць у вобласці да 96. Акрамя таго, як паведаміў Аляксандр Рагожнік, у Віцебскай вобласці ўжо нарыхтавалі кармы і завяршылі сяўбу азімага рапсу.
«Вынік можа быць дасягальны», — падкрэсліў губернатар.
Прэзідэнт заўважыў, што такога ніколі не было, каб на Віцебшчыне своечасова пасеялі рапс. «Але паглядзім яшчэ на вынік», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Вынік будзе атрыманы ў любым выпадку, чаго б нам гэта ні каштавала»
Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр РАГОЖНІК, нельга раздзяляць дзяржаўны і прыватны бізнес. Па яго словах, і тыя, і тыя прадпрыемствы знаходзяцца ўнутры краіны і працуюць на яе карысць, развіццё.
Што датычыцца перадачы групе кампаній «Сервалюкс» сельгасарганізацый Дубровенскага раёна і прадпрыемства «Віцебскі бекон», па выніках нарады Прэзідэнт даў даручэнне Камітэту дзяржаўнага кантролю сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта і ўрадам дадаткова пралічыць тыя нормы, якія вызначаны ўказам, каб захаваць баланс інтарэсаў дзяржавы і інвестара.
Падобны вопыт на Віцебшчыне ўжо быў, калі прымаліся рашэнні па перадачы Аршанскага мясакамбіната агракамбінату «Дзяржынскі», Полацкага малочнага камбіната — ААТ «Савушкін прадукт».
«Першыя месяцы работы паказалі, што ўсе рашэнні, прынятыя Прэзідэнтам, вельмі эфектыўныя, — падкрэсліў губернатар. — Мы гаворым аб тым, што эфектыўная перапрацоўка павінна аўтаматычна падцягваць і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: у першую чаргу, разлікамі за сыравіну, што пастаўляецца, коштам гэтай сыравіны. У гэтым і заключаецца рацыянальнае зерне нашай работы, якую мы выбудоўваем для развіцця гэтага рэгіёна».
Гаворачы аб тым, наколькі ахвотна інвестары ідуць на тое, каб займацца развіццём сыравінных баз, Аляксандр Рагожнік заўважыў, што без мудрай падказкі ад Прэзідэнта інвестарам — працаваць у Віцебскай вобласці — нічога б не адбылося.
«Мы з інвестарамі выпрацавалі формулу, якая дазваляе атрымаць і для іх даволі нядрэнны вынік, — дадаў ён. — Калі мы гаворым аб кошце актываў, мы павінны глядзець не на голыя лічбы, а на кошт ліквідных актываў. Акрамя тых лічбаў, якія вызначаны ў праекце ўказа, мы павінны разумець, колькі інвестар бярэ на сябе абавязацельстваў па выплаце раней назапашаных даўгоў і колькі інвестыцый ён укладвае. Мы ж маем на мэце ў канчатковым выніку эфектыўную работу. Нагрузіць можна роўна столькі, колькі можна панесці. Таму я лічу, што тыя нормы, якія закладзены ў праект указа, найбольш аб’ектыўныя як для работы інвестара, так і для інтарэсаў дзяржавы».
Гаворачы аб паляпшэнні сітуацыі ў сферы АПК на Віцебшчыне, губернатар адзначыў: гэта не значыць, што рэгіён справіўся з усімі праблемамі. «Мы яшчэ толькі ў пачатку шляху, але ўжо на гэтым этапе можна гаварыць аб тым, што вынік будзе дасягнуты, — звярнуў увагу Аляксандр Рагожнік. — Вынік будзе атрыманы ў любым выпадку, чаго б нам гэта ні каштавала».
На чале любой справы, па яго словах, стаіць чалавек. «Можна купіць самае сучаснае абсталяванне, але без чалавека нічога быць не можа, — перакананы губернатар. — Вынікі ўжо ёсць. Мы другія ў краіне па нарыхтоўцы кармоў на адну галаву буйной рагатай жывёлы. Мы пабудавалі ўжо практычна ўсе цялятнікі, якія былі вызначаны кіраўніком дзяржавы. Сёння мы пасеялі 120 % азімага рапсу (да мінулага года. — «Зв.»). І такіх прыкладаў — па прывагах, надоях — даволі шмат. Таму вынік можа быць дасягальны і ў Віцебскай вобласці».
Залогам далейшага паспяховага развіцця кіраўнік рэгіёна лічыць найперш захаванне дысцыпліны. «Вырошчваць і атрымліваць ураджай можна ўсюды, — падкрэсліў губернатар. — Пытанне ў адным — працавітасці і добрасумленных адносінах да справы».