Пераканацца ў гэтым можна было падчас творчага вечара «Прыгажосць па-за ўзростам». Менавіта з яго Нацыянальная бібліятэка пачынае новы праект, які прысвечаны Году жанчыны. У рамках клуба актыўнага даўгалецця тут будуць праходзіць сустрэчы з прафесійнымі ўзроставымі мадэлямі, майстар-класы, фотасесіі, прэзентацыі калекцый адзення беларускіх вытворцаў і іншыя мерапрыемствы.
Як расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, калі арганізатары мадэльнай школы звярнуліся са сваёй ідэяй, ён адразу яе падтрымаў, гэта цалкам супадае з планамі ўстановы, якая сёння ператварылася ў сацыяльна-культурны цэнтр, працуе з рознымі катэгорыямі людзей, паказвае, як з карысцю можна бавіць час. Наведвальнікі ўжо прачулі гэта. Напрыклад, надзвычай запатрабаванымі сталі музычныя вечары, якія тут праводзяцца. Безумоўна, і сумесны праект з Беларускім саюзам жанчын і клубам Real Age Studіo знойдзе сваіх прыхільнікаў.
Адзіная ў Беларусі мадэльная студыя, якая рыхтуе выключна мадэляў ва узросце «50+» і пры гэтым не звяртае ўвагі на «параметры» прыгажунь, працуе на базе Цэнтра моды. Яе кіраўнік Ларыса Заверач расказала, што за шэсць гадоў тут прайшлі навучанне ўжо больш 300 чалавек. Жанчыны, якія зацікавіліся прафесійным мадэлінгам, сёння вельмі запатрабаваныя: іх запрашаюць рэкламаваць розныя брэнды, яны ўдзельнічаюць у фестывалях і святах краіны, а таксама ў міжнародных конкурсах і модных паказах. Так, летам яны паедуць у Сан-Рэма на італьянскі фэшн-дзень. Апошнія тры гады распрацаваны Ларысай Заверач курс «Прыгажосць па-за ўзростам» на валанцёрскіх пачатках праводзіцца ў сацыяльна-тэрытарыяльных цэнтрах Першамайскага і Кастрычніцкага раёна. І калі з запытам на такую дапамогу сталі звяртацца іншыя сацыяльныя ўстановы, узнікла ідэя зрабіць гэту праграму больш даступнай для ўсіх ахвотных і перанесці на пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі.
У мінулым Ларыса Заверач — медыцынскі работнік і выкладчык мед-універсітэта, таму ўзроставы мадэлінг прасоўвае як адзін са спосабаў падтрымання актыўнага даўгалецця. Яна бачыць, як заняткі мяняюць жанчын. Яны становяцца не проста падцягнутымі і дагледжанымі — мяняецца настрой. «Калі год назад мы звярталіся адна да адной на „вы“ , сёння мы зноў дзяўчаты: Таццяны, Ірыны, Галіны, — дзеліцца Ларыса Заверач. — Старога чалавека ацэньваем па паходцы, такі ідзе і шаркае нагамі. А калі мы на абцасах, перад намі шмат планаў, мы не адчуваем ўзросту». Акрамя таго, мадэльны клуб дапамагае вырашаць праблему адзіноты, яго ўдзельнікі (а тут ёсць і мужчыны) падтрымліваюць адно аднаго, разам падарожнічаюць. Сярод іх ёсць і мадэлі, якія спяваюць. Гэта таксама запатрабавана падчас мерапрыемстваў, у якіх яны ўдзельнічаюць.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ