Top.Mail.Ru

Прэзідэнт узяў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ⅩⅩⅩⅤ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

35-ты раз горад над Дзвіной прымае маштабны культурны форум, які ўжо стаў брэндам нашай краіны, сапраўдным святам творчасці. Па традыцыі фестываль адкрыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ўручыў заслужаныя ўзнагароды і даў старт гала-канцэрту майстроў мастацтваў «Славянскі базар — Легенда!»


«Фестываль быў патрэбны людзям»

Звяртаючыся да жыхароў і гасцей горада над Дзвіной, краіны, Прэзідэнт адзначыў, што ён рады вітаць іх на цырымоніі адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

«У гэтым годзе фестывалю споўнілася 35 гадоў, — канстатаваў беларускі лідар. — Для святочнай традыцыі гэта толькі пачатак. Для нас з вамі, жыхароў нашага горада і гасцей, арганізатараў, творчай каманды, артыстаў, рамеснікаў — гэта цэлая эпоха».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «Славянскі базар» заўсёды быў больш, чым культурная падзея. «Ён — як люстэрка нашай гісторыі, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Гісторыі не толькі суверэннай Беларусі, але і гісторыі ўсяго свету. І не толькі культурнага свету».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідэя фестывалю нарадзілася, калі свет мяняўся. «У перыяд, калі, мякка кажучы, было не да песень, — заўважыў ён. — Народы, якія яшчэ нядаўна былі адной сям’ёй, тады вучыліся жыць паасобку».

Не ўсе, па словах кіраўніка дзяржавы, разумелі жаданне беларусаў займацца арганізацыяй такога маштабнага свята. «Занадта шмат было сур’ёзных нявырашаных пытанняў: палітычных, эканамічных, сацыяльных, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — І ў нас, беларусаў, і ў нашых найбліжэйшых суседзяў: расіян, украінцаў перш за ўсё. Але фестываль быў патрэбны вам — людзям».

«Сапраўднае мастацтва не мае перашкод»

Прэзідэнт нагадаў, што ў 2000 годзе «Славянскі базар у Віцебску» паставіў рэкорд, сабраўшы прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў. Ён канстатаваў, што за час правядзення фестывалю ў ім узялі ўдзел прадстаўнікі 85 краін, а гэта амаль паўсвету.

«Гісторыю фестывалю не перарывалі ні крызісы, ні пандэмія, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Увесь свет, як вы памятаеце, быў у лакдаўне, але пазыўныя „Славянскага базару“ гучалі. З Віцебска. Віцебск гаварыў і паказваў, што сапраўднае мастацтва ніколі не мела і не будзе мець перашкод».

За гады існавання фестывалю, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, на сцэне амфітэатра выступілі больш за 18 тысяч творчых работнікаў — артыстаў.

«У дні „Славянскага базару“ да нас прыязджае столькі людзей, што горад павялічваецца ў два разы, — сказаў ён. — Усё гэта не проста лічбы. Кожны наш госць, кожны ўдзельнік — гэта стваральнікі гісторыі фестывалю. Гэта нашы традыцыйныя сябры. І сябры назаўсёды».

Па словах Прэзідэнта, гэтага свята не было б без гледачоў, артыстаў і арганізатараў «Славянскага базару ў Віцебску»

«Ведаю, што сёння, як і шмат гадоў таму, у зале знаходзяцца і беларусы, і палякі, рускія, украінцы і прадстаўнікі дзясяткаў іншых краін, якія прыехалі да нас па бязвізе, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ваша прысутнасць тут — гэта тое непарушнае, у чым мае патрэбу наш свет, такі крохкі, нестабільны і абсалютна незразумелы ў сваім развіцці. Мы шмат зрабілі і будзем рабіць для таго, каб „Славянскі базар“ заставаўся асновай шчырай, моцнай дружбы краін і народаў. Гэта так патрэбна сёння. Веру, што гісторыя фестывалю будзе доўгай і яскравай. Па меншай меры, мы, беларусы, зробім для гэтага ўсё. З вашай падтрымкай і шчырай глядацкай любоўю».

«Сувязь пакаленняў, пераемнасць — гэта тое, што робіць сапраўднае мастацтва вечным»

Перш чым адкрыць свята, кіраўнік дзяржавы па традыцыі ўручыў Гран-пры ⅩⅩIⅤ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025 — 2026 гады, спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

«Сцэна „Славянскага базару“ з году ў год адкрывае новыя таленты, новыя імёны, — перш чым уручыць заслужаныя ўзнагароды, сказаў беларускі лідар. — Але запаленыя тут зоркі павінны памятаць, што працягваюць шлях найвялікшых майстроў. Тых, у каго можна і трэба вучыцца. Сувязь пакаленняў, пераемнасць — гэта тое, што робіць сапраўднае мастацтва вечным. Рады буду ўручыць заслужаныя ўзнагароды і аб’явіць трыццаць пяты Міжнародны фестываль мастацтваў „Славянскі базар“ адкрытым».

Рашэннем журы ўладальніцай Гран-пры ⅩⅩIⅤ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» стала беларуска Лізавета Цупрык. Узнагароду дзяўчынка атрымала з рук беларускага лідара. 

Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025 — 2026 гады за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — удзельніцамі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Лаўрэатамі прэмій сталі галоўны дырыжор Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віталь Кульбакоў (за стварэнне канцэртных праграм, якія садзейнічаюць умацаванню дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі), аўтарскі калектыў у складзе Любові Падлеснавай і Надзеі Бабенка (за стварэнне і рэалізацыю выстаўкі «Бяссмерце подзвігу. Да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і аўтарскі калектыў у складзе Уладзіміра Малышава, Ірыны Зярновай, Ніны Качаляевай і Дзіяны Каблянковай (за стварэнне і рэалізацыю праекта «Кінаадукацыя: сумесныя адукацыйныя праекты дзяржаў-удзельніц краін СНД»). 

Рашэннем кіраўніка дзяржавы спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» сёлета прысуджана народнаму артысту Рэспублікі Беларусь Леаніду Захлеўнаму і народнаму артысту Расійскай Федэрацыі Аляксандру Зацэпіну. 

«Мастацтва — гэта і ёсць мір»

Прэзідэнту ўручылі памятны падарунак — кампазіцыю з «35 валошак» (валошкі выкананы па аналогіі з арыгіналам 1995 года). У 1995 годзе, калі «Славянскі базар у Віцебску» быў узяты пад асабісты патранаж кіраўніка дзяржавы, беларускаму лідару была ўручана адна валошка — як сімвалічны ўнёсак у лёс фестывалю. Падчас урачыстага адкрыцця ⅩⅩⅩⅤ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандру Лукашэнку падарылі цэлы «букет» славянскага адзінства з 35 валошак — роўна столькі, колькі споўнілася культурнаму форуму нашай краіны. 

Прэзідэнт падзяліўся, што памятае, як усё пачыналася. Ён нагадаў, што ўсе падарункі, якія атрымлівае, за рэдкім выключэннем, з’яўляюцца набыткам дзяржавы. 

«Я падумаў: пакіну я, напэўна, у Віцебску гэты падарунак, — падзяліўся беларускі лідар. — А потым падумаў: а можа, вышэй яго падняць. І прыняў рашэнне — у новым музеі нашай гісторыі (Нацыянальным музеі) або ў Палацы Незалежнасці знойдзем добрае месца, бо гэта знакавы момант».

Па словах кіраўніка дзяржавы, ён добра памятае 1995 год, калі давялося ўзяць фестываль пад асабісты патранаж. «Яна (Алена Спірыдовіч, нязменная вядучая „Славянскага базару ў Віцебску“. — „Зв.“) ад імя творчых работнікаў са слязьмі на вачах, з хваляваннем папрасіла мяне: „Толькі не губіце „Славянскі базар“, няхай ён, можа быць, слабейшы будзе, чым дзесьці, але каб ён застаўся“, — прывёў падрабязнасці беларускі лідар. — І я паабяцаў, што наша гэта дзейства мы павінны захаваць, чаго б нам ні каштавала. І дажджом залівала нас, і паліла сонцам — усялякае тут было. Мы вымушаны былі дах тут (пабудаваць. — „Зв.“). Узяць пад дах наша творчае мерапрыемства, але мы яго захавалі».

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што ён шчаслівы ў сваёй працяглай прэзідэнцкай службе канстатаваць, што гэта адна з важных старонак гісторыі нашай краіны. «Хаця ўсяго ў гэтым жыцці хапала, — заўважыў ён. — Але мастацтва... Яно нам так сёння патрэбна нашай славянскай сям’і, у нашай Садружнасці».

Звяртаючыся да артыстаў, творчых супрацоўнікаў, Прэзідэнт заклікаў іх рабіць сваю справу. «Ды не лезьце вы ў гэту палітыку, — папрасіў Аляксандр Лукашэнка. — Рабіце сваю справу. Радуйце людзей. Радасных дзён у вас, у нас не так ужо і шмат. Таму тое, што будзе адбывацца на гэтым маленькім пятачку — у Віцебску, з’яўляецца абнадзейваючым. Гэта наша жыццё. Гэта наша будучыня. Стварайце! Наколькі магчыма, мы будзем вам дапамагаць. Дзе б вы ні былі — у Афрыцы, у Амерыцы, жывяце вы ў Еўразіі, але вы ведайце, Беларусь — гэта мірны астравок, дзе вы знойдзеце заўсёды, як у нас кажуць, прытулак, дзе вы заўсёды знойдзеце пляцоўку для таго, каб на ўвесь свет заявіць, што мастацтва — гэта і ёсць мір. Шчасця, здароўя, поспехаў вам! Жывіце доўга і радуйцеся».

У афіцыйнай частцы гала-канцэрта «Славянскі базар — Легенда!» намеснік старшыні ўрада Расіі Аляксей Авярчук агучыў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. На адрас фестывалю паступілі віншаванні ад вышэйшых службовых асоб, палітычных і грамадскіх дзеячаў з розных краін свету.

Па завяршэнні гала-канцэрта яго ўдзельнікам уручылі кветкі ад імя Прэзідэнта. Фінальным акордам адкрыцця свята стала песня — гімн «Славянскага базару» — «Усе кветкі ліпеня», падчас якой неба над Віцебскам застракацела агнямі феерверку. 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
г. Віцебск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю