Семінар-нарада старшыні Брэсцкага абласнога Савета Ігара Брылевіча са старшынямі маладзёжных парламентаў пры Саветах дэпутатаў базавага ўзроўню адбыўся ў аграгарадку Парахонск Пінскага раёна.
І пленарная, і практычная частка семінара была прысвечана жыццёвым арыенцірам маладога пакалення. «Асноўная тэма нашай размовы датычыцца выхавання падрастаючага пакалення, — сказаў напачатку сенатар, старшыня Брэсцкага абласнога Савета Ігар Брылевіч. — Парахонск для сённяшняга мерапрыемства выбраны невыпадкова. Да гэтага пытання тут падыходзяць грунтоўна. ААТ „Парахонскае“ дасягнула надзвычай высокіх вынікаў у сацыяльна-эканамічным плане. Цяпер гаспадарка і аграгарадок вядомыя ва ўсёй Беларусі. Па вытворчасці ялавічыны сельгаспрадпрыемства займае першае месца ў краіне. Такія вынікі зусім невыпадковыя. На працягу многіх гадоў тутэйшыя працаўнікі дэманструюць сумленнасць, настрой на стваральную працу, любоў да малой радзімы».
Яшчэ Ігар Брылевіч падкрэсліў, што парахонцы заўсёды разам: разам вырашаюць вытворчыя пытанні, на суботнікі таксама выходзяць разам для таго, каб населены пункт выглядаў яшчэ больш прывабна, разам умеюць культурна адпачываць.
Як сказала аўтару гэтых радкоў старшыня Маладзёжнага парламента пры Брэсцкім абласном Савеце дэпутатаў Лізавета БАСАЛАЙ, самыя добрыя ўражанні яны атрымалі ад наведвання вытворчых аб’ектаў ААТ «Парахонскае»: «У рамонтнай майстэрні ідэальны парадак, такі ж, дарэчы, падтрымліваецца на машынным двары, на іншых аб’ектах. Нам паказалі нядаўна ўзведзены ангар для захавання буйнагабарытнай тэхнікі, расказалі пра палівальную ўстаноўку. На палях, дзе яна працавала, атрымалі шэсць укосаў траў. Для многіх маладых людзей, асабліва гараджан, такая экскурсія стала сапраўдным адкрыццём. Мы былі ўражаны сістэмай падтрымкі ўстаноў адукацыі і культуры з боку сельгаспрадпрыемства».
Паводле слоў Лізаветы Басалай, на пасяджэнні круглага стала ўдзельнікі семінара абмеркавалі актуальныя пытанні патрыятычнага выхавання моладзі. Кіраўнікі маладзёжных парламентаў раёнаў шмат чаго ўзялі на заметку, асабліва ў плане працоўнага выхавання дзетак, пачынаючы з дашкольнага ўзросту.
Фота «Пінскі тэлеграм»