15 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна ў дзявяты раз сабраў шматлікіх гасцей Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Свята, якое за 16 гадоў перарасло з міжрэгіянальнага ў міжнароднае і стала візітнай карткай Гомельшчыны, сёлета абяцае стаць рэкордным па маштабах.
Першы фестываль адбыўся ў 2010 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тады ў Ляскавічах сабраліся прадстаўнікі 11 раёнаў, каб правесці конкурс падвор’яў, аднавіць старажытныя абрады і рамёствы, пачаставаць гасцей рэдкімі народнымі прысмакамі. У 2012 годзе фестываль атрымаў статус рэспубліканскага, а ў 2014-м — міжнароднага. З таго часу «Кліч Палесся» праводзіцца раз у два гады і кожны раз збірае дзясяткі тысяч гасцей.
Сёлетні фестываль прысвечаны Году беларускай жанчыны і праходзіць пад дэвізам «Жаночы голас Палесся: спадчына, якая жыве». Гэтая тэма чырвонай ніткай праходзіць праз усе 13 этнападвор’яў, якія прадставілі восем раёнаў Гомельскай вобласці, чатыры раёны і горад Пінск Брэсцкай вобласці. Кожнае падвор’е абрала свайго галоўнага героя — гістарычны або фальклорны персанаж, звязаны з жаночымі вобразамі і лёсамі, якія пакінулі след на палескай зямлі.
9 гектараў і 50 тысяч гасцей
Фестывальныя пляцоўкі разгарнуліся на тэрыторыі больш за 9 гектараў. На свяце сабралася каля 50 тысяч наведвальнікаў. Для гасцей працуюць дзве канцэртныя пляцоўкі — галоўная і малая канцэртная сцэны. Сярод лакацый — інтэрактыўна-гістарычныя зоны, палявы кінатэатр і музейная пляцоўка.
Мясцовыя ўмельцы не толькі дэманструюць дзедаўскія промыслы, але і даюць магчымасць ахвотным паспрабаваць сябе ў справе. На майстар-класах можна даведацца тонкасці старажытнага рамяства, пачаставацца мясцовымі прысмакамі, патанчыць і нават папрацаваць на сапраўдным ткацкім станку.
Сёлетні «Кліч Палесся» багаты на прэм’еры. Гімн фестывалю — упершыню прагучала песня «Кліч Палесся» ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Беларусі імя Г.І. Цітовіча, а цырк-шапіто прадставіў тэматычную праграму «Таямніцы Малімона», шмат ахвотных сабрала інклюзіўная квэст-пляцоўка «У пошуках Цмока», лазернае шоу на вадзе — яшчэ адно відовішчнае новаўвядзенне. А завершыцца 12-гадзінны фестывальны марафон феерверкам над Прыпяццю.
Ганаровыя палешукі і Палеская прыгажуня
Па традыцыі на свяце аб’яўляюць імёны новых уладальнікаў ганаровага звання «Ганаровы паляшук». Сёлета ўзнагарод удастоены чатыры чалавекі: дырэктар ЗАТ «Сатурн-1 г. Жыткавічы» Міхаіл Саскевіч, загадчыца філіяла «Тонежскі сельскі Дом культуры» Тамара Прыбалавец, генеральны дырэктар ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандр Саўчыц і кіраўнік народнага ансамбля песні і танца «Палескія зоры» Сяргей Паддубны. Традыцыя прысуджаць званне вядомым дзеячам, чыё жыццё або праца цесна звязаны з беларускім Палессем, існуе з 2014 года. Першым яго ўладальнікам стаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Упрыгажэннем фестывальнага дня стаў фінал VII абласнога міжрэгіянальнага конкурсу прыгажосці і грацыі «Палеская прыгажуня — 2026».
На фестывальных пляцоўках — канцэртныя праграмы, інтэрактывы, майстар-класы. Для гасцей створана мноства лакацый з актыўнасцямі, дзе можна паўдзельнічаць, зрабіць каларытныя фота ў атмасферных лакацыях. Для аматараў кіно працуе палявы кінатэатр, дзе дэманструюцца дакументальныя і мастацкія фільмы беларускай вытворчасці.
Кліч Палесся — які маштаб!
Мы пабывалі на канцэрце і пагаварылі з прысутнымі ў глядацкай зале. Сустрэлі прадстаўнікоў мясцовага прадпрыемства. На фестываль яны прыехалі як запрошаныя прадстаўнікі арганізацыі:
— Мы - работнікі ААТ «Петрыкаўскі аграсэрвіс», прыйшлі на канцэрт з узнёслым настроем, — расказвае Алег Сопат.
Пацікавіліся, чым займаецца іх прадпрыемства:
— У нас ёсць механізаваны атрад. Дапамагаем з ворывам, апрацоўкай, перавозкай сіласнай масы. Таксама аказваем транспартныя і рамонтныя паслугі. Дапамагаем усім, чым можам.
— Мы з задавальненнем наведваем гэтае свята. Я наведваю фестываль звычайна з жонкай пастаянна, цяпер — з калегамі. З кожным годам усё ўдасканальваецца, усё прыгажэе. Цяпер тут усё цэнтралізавана, арганізавана вялікая сцэна. Вельмі прыемна. Ну, вядома, шмат цікавых людзей, знаёмых. Ёсць магчымасць сустрэцца, — усміхаецца Алег Уладзіміравіч.
У глядацкай зале сустрэлі жанчын у прыгожых беларускіх строях. Гэта Марына Імшанецкая, загадчыца сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва Хойніцкага Дома культуры і яе сяброўка Наталля Шарапава, якая працуе ляснічым у Палескім запаведніку, — яны ўдзельніцы фальклорнага ансамбля «Грамада».
— Мы прывезлі класнае падвор’е «Курані», — расказвае Марына Алегаўна. — Мележ — наш зямляк, і мы прывезлі частку нашай куранёўскай зямлі. А цяпер глядзім канцэрт і нам вельмі ўсё падабаецца. Увечары ўсіх запрашаем на фолк-фэст-пляцоўку хойніцкага вакальнага ансамбля «Грамада» паглядзець на нашу канцэртную праграму.
— Мы кожны год тут бываем, не прапускаем, — дзеліцца Марына. — Кожны раз параўноўваем: усё новае, усё лепшае. Спачатку гэта быў маленькі фестывальчык, сцэначка маленькая. А цяпер — маштаб!
Наталля Мікалаеўна прыйшла на фестываль не ў лясніцкай форме, а ў народным строі:
— Я 30 гадоў у культуры. Гэта маё хобі. Касцюмы нам шые і пляце з саломкі наш майстар, які таксама ўдзельнічае ў ансамблі «Грамада».
— Настрой цудоўны, сонечны! — усміхаюцца жанчыны. — Фестываль вельмі цікавы, усё дасканалае. Запрашаем усіх на наша падвор’е!
А непадалёк, у глядацкай зале, размясцілася група энергетыкаў на чале з Раманам Ядровым, начальнікам Петрыкаўскага РЭС філіяла «Мазырскія электрычныя сеткі».
— Мы адказваем за электразабеспячэнне гэтага мерапрыемства, — тлумачыць Раман Дзмітрыевіч. — Мы прыйшлі з калектывам. У нашым РЭС працуюць толькі лепшыя супрацоўнікі. Тут прадстаўлены і інжынерны склад, і рабочыя.
— Мы прыйшлі адпачыць, парадавацца, атрымаць асалоду ад гэтай атмасферы, адчуць, што такое «Кліч Палесся». Гэта ж наша радзіма, наша родная зямля.
Атмасфера свята — вачамі гасцей
Карэспандэнты «Звязды» сустрэлі на фестывалі пару са Слоніма — Вераніку Гусеву і Аляксандра Берагута. Яны не хавалі захаплення ад палескай гасціннасці:
— Летась мы тут былі ад пачатку да канца. Заўсёды прыязджаем у гэты парк, каб паглядзець, як жывуць людзі. Па характары палешукі сямейныя, радасныя, усе такія адкрытыя. Прыемна не толькі назіраць, як радуюцца іншыя, але і самім павесяліцца, нешта паспрабаваць. Таму мы сюды вяртаемся зноў і зноў.
А вось яшчэ адно меркаванне — ад тых, хто памятае фестываль з першага дня. Людміла Данілюк разам з мужам Ігарам прыехала ў Ляскавічы з Мазыра, хоць сама яна родам з Петрыкаўшчыны.
— Мы наведваем «Кліч Палесся» рэгулярна, з самага першага года, — дзеліцца Людміла. — Вельмі падабаецца, заўсёды знаходзім для сябе нешта новае. Дзівімся красе і багаццю нашага Палескага краю. І, што асабліва цешыць, тут шмат гасцей з Расіі, з-за мяжы. Яны наталяюцца нашай самабытнай культурай і вязуць яе дадому — так усё больш людзей даведваюцца пра Беларусь.
Асаблівую падзяку госця выказала сродкам масавай інфармацыі:
— Раней мы ездзілі сюды, калі фестываль толькі пачынаўся, — практычна не было рэкламы, мы даведаліся выпадкова, калі прыехалі да мамы ў вёску Івашковічы на Петрыкаўшчыне. А сёння — усе СМІ, сацсеткі раскручаны. Малайцы! Вялікі дзякуй вам, журналістам, за такую папулярызацыю. І, вядома, выдатна, што свята заўсёды ў суботу, у разгар адпачынкаў, — дадае суразмоўніца. — Гэта дае магчымасць кожнаму знайсці час і прыехаць.
А вось і госці з Мінска, якія трапілі на фестываль амаль выпадкова. Ганна Кудраўцава разам з мужам і сынам заязджала ў госці да родных і ўбачыла рэкламу па дарозе.
— Мы вырашылі абавязкова заехаць і не прапусціць мерапрыемства, — расказвае Ганна. — На такім фестывалі мы ўпершыню. Калісьці былі тут у Ляскавічах, каталіся на параходзіку, сафары. А цяпер — зусім іншае. Ужо паглядзелі батлейку, вельмі шмат цікавага. Вось прыйшлі — муж і сын у захапленні. Фестываль вельмі ўражвае. Дзякуй арганізатарам за такое свята!
Юлія Спірына — карэнная жыхарка Ляскавічаў, маці сямі дзяцей. Сёння яна прыйшла на фестываль з сястрой Палінай і маленькімі блізнятамі Багданам і Марыяй, якім споўніўся роўна годзік.
— Гэтае свята вельмі чакаюць усе нашы жыхары. Усе да яго рыхтаваліся, — расказвае Юлія. — Адчуванні непаўторныя. Мы толькі нядаўна прыйшлі, знаходзімся на дзіцячай зоне, знаёмім дзетак з атмасферай. Ім вельмі цікава паглядзець.
Юлія працуе ў мясцовай гаспадарцы даяркай, а зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Апроч Багдана і Марыі, у яе падрастаюць яшчэ дзяўчынкі-блізняткі і тры сыны — яны гуляюць па фестывальных пляцоўках разам з бацькам.
— Дзіцячая зона тут вельмі добрая, — усміхаецца Юлія. — Дзецям ёсць чым заняцца, а нам, дарослым, прыемна бачыць, як радуюцца малыя. «Кліч Палесся» — гэта свята для ўсіх узростаў.
Музычнае сэрца фестывалю — гарманісты з Жыткавіччыны
А каб адчуць сапраўдную душу Палесся, дастаткова падысці да любой імправізаванай музычнай пляцоўкі. Тут, сярод народных гукаў, карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з Васілём Каральцом, загадчыкам філіяла Жыткавіцкага Дома народнай творчасці.
Побач — яшчэ адзін музыкант, акампаніятар жаночага ансамбля «Азярына». Яны прадстаўляюць этнаграфічны калектыў «Міжрэчча» з вёскі Пагост, дзе калісьці працавала знакамітая Кацярына Панчэня.
— Гармонікі ў нас розныя, — паказвае Васіль Іванавіч. — У мяне — «Беларусь», а ў калегі — «Шуйская», яшчэ з савецкіх часоў. Мы іграем усё: аўтэнтычныя песні, сучасныя кампазіцыі, тое, што народ любіць і ведае. Вось, напрыклад, магу сыграць «Верасніцкую польку» — гэта характэрная для нашага рэгіёна мелодыя.
Музыканты сустракаюцца не толькі на фестывалях. Мужчыны жывуць у адным раёне, часам бачацца на мерапрыемствах.
— Мы адзін аднаго ведаем, — кажа Васіль Іванавіч. — Сёння сустрэліся тут. Разумеем адзін аднаго з паўслова, з паўакорда, — смяюцца творцы.
Майстры — захавальнікі традыцый
Не менш каларытнай на фестывалі была пляцоўка народных умельцаў.
Хрысціна Маркевіч, майстар народных мастацкіх рамёстваў з Азеранскага цэнтра рамёстваў Жыткавіцкага раёна, працавала за станком.
— У мяне на станку запраўлены рушнікі з нашым мясцовым узорам, — распавядае Хрысціна. — У нашай мясцовасці пераважалі кветкавыя ўзоры. Вось са старога рушніка, якому ўжо амаль 100 гадоў, мы перабралі ўзор на новы. Станок стандартны, такі, якімі бабулі карысталіся раней. У хатах стаялі нават меншыя станкі, іх на зіму спускалі з вышак у хату, бо летам былі сенакосы, а ўвосень праца ў агародзе ды ў полі.
А побач — Вольга Шляхценка, таксама майстар народных мастацкіх рамёстваў. Творца працуе з саломкай ужо 23 гады.
— Раней працавала на фабрыцы мастацкіх промыслаў, а цяпер — у Доме рамёстваў, — расказвае Вольга Данілаўна. — Саломка становіцца ўсё больш актуальнай. Дзеці з задавальненнем ходзяць на майстар-класы, ім падабаецца, кажуць, што яна пераліваецца на сонейку, як золата. Гэта сапраўды беларускае золата.
Майстрыха паказвае свае вырабы: капялюшыкі, упрыгажэнні для галавы — «падвічкі», якія выкарыстоўваюць падчас выступлення на сцэне, брошкі.
— Салома вельмі даўгавечная, — тлумачыць майстрыха. — Вырабы з саломы не выкідваюць, карыстаюцца вельмі доўга, пакуль не пацямнее.
Асаблівую ўвагу прыцягвае падворак Петрыкаўшчыны. Тут гасцей сустракае ўрачысты герой у старадаўнім касцюме. Як высветлілася, гэта вобраз Гераніма Хаткевіча — гістарычнай асобы, якой у XVI стагоддзі княгіня Соф’я Юр’еўна Алелькавіч падаравала маёнтак — горад Петрыкаў у карыстанне.
— Княгіня Соф’я пазней здзейсніла подзвіг — яна выйшла замуж за князя Януша Радзівіла, каб спыніць вайну, у якую было ўцягнута 20 тысяч чалавек, — распавядае герой у касцюме.
Кожнае падвор’е на фестывалі сімвалізуе нешта сваё. Петрыкаўшчына акцэнтуе ўвагу на традыцыйных промыслах, у тым ліку рыбалоўстве і народных рамёствах. І гэтая разнастайнасць — галоўная адметнасць «Клічу Палесся», дзе кожны рэгіён паказвае сваю душу і гісторыю.
Падвор’е «Курані» — гонар зямлякам-мележаўцам
На фестывалі асабліва вылучаецца падворак Хойніцкага раёна з красамоўнай назвай «Курані». Тут пануе атмасфера мележаўскай прозы — пра Ганну і Васіля з аповесці «Людзі на балоце».
Побач — кіраўніца народнага калектыву «Спадчына» з Хойніцкага цэнтра культуры Яна Лявіцкая. Яе калектыў — сапраўдны «бабулькавы» фальклор:
— У нас удзельнічаюць жанчыны ад 60 да 72 гадоў, — расказвае Яна. — Яны спяваюць аўтэнтыку, фальклор, прыпеўкі на беларускай мове. Удзельнічаюць у тэатралізацыях. Два гады таму выступалі на «Клічы Палесся» на галоўнай сцэне.
Кіраўніца калектыву Яна Лявіцкая — маладая дзяўчына ў народным строі ў ролі мележаўскай Ганны Чарнушкі, побач з дзяўчынай — яе калега ў ролі Васіля. Урачыста пара сустракае гасцей на сваім падворку. Яны ўвасабляюць вобразы з радзімы Мележа.
— Я нават касу сабе заказала, — усміхаецца Яна.
Гасцям падворка Яна прапануе паваражыць на лёс — выцягнуць з мяшэчка прароцтва.
— Гэта запіскі, якія прывязаны да сімвалічнай ігрушы з прароцтвамі, — тлумачаць дзяўчына. — Мы таксама выцягнулі запіску, у якой раілася захоўваць спакой душы.
І, канечне, не абыходзіцца без жартаў пра сямейныя адносіны: на падворку нас сустракае маці мележаўскага Васіля — Дзятліха, у ролі якой выступае загадчыца Дома рамёстваў Хойнікаў Людміла Смольская.
— Я маці таго самага Васіля, я так выхавала свайго сыночка, што ад яго не плача ніводная дзяўчына. Каб ён сваю нявесту не крыўдзіў, а яна майго сыночка не крыўдзіла.
— Усе палешукі паміж сабой падобныя, — дадае Людміла Смольская. — Мы такі народ, які можа ўсё — і спяваць, і танцаваць, і люльку качаць адной рукой, і мужыку ўвагу ўдзяліць.
Людміла Смольская расказвае, што яшчэ ў іх ёсць на падворку:
— У нас ёсць майстрыха, яе творчасць унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці — майстар саломапляцення. Мы робім беларускія абярэжныя лялькі. У кожнай ляльцы — сваё прызначэнне. Галоўнае, што яна перадае свайму гаспадару ці таму, хто яе набывае, сваё шчасце.
— Лялькі робяцца без вачэй, каб перадаць усю станоўчую энергетыку чалавеку. Энергетыку мы даём ад душы, з душэўным спакоем, цеплынёй і добрым сэрцам.
— Нашы лялечкі разыходзяцца проста на «ўра»! — дадае Людміла Аляксандраўна. — Сёлета мы былі ў «Першым Нацыянальным» у Мінску. Падыходзіла дэлегацыя, і ніводны чалавек без нашага абярэга не сышоў.
Майстрыхі паказваюць і іншыя вырабы — маленькіх старых-абярэгаў:
— Яны павінны жыць у кожнай хаце, бо ахоўваюць свайго гаспадара і прыносяць дабрабыт. Гэта сучасныя тэхналогіі, але ў іх — душа старажытнасці.
Фестываль «Кліч Палесся» з кожным разам набывае асаблівае гучанне. За адзін дзень Ляскавічы сталі не проста фестывальнай пляцоўкай, а сапраўдным домам для дзясяткаў тысяч людзей, якія прыехалі сюды з усёй Беларусі і з-за мяжы. Таму пакуль гучыць гэты кліч — жыве Палессе. А пакуль жыве Палессе — жыве Беларусь.
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД