Боль у спіне — адна з самых распаўсюджаных скаргаў нараўне з галаўным болем і болем у жываце. Пры гэтым спіна можа непакоіць па мностве прычын, каля 40 % выпадкаў звязаны з грыжамі. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, гэта не нараст на пазваночніку, а выпадзенне мяккага фрагмента змесціва міжпазваночнага дыска.
Боль узнікае, калі сціскаюцца нервовыя карэньчыкі. Ці можна пазбавіцца ад грыжы без аперацыі і як гэта зрабіць, а таксама як папярэдзіць іх з’яўленне, расказала ўрач-рэфлексатэрапеўт Юлія РУДЭНКА.
— Ці можна вылечыць грыжу без аперацыі? У якіх выпадках хірургічнае ўмяшанне неабходна, а калі можна абысціся? І колькі часу патрабуецца на лячэнне без аперацыі?
— У большасці выпадкаў грыжы міжпазваночных дыскаў можна паспяхова лячыць без хірургічнага ўмяшання, асабліва калі гаворка ідзе пра раннія стадыі ці невялікія памеры. Такі падыход уключае кансерватыўныя метады, накіраваныя на зніжэнне запалення, памяншэнне ціску на нервовыя карэньчыкі і аднаўленне функцыі мышачнага гарсэта. Аднак ёсць сітуацыі, калі аперацыя становіцца неабходнай, — напрыклад, пры наяўнасці выяўленай неўралагічнай сімптаматыкі, прагрэсавальнай слабасці мышц, моцных болях, якія не паддаюцца іншым метадам, або пры наяўнасці рызыкі інваліднасці.
Што да тэрмінаў, то лячэнне без аперацыі можа займаць ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Звычайна першыя паляпшэнні прыкметныя ўжо праз 2-4 тыдні, але паўнавартаснае аднаўленне і стабілізацыя стану патрабуюць, як правіла, 2-6 месяцаў. Важна разумець, што кожны выпадак індывідуальны: хуткасць і эфектыўнасць тэрапіі залежаць ад ступені пашкоджання, узросту пацыента і іншых фактараў.
— Што ў паўсядзённым жыцці мы робім няправільна, з-за чаго ўзнікаюць грыжы?
— Многія звычкі і няправільныя дзеянні садзейнічаюць развіццю грыж, асабліва ў вобласці пазваночніка. Напрыклад, няправільная тэхніка пад’ёму цяжараў — калі мы падымаем цяжкія прадметы, згінаючы спіну, а не прысядаючы і трымаючыся за ногі. Гэта стварае празмерную нагрузку на міжпазваночныя дыскі.
Таксама мы часта сядзім у няправільным становішчы, асабліва шкодная поза без падтрымкі паясніцы, як і ў цэлым працяглае знаходжанне ў статычным становішчы, што негатыўна ўплывае на стан пазваночніка. Недастатковая фізічная актыўнасць, слабасць мышачнага гарсэта, няправільнае харчаванне і лішняя вага — усё гэта павялічвае рызыку з’яўлення грыж. Стрэсавыя сітуацыі, парушэнне рэжыму адпачынку і сну таксама негатыўна адбіваюцца на здароўі пазваночніка.
Важна памятаць, што здароўе спіны — вынік комплекснага падыходу: правільнай постаці, умераных фізічных нагрузак, умацавання мышц і захавання рэжыму. Комплексны падыход патрабуе лячэння ў адной медыцынскай установе і, як гаворыцца, у «адных руках».
У вас павінен быць доктар, які каардынуе працу іншых урачоў і кантралюе асабіста працэс выздараўлення.
— У чым заключаецца лячэнне без аперацыі? Што трэба рабіць, каб яго паскорыць?
— Кансерватыўнае лячэнне грыж уключае некалькі ключавых кампанентаў. Першае — гэта ліквідацыя болю і запалення з дапамогай медыкаментозных сродкаў, а таксама метадаў рэфлексатэрапіі і фізіятэрапіі, якія значна зніжаюць запаленчы працэс і паляпшаюць мікрацыркуляцыю.
Другі этап — аднаўленне і ўмацаванне мышачнага гарсэта. Для гэтага выкарыстоўваюць лячэбную фізкультуру, спецыяльна падабраныя практыкаванні, масаж і электрастымуляцыю. Важным складнікам з’яўляецца карэкцыя ладу жыцця: зніжэнне вагі, адмова ад шкодных звычак і правільная арганізацыя працоўнага месца.
— Якія сучасныя метады стымулююць натуральныя працэсы рассмоктвання грыжы і зажыўленне дыска?
— У апошнія гады ў медыцыне з’явіліся інавацыйныя метады, якія садзейнічаюць стымуляванню натуральных працэсаў рассмоктвання грыж і рэгенерацыі міжпазваночных дыскаў. Адным з такіх з’яўляецца тэрапія плазмагеннай крывёй (PRP), якая ўводзіцца ў праблемную зону і ўдзельнічае ў стымуляцыі росту новых клетак і сасудаў.
Таксама актыўна выкарыстоўваюць рэфлексатэрапію, якая ўключае розныя спосабы ўздзеяння на пэўныя кропкі — кропкі акупунктуры. Найбольш часта мы ўколваем акупунктурныя іголкі, але таксама можам прымяняць фармакапунктуру — увядзенне лекавых прэпаратаў у кропкі акупунктуры, дадаваць фізічныя фактары — лазерапунктуру, магнітапунктуру, ударна-хвалевую рэфлексатэрапію, карбаксірэфлексатэрапію (увядзенне вуглякіслага газу). Колькасць працэдур і кратнасць іх правядзення індывідуальныя. Варта адзначыць, што да правядзення рэфлексатэрапіі ёсць супрацьпаказанні, таму заўсёды неабходна вочная кансультацыя спецыяліста.
Важна падкрэсліць, што эфектыўнасць гэтых метадаў залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў пацыента і стадыі захворвання. Яны патрабуюць прафесійнага падыходу і прызначэнняў спецыяліста.
— Ці ёсць прыёмы самадапамогі пры абвастрэнні болі ў паясніцы?
— Так, пры вострых болях у паясніцы ёсць некалькі простых, але дзейсных мер, якія дапамагаюць зняць непрыемныя адчуванні і стабілізаваць стан. Па-першае, важна выконваць спакой — пазбягайце рэзкіх рухаў і цяжкіх фізічных нагрузак.
Палегчыць стан дапамагаюць лёгкія расцяжкі і дыхальныя практыкаванні, а таксама становішча цела — можна легчы на спіну, падклаўшы пад калені валік або падушку, каб знізіць нагрузку на паяснічны аддзел. Важна пазбягаць працяглага сядзення і імкнуцца мяняць позу.
Але самае галоўнае — пры моцнай болі або наяўнасці здранцвення, слабасці мышц неабходна абавязкова звярнуцца да ўрача-неўролага.
Самалячэнне і няправільныя дзеянні могуць пагоршыць сітуацыю.
Алена Кравец