Мікола Калінковіч — знакавы персанаж у беларускім краязнаўстве. Хаця яго лёс быў звязаны і з рознымі куточкамі сёння ўжо постсавецкай прасторы. Тэрміновую службу правёў пад Ленінградам — Санкт-Пецярбургам. Жыў і працаваў, вучыўся ў Маскве, Туркменістане і Грузіі... І ва ўсе гады свайго кароткага жыцця, пачынаючы са школьнага часу, рупіўся ў зборы і вывучэнні памятак роднай зямлі. Найперш — тых, што звязаны з роднай Лунінецкай старонкай.
Не выпадкова ў Лунінцы, а нарадзіўся краязнаўца і пісьменнік менавіта ў гэтай старонцы, ёсць помнік Калінковічу, яго імя носіць адна з вуліц палескага гарадка. А зараз Лунінецкі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне прысвоіць цэнтральнай раённай бібліятэцы наступную назву — Цэнтральная раённая бібліятэка імя Мікалая Калінковіча. Знаходзіцца гэтая асветніцкая ўстанова ў цэнтры горада — вуліца Фрунзэ, 12.
Нагадаем, што Мікола Калінковіч з’яўляецца аўтарам кніг «Не обрывается земная связь», «Имя моё — Свобода», «Возвращение рассветной рани», «Лунинец», «Палескія дні Аляксандра Блока», выдадзеных у Ашхабадзе (Туркменістан) і Мінску. У розных перыядычных выданнях друкаваліся ўрыўкі з дакументальных аповесцяў пісьменніка-земляка пра Аляксандра Грыбаедава, Браніслава Тарашкевіча.У Саюзе пісьменнікаў Беларусі працуе мемарыяльная камісія Мікалая Калінковіча, працу якой узначальвае вядомы празаік Сяргей Трахімёнак. Менавіта СПБ з удзелам лунінецкай грамадскасці на чале з публіцысткай, краязнаўцам Таццянай Канапацкай ініцыіраваў і працягвае ініцыіраваць многія творчы праекты, звязаныя з ушанаваннем памяці славутага земляка.
Мікола Берлеж