Top.Mail.Ru

Камандзіроўка Прэзідэнта працягваецца на Петрыкаўшчыне

«Усё павінна быць танна і функцыянальна»


У нядзелю Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс ААТ «Агра-Ляскавічы», які спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса, а таксама вырошчванні збожжавых і кармавых культур. Гаспадарка, якая ўваходзіць у сістэму Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, развіваецца як перадавы ўзор для Палесся.

Кіраўнік дзяржавы наведваў малочнатаварны комплекс ААТ «Агра-Ляскавічы» неаднойчы. Толькі ў 2025 годзе двойчы — у маі і кастрычніку. Вясной беларускі лідар даручаў паскорыць мадэрнізацыю комплексу. Восенню была пастаўлена задача аб заканчэнні будаўніцтва двух кароўнікаў і даільна-малочнага блока. Гэтым разам Прэзідэнт асабіста пракантраляваў маштабную мадэрнізацыю і выкананне тэхналогій у вытворчасці.


«Не трэба будаваць з празмернасцямі»

Інвестыцыйны праект па будаўніцтве ў ААТ «Агра-Ляскавічы» двух кароўнікаў на 384 галавы прадпрыемствам рэалізаваны ў 2025 годзе. Кароўнікі пабудаваны з прымяненнем драўляных канструкцый. За гэты час комплекс таксама папоўніўся даільна-малочным блокам, іншымі дапаможнымі будынкамі і збудаваннямі. Летась пачата работа па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па ўзвядзенні двух падземных сховішчаў для захоўвання збожжа. Кожнае дазволіць павялічыць захаванасць збожжа і забяспечыць надзейнае працяглае захоўванне беларускага золата. 

Найперш кіраўнік дзяржавы наведаў прафілакторый для цялят, узведзены з металічных канструкцый. Там зайшла размова аб кошце будаўніцтва такіх аб’ектаў. Прэзідэнт паставіў пытанне перад адказнымі службовымі асобамі: які прафілакторый будзе таннейшым — з металічных або драўляных канструкцый. 


«Нам не патрэбны квадратныя (метры. — „Зв.“), нам трэба функцыянальны цялятнік на колькасць галоў», — агучыў сваё патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, раней такіх «палацаў» для цялят не было. Пры гэтым захаванасць маладняку была лепшай.

«Трэба вызначыцца з губернатарамі (гэта, вядома, іх справа, дзе і як будаваць), але навошта будаваць у два разы даражэй? — задаў пытанне Прэзідэнт. — Калі за свае грошы, я буду вітаць дарагія „палацы“ для гэтых малютак. Што датычыцца бюджэтных сродкаў, іх трэба расходаваць рацыянальна». 

Прэзідэнта праінфармавалі, што да будаўніцтва гэтага аб’екта прыступілі ў чэрвені 2025 года. Праект быў рэалізаваны за паўгода. Цяпер тут утрымліваецца 136 цялят. 


Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко далажыў, што ў цэлым у вобласці за мінулы год было пабудавана 50 цялятнікаў. Усе яны былі ўзведзены гаспадарчым спосабам. 

«Я вам раблю заключэнне адназначнае: усё павінна быць танна і функцыянальна, — агучыў Аляксандр Лукашэнка сваё патрабаванне да будаўніцтва цялятнікаў. — Не трэба будаваць з празмернасцямі».

Прафілакторый, які наведваў Прэзідэнт, пабудаваны на аснове металаканструкцый. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ёсць вялікая колькасць драўніны, якая часам проста гніе. Па яго словах, гэту драўніну трэба выкарыстоўваць рацыянальна, у тым ліку для будаўніцтва падобных аб’ектаў. Яшчэ адзін плюс цялятнікаў з драўніны — іх кошт, які меншы, чым у металічных.

«У нас згніе лес на ўзлесках (ён ужо гніе), таму распілуйце і зрабіце цялятнік, — паставіў задачу беларускі лідар. — Ён прастаіць на 20 % менш па тэрмінах, чым гэты (металічны. — „Зв.“). Пабудуем новы. Можа, разбагацеем. Вось я аб чым думаю. Гэта мая філасофія». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будаваць цялятнікі неабходна і з улікам іх даўгавечнасці. Акрамя таго, па яго словах, трэба ўлічваць функцыянальнасць і тэхналагічнасць гэтых аб’ектаў.


«Таму трэба пралічыць: кошт, дзе возьмем грошы, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць у Назарава (Юрыя Назарава, кіраўніка спраў Прэзідэнта. — „Зв.“) з Шарснёвым (Мікалаем Шарснёвым, намеснікам кіраўніка спраў Прэзідэнта. — „Зв.“) грошы шалёныя — няхай будуюць. Да мяне не прыходзьце. Я ўмею лічыць грошы. Таму павінны быць танныя і тэхналагічныя (малочнатаварныя комплексы. — „Зв.“)». 

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз звярнуў увагу на пытанне захаванасці маладняку. Ён нагадаў пра агучаныя раней факты, выяўленыя Камітэтам дзяржаўнага кантролю ў Рагачоўскім раёне. Падчас наведвання Мазырскага раёна беларускі лідар паказаў кіраўніку вобласці жахлівыя фотаздымкі, на якіх адлюстраваны загінулыя жывёлы, раскіданыя на палях. 

«Гектар зямлі, і на паверхні валяюцца загінулыя цяляты», — канкрэтызаваў Прэзідэнт.


Старшыня КДК далажыў, што кіраўнік гаспадаркі, дзе выяўлены жахлівыя факты, знаходзіцца ў СІЗА.

У цэлым беларускі лідар даў станоўчую ацэнку пабудаванаму прафілакторыю. «Вядома, шыкоўны комплекс, але перспектыва магла быць і ў жалезабетоне, і ў дрэве, — канстатаваў ён. — Добры прафілакторый, цялятнік, але дарагавата».

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на хуткія тэрміны рэалізацыі аб’екта. «Тое, што па тэрмінах вы малайцы, тут трэба аддаць належнае Назараву і будаўнікам, — удакладніў ён. — Вы гэта зрабілі хутка. Дзіўна. Я думаў, вы тут год з лішнім-паўтара будавалі, а вы, аказваецца, за паўгода. Гэта вельмі добра». 

Прэзідэнту паказалі пакой, дзе апрацоўваецца посуд для кармлення цялят. «Тэхналогіі парушаць нельга», — катэгарычна заявіў ён.

«Прадавайце, мяса ў нас хапае»

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу больш актыўна развіваць мясную жывёлагадоўлю. У якасці прыкладу ён прывёў племянны завод па развядзенні буйной рагатай жывёлы герэфордскай пароды ў Дрыбінскім раёне, які наведваў у сакавіку. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы герэфордскай пароды. Яна ўваходзіць у лік самых папулярных у свеце мясных парод буйной рагатай жывёлы, якая вызначаецца высокай вынослівасцю, непераборлівасцю і спакойным характарам.


«Гэта тое, што трэба нам, палешукам», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнта праінфармавалі, што племянной жывёлагадоўляй займаюцца і на Гомельшчыне. Толькі тут разводзяць абердзін-ангускую пароду кароў, якая з поспехам ідзе на экспарт. 

«Малайцы, прадавайце, мяса ў нас хапае, — канстатаваў беларускі лідар. — Тое, што вы прадаяце на знешніх рынках, — гэта добра. Гэта валюта».

Аляксандр Лукашэнка патрабаваў развіваць гэты кірунак больш актыўна. «Калі ёсць рынак, а ён будзе, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Таму попыт будзе».


Па яго словах, у свеце расце попыт і на прадукты харчавання, і на ўгнаенні, што прыводзіць да павышэння цэн на іх. «Наш час, па-мойму, прыходзіць, — адзначыў Прэзідэнт. — І мы недарма ўкладвалі (грошы. — „Зв.“) у сельскую гаспадарку. Таму трэба развіваць і гэту мясную пароду. Тым больш, гэта непераборлівыя жывёлы».

Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сусветнае павышэнне цэн на дызельнае паліва. Пры гэтым ён адзначыў, што нашы грамадзяне, у тым ліку аграрыі, адчуваюць сябе спакойна. У Беларусі, па яго словах, сеюць, а ў Еўропе самалёты не лятаюць. 


«Галоўнае, каб было тэхналагічна, зручна для жывёлы»

Прэзідэнт таксама пабываў на адным з узведзеных кароўнікаў, дзе ўтрымліваецца дойны статак. Ён пабудаваны з драўляных канструкцый, вырабленых з мясцовай сыравіны.

«Добрыя памяшканні, і аб’ёмы добрыя, і праветрываюцца, — даў ацэнку ўбачанаму кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае, каб было тэхналагічна, зручна для жывёлы. І грошы. Павінна быць эканоміка». 

Пры будаўніцтве МТК Аляксандр Лукашэнка раіць прытрымлівацца рацыянальнага падыходу: робячы стаўку на новае, не адмаўляцца ад старога. Па яго словах, не варта знішчаць тое, што ёсць, асабліва моцныя будынкі. Часам дастаткова іх пераабсталяваць, мадэрнізаваць або перапрафіляваць. 


«Трэба з таго, што ёсць, узровень узняць, выціснуць максімум, — паставіў задачу беларускі лідар. — А потым ужо глядзець: або комплексы будаваць або яшчэ што-небудзь».

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на павышэнне ўрадлівасці глебы. «Палессе адрадзіць у сельскай гаспадарцы — гэта толькі ўзнімаючы ўрадлівасць, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вось мы пабудавалі (малочнатаварны комплекс. — „Зв.“). Шыкоўна! Але ўсё ж — з зямлі. Я хачу, каб гэта зямля працавала не так, як цяпер». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Петрыкаўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю