«Дух, фундамент і аснова ў нас адна — справядлівасць»
Сярод узнагароджаных — людзі, якія большую частку жыцця прысвяцілі правасуддзю. Валянцін Сукала, узнагароджаны ордэнам Айчыны II ступені, на працягу 28 гадоў узначальваў Вярхоўны Суд. Пётр Міклашэвіч, якому Прэзідэнт уручыў ордэн Айчыны III ступені, у 2008 — 2025 гадах з’яўляўся кіраўніком Канстытуцыйнага Суда. Высокіх узнагарод яны ўдастоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ва ўдасканаленне судовай сістэмы, забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці.
«Мы павінны свой вопыт перадаць ім»
Кіраўнік дзяржавы выказаў шчырую ўдзячнасць папярэднім старшыням судоў за ўсё тое, што яны зрабілі для краіны. «Час ідзе, прыходзяць маладыя людзі — гэта добра, гэта правільна, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы павінны свой вопыт, калі яны захочуць, перадаць ім, што і будзем рабіць у бліжэйшыя гады, што б пра нас ні гаварылі і ні пісалі. Магчыма, дзяржава, Валянцін Алегавіч і Пётр Пятровіч, не ўсё зрабіла для вас за час вашай службы нашай дзяржаве. Таму, я думаю, мы з вамі яшчэ сустрэнемся, абмяркуем усе праблемы: ад асабістых да дзяржаўных. Хаця асабістых праблем у нас з вамі няма, а пра будучыню мы яшчэ з вамі пагаворым».«Мы з гэтымі „монстрамі“ ад юрыспрудэнцыі (прабачце мне за гэта «добрае» слова) не развітваемся, — пасля цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод Валянціну Сукалу і Пятру Міклашэвічу звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я вельмі спадзяюся, што абноўлены Канстытуцыйны Суд, а тым больш Вярхоўны Суд краіны будуць функцыянаваць дакладна так — у міры і згодзе — з іншымі органамі дзяржаўнай улады і ўнясуць годны ўклад у канчатковае фарміраванне той архітэктуры Беларусі, якую мы хацелі б бачыць ва ўладзе».
Аляксандр Лукашэнка папрасіў ранейшых кіраўнікоў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў не сыходзіць далёка ад таго, што стваралася дзесяцігоддзямі. «Вялікі вам дзякуй. Думаю, што тыя, хто прыходзіць нам на змену, зробяць гэта лепш за нас і больш годна», — заўважыў Прэзідэнт.
«Судовая сістэма мае свой, беларускі, твар»
У сваім слове ў адказ Валянцін Сукала, Старшыня Вярхоўнага Суда ў 1997 — 2025 гадах, выказаў удзячнасць за аказаны яму давер на працягу доўгага часу ўзначальваць вышэйшы судовы орган краіны, за высокую ацэнку яго дзейнасці праз уручэнне ўзнагароды.
«Было б справядліва гэту ўзнагароду падзяліць разам з некалькімі пакаленнямі паплечнікаў і аднадумцаў, з якімі мы разам стваралі нашу нацыянальную судовую сістэму, — удакладніў ён. — Сёння гэта сістэма мае сваё, беларускае, аблічча. Яна мае сацыяльную накіраванасць, яна поўнасцю адаптаваная ў палітычную, прававую сістэму нашай краіны».
Ад імя судзейскай супольнасці Валянцін Сукала выказаў удзячнасць кіраўніку дзяржавы за зробленае для судовай сістэмы. «Судзейскі корпус нашай краіны вельмі высока цэніць вашу ўвагу, клопат аб суддзях краіны», — удакладніў ён.
Віншуючы свайго калегу Андрэя Шведа, які заступае на пасаду, папярэдні кіраўнік Вярхоўнага Суда пажадаў яму працоўных поспехаў і прафесійнага даўгалецця.
Пётр Міклашэвіч, Старшыня Канстытуцыйнага Суда ў 2008 — 2025, выказаў удзячнасць Прэзідэнту за высокі дзяржаўны давер і ацэнку яго дзейнасці на ранейшай пасадзе па ўмацаванні канстытуцыйнай законнасці, канстытуцыйнага правапарадку ў краіне.
«Асаблівая ўдзячнасць вам, Аляксандр Рыгоравіч, за ўсямерную падтрымку дзейнасці Канстытуцыйнага Суда па забеспячэнні вяршэнства Канстытуцыі, абароны канстытуцыйнага ладу, канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, — канкрэтызаваў Пётр Міклашэвіч. — І, безумоўна, за стварэнне належных, цудоўных умоў для работы суддзяў, супрацоўнікаў сакратарыяту Канстытуцыйнага суда».
Абноўленаму складу Канстытуцыйнага Суда і новаму старшыні Сяргею Сіўцу Пётр Міклашэвіч пажадаў паспяховай эфектыўнай дзейнасці па выкананні задач, ускладзеных на Канстытуцыйны Суд, для чаго ёсць усе ўмовы.
«Мы працуем на карысць нашага народа»
Прысягу прынеслі Старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй Швед і Старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец, выбраныя на гэтыя пасады падчас пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу ў снежні 2025 года. Андрэй Швед пакляўся перад беларускім народам сумленна і непрадузята выконваць свае абавязкі, ажыццяўляць правасуддзе, падпарадкоўваючыся толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць бесстароннім і справядлівым. Сяргей Сівец узяў на сябе абавязацельства сумленна, добрасумленна і непрадузята абараняць канстытуцыйны лад і вяршэнства Асноўнага Закона краіны.
Словы прысягі вымавілі і выбраныя суддзі Канстытуцыйнага Суда: Павел Грыдзюшка, Аляксандр Каравай, Андрэй Кавальчук, Таццяна Праташчык і Алена Сямашка. Пасля цырымоніі прынясення прысягі кожнаму з суддзяў Аляксандр Лукашэнка ўручыў пасведчанне і падарункавы экзэмпляр Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
«У гэты ўрачысты момант хачу сказаць не зусім пра ўрачыстае, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ведаеце, у нашым грамадстве, напэўна, — у ціхім, спакойным грамадстве (дай бог, каб і далей так было) — не ўсе і не заўсёды разумеюць ролю асабліва Канстытуцыйнага Суда. Калі з Вярхоўным Судом і агульнымі судамі ў нас людзі часта сутыкаюцца ў жыцці, патрабуючы справядлівасці (і гэта правільна), то з Канстытуцыйным (судом. — „Зв“.) не заўсёды».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка ўказаў на апошнія падзеі ў дружалюбнай нам Венесуэле. «Вось дзе Канстытуцыйны Суд сыграў сваю ролю і прыняў жорсткія рашэнні, — удакладніў беларускі лідар. — Вы бачыце (аб чым я ўжо вас папярэджваў даўно) тую турбулентнасць, якую мы назіраем у свеце. У гэтай сітуацыі трэба быць акуратнымі, спакойнымі, не спяшацца. І многае будзе залежаць ад вас, суддзяў, старшыняў нашых судоў, суддзяў Канстытуцыйнага Суда. Вельмі многае будзе залежаць. Таму майце гэта на ўвазе. Цаніце гэта і беражыце краіну. Мы працуем на карысць нашага народа, не страцілі нашы традыцыі, не страцілі тое, што дасталося нам ад нашых продкаў».
Па словах кіраўніка дзяржавы, жыццё вельмі разнастайнае. «Асабліва ў момант змены пакаленняў, — удакладніў ён. — Справа ў тым, як мы будзем выконваць волю нашага народа. А ён гэта заслужыў. Будзьце вельмі пільнымі, акуратнымі і ўважлівымі».
Як запэўніў Прэзідэнт, ад яго дрэнных вестак для судоў чакаць не давядзецца. «У мяне былі непрыемныя, дзіцячыя, можна сказаць, уражанні аб суддзях і аб судзе, я з гэтым сутыкнуўся, але памятаю дагэтуль, нават у дэталях, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я пакляўся сам сабе, што наколькі будзе маіх магчымасцяў і здольнасцяў, я буду рабіць усё, каб у грамадстве было справядліва».
Кіраўнік дзяржавы неаднойчы гаварыў аб тым, што немагчыма прапісаць усё ў законах, нават у Канстытуцыі (юрысты гэта асабліва разумеюць). «Але дух, фундамент і аснова ў нас адна — справядлівасць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І гэта вас перш за ўсё датычыцца. Будзьце справядлівымі да нашых людзей, да нашага народа. Шчасця вам, здароўя, жывіце доўга і дзейнічайце на карысць сваёй краіны і нашага народа».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА