Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці.
«Вы ідзяце кіраўнікамі ў няпросты перыяд. Вельмі няпросты перыяд. Сёння ніхто не ведае, якім будзе свет заўтра», — папярэдзіў прызначаных на пасады ў кадравы панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў кандыдатуры новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый, прызначыў новых прадстаўнікоў дыпмісій.
І па традыцыі кадравых дзён Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты, на якія новапрызначаным трэба звярнуць пільную ўвагу на месцах іх адказнасці.
«Ні ў якім разе нельга расслабляцца»
Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Аляксандра Каменданта першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама, Аляксандра Новікава — старшынёй Гомельскага райвыканкама, Уладзіміра Антоненкі — старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама, Дзяніса Ядчанкі — старшынёй Нараўлянскага райвыканкама, Мікалая Клімянка — старшынёй Лоеўскага райвыканкама, Юрыя Касталомава — старшынёй Зэльвенскага райвыканкама, Андрэя Гардзея — старшынёй Смаргонскага райвыканкама, Аляксандра Курылы — старшынёй Карэліцкага райвыканкама.
Прэзідэнт падкрэсліў, што добра ведае раёны, у якія ўзгадніў новых кіраўнікоў. Да старшыняў райвыканкамаў ён звярнуўся, зыходзячы з вопыту сваіх нядаўніх наведванняў раёнаў. «Хачу, каб вы запомнілі галоўнае. Чыіхсьці прадпрыемстваў, зямель, кустоў або вёсак, акрамя вашых, няма. Вы там за ўсё адказваеце», — папярэдзіў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, усё роўна — прыватнае прадпрыемства, рэспубліканскага, абласнога або раённага падпарадкавання — гэта адказнасць старшыні райвыканкама. «Яно можа каму заўгодна належаць, але кадравую палітыку і парадак забяспечваеце там вы. Я хачу, каб вы гэта пачулі. Калі ёсць нейкае неразуменне, там ёсць памочнік Прэзідэнта і мае ўпаўнаважаныя — усе вышэйшыя службовыя асобы. Калі ёсць нестыкоўка — калі ласка, звяртайцеся, вырашайце пытанні», — расставіў акцэнты кіраўнік дзяржавы.
Выказаўся Прэзідэнт і аб бягучым моманце ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці аб тым, што выклікае ў яго насцярожанасць, — аб уборцы кукурузы. «Вы ведаеце, што кукурузу сёння ўбіраюць на сілас яшчэ. Хоць я не ўяўляю, які там можа атрымацца сілас. Кукуруза ўжо высахла, яшчэ не перасохла, але высахла. Таму вызначайцеся на месцы: калі з гэтай кукурузнай масы можна прыгатаваць сілас — гатуйце. Рабіце ўсё якасна, каб не было кіслаты гэтай, каб не атрымаўся гнілаж нейкі ў вас у траншэях, а потым жывёла гіне, асабліва цяляты, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — І кукуруза на зерне. Не трэба спадзявацца, што падсохне, маразы, кукурузу на зерне ўбяром. Не забывайце, што кукуруза можа заразіцца рознага роду грыбковымі захворваннямі, а то і наогул у пачатках згніе. Таму ў любы момант, калі можна, убірайце кукурузу. Калі ў ёй высокае ўтрыманне вільгаці — плюшчыце. Плюшчылак закупілі дастаткова — працуйце. Неабавязкова зерне кукурузы сушыць. Гэту тэхналогію вы ведаеце».
Што датычыцца ўборкі буракоў, кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў не расслабляцца — невядома, якое будзе надвор’е. Сяўбу азімых, па словах кіраўніка дзяржавы, на гэтым тыдні трэба завяршаць. Тым больш засталося не так шмат. «Трэба спыніць сеяць азімыя культуры, адсеем яравымі. І заняцца маштабна ўзворваннем, уздымам зябліва. Хоць адзін трактар у гаспадарцы павінен працаваць з плугам. Так, год незвычайны, усё зрушылася, перасунулася. Але на каго мы будзем крыўдзіцца? З аднаго боку, незвычайны, з другога — ураджайны. Таму трэба напружвацца. Ні ў якім разе нельга расслабляцца. Трэба ўбраць кукурузу, трэба ўбраць буракі і трэба пераараць глебу», — акрэсліў кола задач Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на яшчэ адзін важны аспект — работу з людзьмі. «Усе сёлы, вёскі, мястэчкі, пасёлкі гарадскога тыпу — усё гэта ваша, і людзі там вашы. Таму працуйце, не адпіхвайцеся, не адбрыквайцеся ад людзей. Яшчэ раз паўтараю: для нашага чалавека часам важна проста сустрэцца і пагаварыць. Не трэба сябе адчуваць на галаву вышэй за звычайных людзей. Гэта нашы людзі, мы для іх працуем», — параіў беларускі лідар кіраўнікам райвыканкамаў.
«Якасць перш за ўсё»
Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Андрэя Сойкі генеральным дырэктарам ААТ «Белшына», Алега Курыліна — генеральным дырэктарам ААТ «Магілёўхімвалакно». Віталь Шэлег — новы генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па «Белшыне» і «Магілёўхімвалакне» размоў больш быць не павінна. Па яго словах, новыя кіраўнікі — людзі талковыя, якія павінны выцягнуць гэтыя прадпрыемствы. «Не спадзявайцеся, што вы прыйдзеце і з бюджэту возьмеце грошы. Грошы атрымаеце толькі пад канкрэтныя пастаўкі прадукцыі. Ёсць у вас заўтра на экспарт прадукцыя прадаць, і цвёрда вы атрымаеце грошы — вось вам пазычым капейку, прадалі — і назад вярнулі. Пра гады нейкія, стагоддзі, дзесяцігоддзі гаворкі не ідзе. Узяў — заўтра вярнуў. Толькі так», — папярэдзіў Прэзідэнт. Па яго словах, «Белшына» і «Магілёўхімвалакно» — асноўныя прадпрыемствы Магілёўскай вобласці, таму новым кіраўнікам разам з калектывамі трэба вырашыць, як іх выцягваць.
Што датычыцца «Гомсельмаша», то, па словах кіраўніка дзяржавы, прадукцыя гэтага прадпрыемства патрэбная ўсюды. Былы генеральны дырэктар Аляксандр Новікаў перайшоў на пасаду старшыні Гомельскага райвыканкама, і Прэзідэнт даручыў яму перадаць усе кампетэнцыі, вопыт і навыкі новаму генеральнаму дырэктару, дапамагаць, калі ўзнікне патрэба. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што галоўнае — гэта якасць, што актуальна не толькі для «Гомсельмаша», але і для іншых прадпрыемстваў.
«Якасць перш за ўсё. Будзе добрая якасць, будзьце ўпэўненыя, што асноўны рынак — Расійская Федэрацыя — спажыве вашу тэхніку, ім трэба якасць, — канстатаваў беларускі лідар. — На „Гомсельмашы“ мы яшчэ з вамі сустрэнемся, вы мне даложыце разам з былым кіраўніком (былых не бывае), як ідуць справы».
«Свістапляска з кадрамі недапушчальная»
Дзяніс Дук, які быў рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. На гэтай пасадзе ён змяніў Ігара Бузоўскага, які кіраваў ВНУ з чэрвеня 2024 года. «Свістапляска з кадрамі ў Акадэміі кіравання недапушчальная. Гэта страшны касяк Адміністрацыі Прэзідэнта», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрыя Крутога.
Новаму рэктару беларускі лідар паставіў задачу вывесці акадэмію на лідарскія пазіцыі. Прэзідэнт таксама даручыў не пакідаць без увагі Магілёўскі дзяржуніверсітэт, знайсці туды новага рэктара. «Я вельмі-вельмі разлічваю на вашу работу ў Акадэміі кіравання. Але і ўніверсітэт Куляшова не павінен стаць на калені. Падбірайце новага рэктара. Павінны быць моцныя кандыдатуры. Універсітэт невялікі, але няпросты. Таму падключайся да гэтага пытання, дапамагай вырашыць кадравае пытанне там і, памірай, але Акадэмія кіравання павінна быць найлепшай у краіне», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Дзяніса Дука.
«Таварыш Прэзідэнт, задача будзе выкананая», — адказаў рэктар.
«Галіну трэба выцягнуць»
З панядзелка пачаўся новы этап у гісторыі канцэрна «Беллегпрам» — яго ўзначаліла Надзея Лазарэвіч, якая да гэтага займала пасаду першага намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама. Былы кіраўнік канцэрна Таццяна Лугіна прызначана генеральным дырэктарам ААТ «Камволь».
«Як мяне інфармуюць і Адміністрацыя Прэзідэнта, і ўрад, у канцэрне сітуацыя няпростая з розных прычын. І, ставячыся з недаверам заўсёды да нейкай інфармацыі, у дадзеным выпадку я веру ў тое, што там сітуацыя няпростая», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што пасада старшыні канцэрна — фактычна міністэрская пасада. «Тут нам трэба яшчэ паглядзець па рэфармаванні сістэмы кіравання. Можа, стварыць міністэрства без усялякіх гэтых канцэрнаў. Калі гэта трэба будзе, дзесьці нешта дадаўшы, дзесьці нешта забраўшы. Гэта мы асобна паглядзім», — заявіў кіраўнік дзяржавы
Па словах беларускага лідара, няпростая сітуацыя і на «Камволі», прадпрыемства з’яўляецца значным кірункам дзейнасці «Беллегпрама». Аляксандр Лукашэнка згадаў, што неаднаразова бываў на гэтым прадпрыемстве, яму была аказана сур’ёзная падтрымка. «Фактычна з балота выцягнулі гэта прадпрыемства, якое цалкам развалілася. Трэба было яго ратаваць — уклалі немалыя сродкі. Вызначыліся, здаецца, па кірунках дзейнасці», — нагадаў кіраўнік дзяржавы і заўважыў, што вынікі сёння «не ахці».
Вяртаючыся да сферы дзейнасці «Беллегпрама» ў шырокім сэнсе, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба ўважліва паглядзець на льновытворчасць, прааналізаваць, як сельская гаспадарка спрацавала ў гэтым кірунку. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нельга ўпусціць вытворчасць абутку, што заўсёды было нашым брэндам. Па яго словах, гэта прадукцыя вельмі запатрабаваная на расійскім рынку.
- «Людзі нават не глядзяць на цану, калі бачаць беларускае. Дык чаму мы не прадаём? Усе крыўдзімся на тое, што аднекуль хтосьці штосьці завозіць. Дык гэта ж канкурэнцыя. Нам давядзецца ў канкурэнцыі гэтай жыць. Але, вядома, празмернасцяў быць не павінна — унутраны рынак трэба абараняць. Трэба падумаць ва ўрадзе, як гэта зрабіць. Мы шмат пра гэта гаворым, але мала робім», — падкрэсліў Прэзідэнт. Па яго словах, сёння мы можам прадаваць сваю прадукцыю не толькі ў Расіі, але і на іншых рынках. Трэба толькі падцягнуць якасць. «Гэта мая задача — адчыніць дзверы: заходзьце, працуйце. Целяпаліся, Амана гэтага не бачылі. Яны з задавальненнем нас прымаюць. Парты, заводы — калі ласка, бярыце, змешвайце калійныя ўгнаенні, вырабляйце новыя там, прадавайце. Столькі напрамкаў адкрываецца!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, Аман гатовы рэалізоўваць маштабныя праекты і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната. «Гэта ж пад два мільярды інвестыцый. Яны давяраюць, гатовыя ў нас будаваць яго», — адзначыў Прэзідэнт. Яшчэ адзін красамоўны прыклад — стварэнне ў Амане беларускага турыстычнага кластара, пад які аманскі бок выдзяляе зямлю. «Вось, калі ласка, прыходзьце, працуйце, дзверы адчыненыя. Але трэба ісці, трэба ісці!» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да Надзеі Лазарэвіч і Таццяны Лугіной, Прэзідэнт заявіў: «Я наогул схіляюся перад жанчынамі заўсёды. І на такой пасадзе вам прыйдзецца працаваць няпростай — кіраўніком. Але павінен сказаць, што гэта апошні шанц для вас. Калі толькі вы не зможаце спрацаваць, я больш з вамі размаўляць не буду. Вы граматныя, вопытныя. Менш размоў — больш справы».
«Я вам адкрытым тэкстам кажу: або вы самі выбудуеце свой лёс на будучыню (усё, што ад вас залежыць), або ў мяне проста не будзе слоў з вамі размаўляць. Разумейце мяне, як хочаце, але выцягнуць гэтую галіну трэба, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта людзі. Трэба накарміць і апрануць людзей. Накарміць, здаецца, накармілі. І апранулі, але трэба не ўпусціць гэта ўсё. Дзейнічайце, і толькі наперад. Іншага шляху няма».
Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні і па складзе дыпламатычнага корпуса Беларусі.
Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Калумбія, Рэспубліцы Панама і Рэспубліцы Эквадор па сумяшчальніцтве прызначаны Дзмітрый Дзеравінскі. Ён таксама з’яўляецца паслом Беларусі ў Венесуэле. Дзмітрый Красоўскі прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Уганда па сумяшчальніцтве. Зараз ён узначальвае беларускую дыпмісію ў Кеніі. Дзмітрый Красоўскі таксама па сумяшчальніцтве з’яўляецца пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім саюзе, праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) і праграме ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат).
Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Аляксандра Сідарука Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у горадзе Хашыміне (Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам). Сяргей Вяргейчык узгоднены на пасаду саветніка Сакратарыята Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Ларыса Лукіна — на пасаду рэферэнта Сакратарыята ШАС.
Па ўзгадненні з Прэзідэнтам Сяргей Шчарбакоў прызначаны намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнні ў кіраўніцтве шэрагу міністэрстваў. Пасаду першага намесніка міністра па падатках і зборах заняў Уладзімір Муквіч. У гэтым жа ведамстве на пасаду намесніка міністра ўзгоднена кандыдатура Вольгі Старавойтавай. Аляксей Стасюкевіч — намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На пасаду намесніка міністра прамысловасці ўзгоднены Леанід Рыжкоўскі. Новы намеснік і ў міністра транспарту і камунікацый. Гэту пасаду заняў Сяргей Мацукоў.
Даслоўна
Аб планах, задачах, мэтах і сродках іх дасягнення новапрызначаныя кіраўнікі падзяліліся з журналістамі.
Увесь спектр дзейнасці прадпрыемства патрабуе неад’емнай увагі кіраўніка
Новы генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш» Віталь Шэлег першай задачай назваў якасць прадукцыі. «Другая задача — гэта эканоміка. Як акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт, будзе эканоміка — будзе ўсё. Акрамя таго, гэта работа на знешнім рынку. Сёння прадпрыемства знаходзіцца ў стабільным стане. Цяпер у свеце вялікая турбулентнасць, што выклікае пэўныя складанасці. Прадпрыемства спраўляецца з усімі праблемамі, але нельга забываць аб эканоміцы», — падкрэсліў ён.
Журналісты ўдакладнілі, наколькі камбайн «Гомсельмаша» беларускі з пункту гледжання кампанентаў. Віталь Шэлег адказаў, што 95 % камплектуючых — айчыннай вытворчасці. Яны вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь на галаўной пляцоўцы і на сумежных прадпрыемствах, якія працуюць па прамкааперацыі ўнутры нашай краіны.
Важны аспект — сэрвіснае абслугоўванне тэхнікі. «Сэрвіс сёння — гэта неад’емная частка якасці. Якасць датычыцца не толькі машыны, але і паслуг, якія можа выконваць гэта машына. І сэрвіснае абслугоўванне — адна з самых сур’ёзных задач. У гэтым кірунку і будзем рухацца», — канстатаваў кіраўнік «Гомсельмаша».
Першай задачай для «Магілёўхімвалакна» новы генеральны дырэктар Алег Курылін назваў неабходнасць вывесці прадпрыемства на нармальны ўзровень работы. «Разабрацца са стратамі і, адпаведна, павялічыць занятасць людзей на праектах, якія рэалізуюцца. Прадпрыемства цяпер знаходзіцца на той стадыі, на якой старыя або маральна састарэлыя магутнасці выводзяцца. І неабходна задзейнічаць вызваленых людзей на праектах, якія знаходзяцца ў рэалізацыі», — удакладніў ён. Як прыклад — інвестпраект, звязаны з дрэваапрацоўчай прамысловасцю. Цяпер ён праходзіць экспертызу, і да 2028 года прадугледжана яго рэалізацыя. Алег Курылін растлумачыў, што гаворка ідзе аб вытворчасці хларату натрыю і перакісу вадароду. «Кантракт ужо падпісаны, контрагент — кітайскі бок. Праект маштабны, тым больш для нас новы. Такіх вытворчасцяў у нас у краіне няма, таму ён няпросты. Але задача пастаўлена, і мы будзем яе рэалізоўваць», — падкрэсліў новы генеральны дырэктар прадпрыемства.
Яшчэ адной задачай Алег Курылін назваў неабходнасць аптымізацыі выдаткаў і зніжэння залежнасці ад імпартнай сыравіны. «Сыравіну пастаўляюць тыя кампаніі, што самі з’яўляюцца непасрэдна вытворцамі прадукцыі, якую вырабляе „Магілёўхімвалакно“. Мы разумеем, што знайсці там добрую цану на сыравіну даволі праблематычна», — сказаў ён.
«Прадпрыемства — гэта жывы арганізм, таму там няма няважных кірункаў. Гэта і кадры, і чалавечы патэнцыял, і фінансавыя пытанні ў частцы забеспячэння сябе ўласнымі абаротнымі сродкамі. Гэта, безумоўна, якасць прадукцыі, на чым мы таксама засяродзім сваю ўвагу. Продаж — без яго таксама нікуды. Увесь спектр дзейнасці прадпрыемства патрабуе неад’емнай увагі кіраўніка», — падкрэсліў Андрэй Сойка, новы генеральны дырэктар ААТ «Белшына».
Журналісты пацікавіліся магчымым пашырэннем размернага раду прадукцыі. Кіраўнік «Белшыны» заўважыў, што ў любым бізнес-працэсе трэба ацэньваць мэтазгоднасць укаранення той ці іншай навацыі. «Безумоўна, ёсць кірункі, якія здаюцца відавочнымі, напрыклад, шыны для мотаблокаў . Але заўсёды трэба ўзважваць аб’ём рынку гэтай прадукцыі і разумець выдаткі, якія неабходныя для асваення гэтай прадукцыі. Беларускі рынак для нас, канешне, будзе прыярытэтам», — растлумачыў ён.
Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Дзяніс Дук звярнуў увагу, што гэта ВНУ — равесніца суверэннай Беларусі. І за гэтыя 35 гадоў склаліся моцныя традыцыі падрыхтоўкі кіраўнікоў высокага ўзроўню. Але час не стаіць на месцы, выклікі сур’ёзныя, і яны ставяць перад кіраўніком шмат задач, якія трэба аператыўна вырашаць. «І задача акадэміі — дапамагчы кіраўнікам вырашыць гэтыя задачы, для чаго трэба ўкараняць нестандартныя падыходы. Але ўкараняць іх з апорай на традыцыі. Мы павінны вывесці на яшчэ больш высокі ўзровень гордае імя Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, — падкрэсліў Дзяніс Дук. — Сёння дыстанцыйная форма, анлайн-навучанне — гэта форма, якая найменш энерга- і працазатратная. Кіраўнік, застаючыся на месцы, можа навучацца анлайн і атрымліваць усе неабходныя адказы на пытанні. Для гэтага ёсць чат-боты, анлайн-сувязь, дзе можна задаць пытанні. А ўжо пасля працы або ў камфортны для яго час ён можа на гэтыя пытанні атрымаць адказы ад вядучых спецыялістаў. То-бок, гэта пытанні ад зямлі, на якія адказвае дасведчаны практык, тым самым дапамагаючы кіраўніку вырашаць пытанні на месцах».
Без каманды нічога немагчыма вырашыць
Аляксандр Камендант да прызначэння першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама ўзначальваў камітэт эканомікі Гродзенскага аблвыканкама. «Кола задач падобнае, але ўзровень зусім іншы. Сярод задач — такія сферы, як інвестыцыі, знешнеэканамічная дзейнасць, гандаль, грамадскае харчаванне, прамысловы комплекс. Ёсць і некаторыя новыя для мяне кірункі. Напрыклад, транспарт і сувязь», — расказаў Аляксандр Камендант. Ён прызнаўся, што ніколі не працаваў у Мінску. «Спадзяюся і перакананы, што Мінск не моцна адрозніваецца ад Гродна. І гродзенцы, і мінчане падобныя, бо ўсе мы з’яўляемся грамадзянамі адной краіны і, па сутнасці справы, выконваем адны задачы», — падзяліўся Аляксандр Камендант.
Андрэй Гардзей узначаліў Смаргонскі раён — адзін з валаўтваральных раёнаў Гродзенскай вобласці, які сабраў прадпрыемствы дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, гандаль і развітую сельскую гаспадарку. «Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача разам з людзьмі навесці парадак у раёне ў цэлым і ў кожным населеным пункце паасобку. І ўсе гэтыя задачы будуць вырашаны пры каманднай рабоце. Бо без каманды немагчыма вырашыць», — падзяліўся ён.
Мы самі павінны разумець, што наша, беларускае, трэба купляць
Генеральны дырэктар ААТ «Камволь» Таццяна Лугіна заявіла, што найперш на прадпрыемстве трэба правесці інвентарызацыю бізнес-працэсаў, пачынаючы ад тэхналагічнага стану абсталявання, праверыць кадравую палітыку. Па яе словах, сёння на прадпрыемстве працуе больш за 50 працоўных мігрантаў і трэба вырашаць пытанне з працоўнымі кадрамі на будучыню, каб загрузіць магутнасці вытворчасці.
Асобную ўвагу Таццяна Лугіна звярнула на маркетынг і збыт. «У нашай краіне людзей, мне здаецца, ужо пераконваць не трэба, што якасць тканін і вырабаў „Камволя“ сапраўды адпавядае заяўленым якасным параметрам. Але пакуль не атрымалася заявіць пра сябе як пра сапраўды моцны беларускі брэнд стыльнага мужчынскага і жаночага дзелавога адзення. Акрамя гэтага, вядома, трэба разумець, праз якія каналы гэтае адзенне і тканіны могуць рэалізоўвацца», — растлумачыла Таццяна Лугіна. Адсюль вынікае яшчэ адна задача — дыверсіфікацыя асартыменту і нарошчванне выручкі.
«Камбінат мае самае сучаснае абсталяванне, тканіны адпавядаюць высокім патрабаванням. Выстаўка „ІНАПРАМ. Беларусь“ паказала, што мы можам вырабляць тканіны самага высокага класа. Таму трэба працаваць менавіта ў маркетынгу, у развіцці брэнда як унутры краіны, так і за яе межамі. У нас ёсць канкрэтнае даручэнне, будзем працаваць», — падкрэсліла генеральны дырэктар прадпрыемства.
Па словах Таццяны Лугіной, лёгкая прамысловасць Беларусі не можа будавацца на мас-маркеце, паколькі там вельмі высокая канкурэнцыя. «Беларуская лёгкая прамысловасць павінна працаваць у іншай мадэлі бізнесу. Мы павінны ўзяць курс на фарміраванне свайго брэнда і максімальна заваёўваць лаяльнасць у той катэгорыі насельніцтва, на якую разлічаны гэты брэнд, — адзначыла яна. — Сёння перадзел адбываецца не толькі глабальна ў свеце, але ў галінах у тым ліку. Мы разумеем, што глядзім у будучую эпоху, якая будзе звязаная з абсалютнымі продажамі праз маркетплэйсы, інтэрнэт-гандаль. Мы разумеем, што штучны інтэлект будзе дапамагаць, яго можна і трэба выкарыстоўваць у розных сферах, у тым ліку на прадпрыемствах, каб зніжаць выдаткі».
Надзея Лазарэвіч, старшыня «Беллегпрама», звярнула ўвагу на тое, што зараз няпроста працаваць не толькі сферы лёгкай прамысловасці, але і іншым галінам. І новае бачанне тут лішнім не будзе. «Задачы, якія паставіў кіраўнік дзяржавы, трэба рэалізаваць у самыя кароткія тэрміны. Мы абавязкова будзем працаваць у камандзе. Было агучана, што ў „Беллегпраме“, магчыма, трэба ўносіць нейкія структурныя змены, пашыраць нейкімі іншымі прадпрыемствамі. Упэўненая, што гэта неабходна рабіць, — падкрэсліла старшыня канцэрна. — Нам трэба адпрацаваць увесь комплекс задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы. Гэта датычыцца ў тым ліку абутку, вытворчасці тканін, посуду». Па словах Надзеі Лазарэвіч, трэба не толькі захаваць брэнд Добрушскага фарфоравага завода, але і развіць яго. Тым больш што сфер для гэтага шмат.
«Будзем укараняць новыя тэхналогіі, развіваць тэхналагічны патэнцыял прадпрыемстваў. Вельмі шмат залежыць ад людзей. Зразумела, што ў нашай краіне ўсё будуецца на сумленным адкрытым дыялогу з урадам. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што пры правільным падыходзе абавязкова будзе і яго падтрымка ў тым ліку. Таму будзем працаваць, развіваць гэты ўнікальны брэнд як частку гісторыі нашай краіны», — падзялілася Надзея Лазарэвіч. Яна назвала «Беллегпрам» не проста канцэрнам, а часткай гісторыі нашай краіны, якую трэба захаваць.
І ў гэтым кірунку трэба прымаць меры для абароны ўнутранага рынку, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі. «Забараняць або закрываць што-небудзь не наш варыянт. Неабходна паглядзець, як падтрымаць прадпрыемствы, каб мы сталі больш канкурэнтнымі, каб з’явілася „паветра“ для стварэння чагосьці новага ў выглядзе пераўзбраення вытворчасцяў. Вядома, абараняць трэба сваё, але многае залежыць і ад нас. Мы самі, прыходзячы ў краму, павінны разумець, што наша, беларускае, трэба купляць. Але вельмі шмат залежыць і ад вытворцы, які павінен зрабіць канкурэнтную і цікавую для спажыўца прадукцыю», — перакананая Надзея Лазарэвіч. Як асобны кірунак, з якім варта працаваць, яна назвала маркетплэйс. «Я лічу, што, адпрацаваўшы з нашымі буйнымі маркетплэйсамі, мы знойдзем там сваю нішу і будзем прадаваць нашу прадукцыю з лепшымі паказчыкамі, чым у нас ёсць сёння», — адзначыла старшыня «Беллегпрама».
Валерыя СЦЯЦКО