Top.Mail.Ru

Падрабязнасці камандзіроўкі Прэзідэнта ў Жыткавіцкі раён

У фокусе ўвагі беларускага лідара — развіццё фермерства ў краіне. Аляксандр Лукашэнка наведаў сялянскую гаспадарку Міхаіла Шруба. Прадпрыемства было створана ў 1993 годзе і за гады свайго існавання дасягнула значных поспехаў. Новы імпульс атрымала ў 2010 годзе — пасля наведвання кіраўніком дзяржавы. Сёння гэта валаўтваральнае сельгаспрадпрыемства Жыткавіцкага раёна.



На прыкладзе перадавой гаспадаркі краіны Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналогіяй утрымання дойнага статка і вытворчасці малака, спецыфікай апрацоўкі агародніны і захоўвання ўраджаю. Традыцыйна для гэтай пары Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ходам уборачнай кампаніі як у Жыткавіцкім раёне, так і ў цэлым на Гомельшчыне. 

Сялянская гаспадарка Міхаіла Шруба спецыялізуецца на малочнай і мясной жывёлагадоўлі, перапрацоўцы мяса, свінагадоўлі, вырошчванні агародніны, яе перапрацоўцы. У выніку комплекснай мадэрнізацыі пабудаваны высокапрадукцыйны малочнатаварны комплекс на 2 тысячы кароў. Функцыянуюць новыя цэхі, комплекс для захоўвання і перадпродажнай падрыхтоўкі агародніннай прадукцыі, сфарміраваны сучасны парк сельгастэхнікі. Ажыццяўляецца развіццё гандлёва-турыстычнага комплексу, у тым ліку сеткі ўласных магазінаў, кафэ.


«Калі вы не будзеце плаціць сялянам, ніякай дысцыпліны не будзе»

Прыбыўшы ў Жыткавіцкі раён, Прэзідэнт удакладніў, што новага ў апошні час зроблена ў сялянскай гаспадарцы Міхаіла Шруба. 

Як праінфармаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, ажыццяўляецца далейшае развіццё гаспадаркі па вытворчасці малака, ялавічыны. Па яго словах, фермер гатовы далучыць да сябе нерэнтабельнае сельгаспрадпрыемства і пабудаваць новы малочнатаварны комплекс па вырошчванні цялушак.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, дзе Міхаіл Шруб возьме на гэта сродкі. Як высветлілася, часткова фермер разлічвае на крэдытныя сродкі, часткова — на свае рэсурсы. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што сялянская гаспадарка працуе з высокай рэнтабельнасцю. Беларускі лідар пацікавіўся, чаму адны могуць працаваць рэнтабельна, а іншыя — не.

«Можа быць, адносіны да справы», — выказалі меркаванне вышэйшыя службовыя асобы.

«Зноў справа ў дысцыпліне тэхналагічнай», — канстатаваў Прэзідэнт. 

На высокім узроўні ў сялянскай гаспадарцы і сярэдні заробак — больш за тры тысячы беларускіх рублёў. Людзі трымаюцца за свае працоўныя месцы, не шукаюць работу ў іншых населеных пунктах. 

«Аб гэтым і размова, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы не будзеце плаціць сялянам, ніякай дысцыпліны, нічога не будзе. Людзі на сяле, я ўжо тысячу разоў гаварыў, працуюць за заробак».

«Калі прырастае па краіне — гэта добра»

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборачных работ і сяўбы азімага рапсу ў Жыткавіцкім раёне і Гомельскай вобласці. Гаворка ішла пра вынікі работы, перспектывы гаспадаркі, увогуле пра развіццё фермерства ў краіне.

Па словах старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, у рэгіёне ўбрана 95 % плошчаў збожжавых, зернебабовых культур і рапсу. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што ў цэлым для аграрыяў рэспублікі леташні ўраджай быў рэкордны і вызначыў гэта ў якасці арыенціра.

«Рапс скончылі цалкам — намалацілі 140 тысяч тон, дадаўшы 69 тысяч тон (да ўзроўню мінулага года. — «Зв.»). Ураджайнасць рапсу складае 22 цэнтнеры з гектара. Сёння маем валавы аб’ём уборкі 983 тысячы тон», — далажыў Іван Крупко. 

За два-тры дні ў рэгіёне плануецца завяршыць уборку. У планах — атрымаць 1,5 мільёна тон збожжа. Дзяржзаказ па збожжы, па словах Івана Крупко, выкананы на 60 %. Да 15 верасня намечана вызваліць ад саломы палі, на дадзены момант яна сабрана на 60 %. На плошчы 19 тысяч гектараў плануецца ўбраць кукурузу.


Губернатар Гомельскай вобласці расказаў, што сумесна з Акадэміяй навук распрацаваны план сяўбы азімых культур. «У рэгіёне прыступілі да сяўбы рапсу, пасеяна 24 тысячы гектараў гэтай культуры, да 25 жніўня плануецца завяршыць работы», — далажыў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што трэба мець усе неабходныя па тэхналогіі прэпараты, бо могуць быць розныя ўмовы надвор’я: ён растлумачыў, што рапс пасеяны рана, ад гэтага напрамую залежыць будучы ўраджай. Губернатар запэўніў, што ўсё неабходнае для захавання якасці ўраджаю ў вобласці прадугледжана.

«Сёлета кіраўнікі гаспадарак, якія атрымалі 3 тысячы тон і больш, пры нулявой рэнтабельнасці дасягнулі стабільнай выручкі. Па выніках студзеня-ліпеня ўзровень вытворчасці сельгаспрадукцыі ў гаспадарках Гомельскай вобласці склаў 118 %», — заявіў Іван Крупко і дадаў, што восень таксама будзе радаваць высокімі паказчыкамі ўраджайнасці.

«Калі прырастае па краіне да ўзроўню мінулага года — гэта добра», — падтрымаў Прэзідэнт.

Кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Шруб дадаў, што ў гаспадарцы сеюць гібрыды — на зерне і сілас. Розныя сарты і ў розныя тэрміны — з 20 красавіка да 10 чэрвеня. Для гэтага ёсць усе тэхнічныя магчымасці. «І бывае, што ўраджай, напрыклад, кукурузы, пасеянай у маі, лепшы за тую, што сеялі ў красавіку», — падзяліўся ён. 

Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз адзначыў, што сёлета ўмовы надвор’я ідэальныя для сельскай гаспадаркі.

Размова ішла таксама аб сітуацыі з уборкай у Жыткавіцкім раёне. Паводле слоў старшыні райвыканкама Уладзіміра Антоненкі, ураджайнасць вырасла на 6,8 ц/га у параўнанні з мінулым годам — да 43,9 ц/га. «Для Палесся ў цэлым нядрэнная лічба», — заўважыў кіраўнік дзяржавы 

Міхаіл Шруб падзяліўся сваім вопытам па прыросце культур нават на неўрадлівых глебах. У яго сялянскай гаспадарцы сеюць жыта на пясчанай глебе, на якой да гэтага рос лубін, землі апрацоўваюцца больш за пяць гадоў. Напачатку ўраджай быў невысокі, але цяпер, як гаворыць фермер, ураджайнасці для такіх земляў удалося дасягнуць нядрэннай. 


Сакрэт рэнтабельнай работы — у дысцыпліне 

Прэзідэнт пашырыў тэматыку размовы. Кіраўніка дзяржавы цікавіла пытанне, чаго не хапае, на думку мясцовых кіраўнікоў, на Палессі, каб Дзяржаўная праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025 — 2030 гады, якая нядаўна была прынята, была эфектыўнай. 

«Усё для гэтага ў нас ёсць — і людзі, і тэхналогіі. Трэба толькі, каб была дысцыпліна», — адказаў старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Уладзімір Антоненка.

Закранулі падчас размовы і тэму навядзення парадку ўздоўж поймы Прыпяці. Міхаіл Шруб адзначыў, што скошаная ў поймах трава — гэта добры і танны корм для жывёлагадоўлі. Прэзідэнт паставіў задачу падумаць над тэхнікай для касьбы травы на такіх землях.

«Нам поймы трэба касіць усюды, мы губляем велізарную колькасць зямель. Тым больш на Палессі. Я праляцеў, паглядзеў: некаторыя косяць, а некаторыя — не. Чаму? Пад адказнасць старшыняў райвыканкама — трэба касіць», — паставіў задачу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што буйнагабарытная энерганасычаная тэхніка не зможа падысці да поймаў рэк, каб выкасіць там траву. У сувязі з гэтым ён паставіў задачу падумаць, якая тэхніка для гэтага падыдзе.

«З вялікай касілкай туды не зойдзеш — неабходна малая тэхніка: малыя касілкі, малыя трактары, рулонны прэс — скасіў і ў плёнку загарнуў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Нам поймы трэба касіць паўсюль. Там не бясплатны корм, але танны». 

«Павінен быць вынік»

Аб выніках дзейнасці і перспектывах сялянскай гаспадаркі расказаў Міхаіл Шруб. Кіраўнік гаспадаркі нагадаў, што беларускі лідар наведваў ферму ў 2010 годзе. «Усе вашы рэкамендацыі мы ўспрынялі як даручэнне і выканалі іх, — канстатаваў ён. — У 2014 годзе мы пабудавалі комплекс па захоўванні і перадпродажнай падрыхтоўцы агародніны. У 2015 годзе мы запоўнілі фермы, якія рэканструявалі, закупленымі ў насельніцтва цялятамі».

З году ў год, па словах фермера, удаецца павышаць надоі. Асаблівую ўвагу сялянская гаспадарка ўдзяляе ўзнаўленню пагалоўя, што таксама дазваляе развівацца хутка і эфектыўна.


«Гэта значыць, усё, што ты вырабляеш, ты сам перапрацоўваеш і прадаеш?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы ў Міхаіла Шруба.

Як высветлілася, мяса амаль поўнасцю перапрацоўваецца ўласнымі сіламі. Што датычыцца малака, асноўная доля пастаўляецца на ААТ «Савушкін прадукт» і Тураўскі малочны камбінат. Малако, якое даюць каровы фермера, характарызуецца высокай тлустасцю — у сярэднім 4,5 %, а таму запатрабаванае сярод буйных вытворцаў малочнай прадукцыі. 

«Павінен быць вынік. І ў гэтым выніку сутнасць усёй палескай праграмы (Дзяржаўнай праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025 — 2030 гады. — „Зв“.), якую мы праводзім, грошы ўкладаем немалыя», — сказаў беларускі лідар.

Што датычыцца раслінаводства, сялянская гаспадарка робіць стаўку на кукурузу — гэтаму спрыяе і клімат раёна, і асаблівасць зямель. Вырошчваюць тут і збожжавыя, зернебабовыя, іншыя культуры — усё ў той ці іншай ступені ідзе на адкорм жывёлы, якая ўтрымліваецца ў сялянскай гаспадарцы.

«Настаў час адыходзіць ад хацелак»

Міхаіл Шруб паведаміў кіраўніку дзяржавы, што яго сялянская гаспадарка мае патрэбу ў дадатковых сельгасугоддзях. Размова зайшла аб далучэнні зямель праблемных гаспадарак да больш паспяховых: адну з такіх сялянская гаспадарка Міхаіла Шруба гатова ўзяць пад сваё крыло. 

«Я не магу забраць (землі. — „Зв.“) у гаспадаркі, якая добра працуе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Можа, яна да цябе (сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. — „Зв.“) не дацягвае. Амаль усе (гаспадаркі. — „Зв.“) у краіне да цябе не дацягваюць. Гэтаму ёсць розныя прычыны. Але забраць „за плотам“ тваёй гаспадаркі землі ў кагосьці — гэта праблема».

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што не ўсе землі апрацоўваюцца аднолькава. З борта верталёта кіраўніку дзяржавы добра бачна, хто і як апрацоўвае свае землі. І калі адпаведная работа на зямлі не праводзіцца, па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя ўчасткі мэтазгодна было б перадаць тым, хто хоча і ўмее працаваць. 

«Ну чаму б кавалкі гэтыя не аддаць эфектыўнаму гаспадару?» — ставіць пытанне беларускі лідар. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: проста так забіраць землі і перадаваць іх эфектыўнай гаспадарцы нельга. Усё павінна быць пралічана і прааналізавана. 


Падводзячы вынікі дыскусіі на гэту тэму, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прапрацаваць названае пытанне і далажыць яму аб прынятым рашэнні ў канцы кастрычніка — лістападзе бягучага года. 

«Галоўнае — гэта вынік, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Прыйшоў час адыходзіць ад хацелак: „Гэта я хачу, гэта я не хачу“. Патрэбен вынік! Вось і ўсё. Хацелак будзе шмат, а патрэбен вынік». 

Асобна зайшла размова аб будаўніцтве малочнатаварных комплексаў уласнымі сіламі — так званым гаспадарчым спосабам. Падобны вопыт у сялянскай гаспадарцы Міхаіла Шруба ёсць. Аднак, па словах кіраўніка гаспадаркі, не заўсёды ўдаецца рэалізаваць задуманае — нярэдка паўстаюць пэўныя бюракратычныя перашкоды. А будаўніцтва гаспадарчым спосабам, па меркаванні фермера, зробіць яго таннейшым. 

«Хто перашкаджае будаваць самім? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Прыняты ж рашэнні. Хочаце — будуйце гасспосабам. Разбяромся на працягу сутак».

Пры гэтым, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у краіне хапае лесу. Часам ён гніе, замест таго, каб рацыянальна выкарыстоўвацца. 

Прэзідэнту далажылі, што сялянская гаспадарка ўкладвае сродкі ў развіццё інфраструктуры Турава. У прыватнасці, стварылі набярэжную, пабудавалі гарадскую лазню, адрамантавалі дзіцячы садок, адкрылі кафэ, гандлёвы цэнтр. Беларускі лідар даў гэтаму станоўчую ацэнку. 

«Калі ёсць чым дапамагчы людзям, дапамажы, — падтрымлівае такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. — Як я груба гавару, у труне кішэняў няма, на той свет нічога не забяром. Калі ёсць, трэба дапамагчы».

Ад кіраўніка сялянскай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка патрабаваў узнімаць любыя пытанні і гаварыць прама, нікога не баючыся. «У адваротным выпадку, навошта я сюды прыехаў, — заўважыў ён. — Я мог паглядзець паперы і ўбачыць, як Шруб працуе. Але для будучага развіцця краіны мне патрэбна вось гэта ісціна».

«Гэта на кантролі»

Непасрэдна на ферме Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі ўтрымання і развядзення буйной рагатай жывёлы. 

Жывёлагадоўчыя аб’екты малочнатаварнага комплексу «Хільчыцы» былі ўведзены ў эксплуатацыю ў 2015 — 2022 гадах. У цяперашні час на малочнатаварным комплексе ўтрымліваецца 9594 галавы буйной рагатай жывёлы. 

За 2025 годзе выраблена 27 078 тон малака, або 113 % да ўзроўню 2024 года. Надой малака ад каровы ў год — 11 840 кілаграмаў. Валавы прырост буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме за 2025 год атрыманы ў аб’ёме 1315 тон, або 124 % да 2024-га, сярэднясутачная прывага — 713 грамаў. 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Міхаіла Шруба меркаваннем — што будаваць лепш: кампактныя або маштабныя малочнатаварныя комплексы. Як высветлілася, фермер — прыхільнік вялікіх МТК. Адна з прычын — магчымасць канцэнтрацыі ў адным месцы неабходных спецыялістаў, якіх у цяперашніх умовах не хапае. Аднак, свае перавагі, па словах кіраўніка гаспадаркі, ёсць і ў кампактных МТК. 

Прэзідэнт пагаджаецца, што прымаць рашэнне аб будаўніцтве малочнатаварнага комплексу вялікім або малым патрэбна ў залежнасці ад абставін канкрэтнага сельгаспрадпрыемства. 

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай сховішча для агародніны, спецыфікай захоўвання і перапрацоўкі бульбы, буракоў, морквы, капусты, іншых культур, што вырошчваюцца ў сялянскай гаспадарцы. 


Міхаіл Шруб далажыў, што сховішча для агародніны было пабудавана ў 2014 годзе. У ім сучаснае абсталяванне, якое дазваляе захоўваць усё, што вырошчваецца на палетках гаспадаркі.

Прэзідэнт пацікавіўся ў кіраўніка гаспадаркі, колькі ў сховішчы можна размясціць агародніны. Як высветлілася, 15 — 20 тысяч тон. 

Пераважна за кошт сялянска-фермерскіх гаспадарак запаўняюцца стабілізацыйныя фонды для рэспубліканскіх патрэб. Такія гаспадаркі фарміруюць каля 68 % закладкі бульбы і буракоў, 87 % — капусты, звыш 70 % — морквы і цыбулі. Асаблівую ўвагу беларускі лідар звярнуў на адказнасць не толькі тых, хто павінен запаўняць гэтыя фонды, але і тых, хто бярэ на сябе абавязацельствы выкупляць прадукцыю стабфондаў. У прыватнасці, гэта датычыцца гандлёвых сетак. 

«Гэта на кантролі, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Вырасцілі, дамовіліся — забярыце».

Асобна зайшла размова аб сучасных тэхналогіях, якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве сховішчаў для агародніны. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба спрашчаць праектныя і будаўнічыя нормы пад адказнасць таго, хто ўзводзіць нескладаныя аб’екты. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў урэгуляванне на заканадаўчым узроўні будаўніцтва жылля ў вёсках.

«Кіраўнікам трэба даць права, трэба зрабіць, каб для іх будоўля не была праблемай, — лічыць Прэзідэнт. — Мы заарганізавалі многае. Трэба ім, кіраўнікам, даць поўную свабоду. Але калі нешта здарыцца — ён адказвае. Тады ён сам будзе ісці, каб яму хтосьці «кручок» паставіў (зрабіў экспертнае заключэнне. — «Зв.»).

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што ў гэтым пытанні ўжо прыняты неабходныя рашэнні. «Паглядзіце, можа, мы недзе штосьці ўпусцілі», — даручыў ён. 

Што канкрэтна расце на землях фермера і, самае галоўнае, якую прадукцыю вырабляюць як з агародніны, так і з мяса, Аляксандр Лукашэнка ўбачыў і пакаштаваў асабіста — на выстаўцы-дэгустацыі прадукцыі сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Каўбаса, сальцісон, крывянка, сала, салёныя агуркі, квашаная капуста — усё зроблена па традыцыйных беларускіх рэцэптах, без выкарыстання штучных кансервантаў.

Вераніка КАНЮТА, Надзея ЗУЕВА
Жыткавіцкі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю