Top.Mail.Ru

«Давайце працаваць, каб была эканоміка. І жалезная павінна быць дысцыпліна»

Падрабязнасці рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Шклоўскі раён


 Ад спраў саюзных — да пытанняў надзённых. Вяртаючыся з Масквы, Прэзідэнт прызямліўся на ўсходзе Беларусі. У суботу кіраўнік дзяржавы працаваў у рэгіёне, які патрабуе асаблівай увагі. У Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці беларускі лідар азнаёміўся з ходам асенніх палявых работ у ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец». Ды і ў цэлым па краіне. Акрамя таго, падчас рабочай паездкі на Магілёўшчыну Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў стан мехдвара сельгаспрадпрыемства, даведаўся аб асаблівасцях утрымання буйной рагатай жывёлы на малочнатаварнай ферме ў вёсцы Путнікі, спецыфіцы камбікормавага завода ў Шклове, пагутарыў з жыхарамі аграгарадка Гарадзец.

Менавіта ў гэтым населеным пункце беларускі лідар пачынаў сваю кар’еру як кіраўнік. Пры Аляксандры Лукашэнку адна з найгоршых гаспадарак Савецкага Саюза — «Гарадзец» — дасягнула значных поспехаў. Гэта добра памятаюць мясцовыя жыхары, многія з якіх плячо ў плячо працавалі з Прэзідэнтам, тады маладым кіраўніком саўгаса. Дзякуючы ўкараненню новых форм работы і неардынарным, валявым рашэнням Аляксандра Лукашэнкі былі дасягнуты высокія эканамічныя паказчыкі, сур’ёзна змяніўся і сам населены пункт, які пазней набыў статус аграгарадка.

«Парадак павінен быць»

photo_2025-09-27_16-14-25.jpg

Наведванне сельгаспрадпрыемства кіраўнік дзяржавы пачаў з крытыкі. Прэзідэнт застаўся незадаволеным станам гаражоў, дзе захоўваецца сельгастэхніка і запчасткі, станам самой тэхнікі. Па словах беларускага лідара, безгаспадарчыя адносіны да справы і адсутнасць парадку негатыўна характарызуюць як работу кіраўніцтва прадпрыемства, так і кіраўніцтва Шклоўскага раёна, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, у структуры якога знаходзіцца сельгаспрадпрыемства «Гарадзец».

«Ты адкрыў майстэрню па рамонце легкавога транспарту?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава, убачыўшы ў адным з памяшканняў для захоўвання тэхнікі і запчастак разабранае легкавое аўто. 

«На металалом здаць шкадуюць, прытрымліваюць на запасныя часткі», — патлумачыў Юрый Назараў. 

«Чаму б тут не зрабіць месца для захоўвання тэхнікі?» — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Зробім», — заўважыў кіраўнік спраў Прэзідэнта. 

«А хто перашкаджаў зрабіць дагэтуль? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Я ж разумею, механізатары — людзі такія: дзе ўбачылі, там і кінулі. Але ж ёсць начальнік, ёсць дырэктар, кіраўнік. Тое, на што я разлічваў, нават па гэтых не бачу рэчах. Гэта ж самае элементарнае. Я разумею, што механізатару патрэбна ўсё (ён згрузіў і захоўвае), але парадак павінен быць».

«Мы ведаем гэту праблему», — удакладніў старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ. 

«Гэта яшчэ горш, — адзначыў Прэзідэнт. — Не ведаеш — ладна, а ведаеш і не робіш».

«Наводзім парадак», — сказаў Сяргей Барташ. 

«Не гавары гэтыя дзяжурныя фразы, яны нікому не патрэбныя», — папярэдзіў беларускі лідар. 

Па яго словах, парадак у тых памяшканнях, якія ён наведаў, залежыць не толькі ад механізатара, а і ад кіраўніка. «Няма тут гаспадара — вось адзіны вынік, — падкрэсліў Прэзідэнт. — А магла б быць добрая гаспадарка».

Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі, што кіраўнік сельгаспрадпрыемства працуе на гэтай пасадзе толькі год. «Калі за год не бачна тут, што будзе парадак, яго тут не будзе ніколі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Чалавек прызвычайваецца, прыціраецца да ўсяго... А калі ты ў першы год набраў тэмп — тут нешта будзе». 

Такая безгаспадарлівасць, па словах Прэзідэнта, сведчыць і аб рабоце старшыні райвыканкама. У чыноўнікаў на гэта адзін адказ — недахоп кадраў. 

«Колькі механізатараў?» — удакладніў Прэзідэнт у кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Высветлілася, што 23. 

«Як не хапае? — здзівіўся беларускі лідар. — 4 тысячы гектараў, 23 механізатары. Колькі ў мяне было, столькі ёсць і цяпер. Але тады ж тэхніка якая была. Цяпер адзін камбайн, калі да яго па-чалавечы адносіцца, заменіць усю маю тэхніку, што была. Трэба ўзяць пяць механізатараў з 23, па-чалавечы аднесціся да іх (пачынаючы ад сям’і і заканчваючы іншымі пытаннямі), і яны ў цябе будуць малаціць. Не трэба 8 тысяч (тон. — „Зв“.), няхай па тры тысячы намалоцяць. Вось і выйсце са становішча».

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, дзе школа па выхаванні кіраўнікоў гаспадарак. І тут справа не ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Па меркаванні Прэзідэнта, будучых кіраўнікоў гаспадарак трэба заўважаць на месцы, сярод спецыялістаў, паказваць, як ім трэба працаваць, і ў выніку самым здольным прапаноўваць пасады.

«Тут ёсць магчымасць для таго, каб мець добрую гаспадарку» 

2.jpg

Каля ўвахода на мехдвор Прэзідэнта чакалі жыхары аграгарадка Гарадзец. Для іх Аляксандр Лукашэнка — без перабольшання — свой чалавек. Многія працавалі побач з Прэзідэнтам, бачылі, як прымаліся тыя ці іншыя рашэнні. Кіраўнік дзяржавы людзей памятае. Ëн пацікавіўся, як склалася жыццё і тых, каго не ўбачыў сярод прысутных. 

Юныя жыхары аграгарадка падарылі Аляксандру Лукашэнку кветкі і падзякавалі яму за мірнае дзяцінства. Загадчыца Гарадзецкага сельскага дома рамёстваў Галіна Ціханава пачаставала кіраўніка дзяржавы яблыкамі, вырашчанымі ва ўласным садзе. «Кажуць, усюды неўраджай, а ў нас ураджай», — адзначыла жанчына.

«Вас Бог шкадуе», — заўважыў Прэзідэнт. 

Падчас размовы з жыхарамі аграгарадка Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як яны ацэньваюць работу сваёй гаспадаркі, і сам падзяліўся ўражаннямі ад убачанага: «Як было тады, гадоў 30 — 40 таму, так і засталося. Гэта мы разбярэмся з вашымі начальнікамі, у чым тут праблема. Кіраўнік ваш, кажуць, працуе тут зусім няшмат».

«Маладзенькі», — дадалі мясцовыя жыхары.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, калі ён, таксама будучы маладым чалавекам, узначаліў гэту гаспадарку, яна была адной з самых горшых у Савецкім Саюзе. «Нам ніхто не прыходзіў тут і саломку не падсцілаў, каб было зручна, — канстатаваў ён. — Выкарабківаліся самі».

Віктар Петакоў, які ўсё жыццё прапрацаваў у гаспадарцы доярам, пацвердзіў, што ў той час было вельмі цяжка працаваць, але з прыходам Аляксандра Лукашэнкі сітуацыя пачала паляпшацца. «Каровы былі, вясной нельга было выгнаць на поле, хоць ты падпірай, а як вы прыйшлі — сянаж на лета застаўся, і кароўкі былі», — нагадаў мясцовы жыхар. 

«Гэта мы па-старому працавалі, цяпер сянаж застаецца ў нас на два гады і кароў не пасвім, — канстатаваў Прэзідэнт. — Але я лічу, што карову трэба прагульваць, каб яна хадзіла па зямлі. Тады і капыты балець не будуць, у нас ёсць такая праблема. Разумны кіраўнік бачыць, ён дае магчымасць жывёле выйсці ў поле».

Па словах кіраўніка дзяржавы, кармы павінны нарыхтоўвацца мінімум на два гады. «Нарыхтавалі сёлета, за два гады павінны спажыць гэта, — удакладніў ён. — Кармы павінны быць збалансаванымі». 

«Лепш працаваць на зямлі, чым ваяваць»

Аляксандр Лукашэнка назваў ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» адной з самых горшых гаспадарак у краіне. «Да такога стану давялі, — удакладніў Прэзідэнт. — Быццам паглядзіш знешне, і сацыяльная сфера — нядрэнная. А сацыяльная сфера не дае нам ні грошай, нічога, яе трэба „падкармліваць“ ад зямлі. Таму ўсё павінна тут быць, і тут ёсць магчымасць для таго, каб мець добрую гаспадарку». 

Па меркаванні беларускага лідара, кіраўнік гаспадаркі павінен быць валявым, настойлівым. «У вас тут дысцыпліны няма, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, параўноўваючы з тым, што было раней. — Адчыні любы гараж — паслухайце, на сметніку такога няма. Ну, зрабі яму паліцы, каб ён (механізатар. — „Зв“.) гэта ўсё расклаў. Людзей трэба да парадку прывучаць, у вёсцы людзі да гэтага не прызвычаіліся».

Кіраўнік дзяржавы даручыў навесці ў гаспадарцы да вясны ідэальны парадак. «Вясной я прыеду сюды і пагляджу, што ў цябе тут адбываецца», — дадаў ён. 

Кажучы аб навядзенні парадку ў гарадзецкім парку, Прэзідэнт парэкамендаваў выкарыстоўваць вопыт сталіцы, калі парк замацаваны за канкрэтнай школай і дзеці непасрэдна прымаюць удзел у добраўпарадкаванні. «Патрэбна, каб працавала сістэма, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Але не за бюджэт. Бюджэт — у нас пенсіянераў мора, трэба ўтрымліваць пенсіянераў. Трэба, каб людзі рухаліся. У нас у вёсцы людзі развучыліся працаваць. Вось у чым праблема». 

STA_3866_result-1.jpg

Па словах кіраўніка дзяржавы, чохам працаваць нельга. Прэзідэнт з сумам канстатаваў, што ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» — самая горшая гаспадарка, якую ён бачыў за апошнія два гады. «Людзі неяк рухаюцца, нават у Гомельскай вобласці, дзе мы ад Чарнобыля бегалі, — прывёў супрацьлеглы прыклад ён. — Людзі ўстрапянуліся, пачалі працаваць, перспектывы пэўныя відаць. Я думаю, што ён (Юрый Назараў. — „Зв“.) прапаноўвае мне гэты Гарадзец то туды далучыць, то сюды далучыць. А навошта, пытаюся, няхай працуюць самастойна. Навошта іх далучаць?». 

Такі вопыт у Шклоўскім раёне (напрыклад, РУП «Купалаўскае») ужо ёсць, таму, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, трэба паглядзець, што з гэтага ў выніку атрымаецца. 

Прэзідэнт лічыць, што пры вырошчванні сельгаскультур варта не шкадаваць паліву, выкарыстоўваць ваду там, дзе гэта магчыма. «У нас мора вады, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — З Дняпра вада сыходзіць куды? Ва Украіну, у Чорнае мора. Мы аддаём ваду. У Цэнтральнай Азіі ваююць за ваду. Вайна ідзе. А ў нас вада спакойна сыходзіць... І мы прыйшлі да таго, што нам трэба ваду выкарыстоўваць там, дзе толькі магчыма. Прыйдзецца траціць грошы на тое, каб паліваць. Ваду трэба прыводзіць у парадак, кожны кавалачак зямлі трэба апрацаваць».

Кажучы аб дысцыпліне, якая, на думку Прэзідэнта, у гаспадарцы адсутнічае, ён падкрэсліў: не будзе дысцыпліны — не будзе выніку. «Лепш працаваць на зямлі, чым ваяваць, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Таму давайце працаваць, каб была эканоміка. І жалезная павінна быць дысцыпліна. Сістэму трэба стварыць такую, дзе ўсе павінны быць дысцыплінаванымі: сказаў гэта — трэба зрабіць. Не трэба нічога больш. Толькі вось гэта зрабіць».

Аляксандр Лукашэнка расказаў мясцовым жыхарам, што напярэдадні ў Крамлі прайшлі яго шматгадзінныя перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Беларускі лідар праінфармаваў, што разам з расійскім лідарам яны абмяркоўвалі сумесныя рашэнні і захады ў цяперашняй няпростай сітуацыі. 

«Думалі, як нам выжыць у гэты складаны час, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Свет дзеляць на кавалкі, ірвуць кавалкамі: гэта маё, а гэта маё. І пачынаюць душыць. Ад нас не адстануць. А я вас павінен угаворваць, каб вы працавалі. Ну, няўжо трэба, каб наша пакаленне прайшло праз вайну?» 

Развітваючыся з жыхарамі аграгарадка, Прэзідэнт прызнаўся, што яму пастаянна сніцца Гарадзец. «Гарадзец не адпускае, — адзначыў ён. — Лепшай работы, чым у сельскай гаспадарцы, няма». Аляксандр Лукашэнка дадаў, што яго ўвесь час цягне да зямлі, да якой, па яго словах, трэба адносіцца па-чалавечы.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў: той, хто ў Беларусі хоча зарабіць, заробіць. «Толькі праца, — удакладніў ён. — Няўжо нашаму пакаленню патрэбны пэўныя цяжкасці (не дай бог, вайна), каб мы пасля гэтага навучыліся цаніць жыццё!? Таму калі ад вас нешта залежыць (а залежыць ад усіх) — варушыцеся, дапамагайце. Накіравалі да вас маладога чалавека — падтрымайце, дапамажыце яму». 

Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што падчас сустрэчы вясной сумнай размовы ў Шклоўскім раёне ўвогуле не будзе. 

«Усюды трэба эканоміць»

Наступны пункт у прэзідэнцкім маршруце — малочнатаварная ферма ў вёсцы Путнікі. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся працэсам гадоўлі бычкоў на ферме, аб’ёмамі нарыхтаваных кармоў, умовамі ўтрымання жывёлы, колькасцю работнікаў.

«Якія прывагі ў цябе?» — удакладніў ён у брыгадзіра фермы. 

«Ад 800-900 (грамаў. — «Зв».)», — адказала яна. 

«Гэта яшчэ больш-менш. 800 для нашай краіны — невялікая прывага, а кілаграм — гэта добра. Галоўнае, каб яны (бычкі. — „Зв“.) тэхналагічна правільна ўтрымліваліся».

Прэзідэнт адзначыў, што будынак, у якім ажыццяўляецца адкорм жывёлы, з’яўляецца ідэальным. Пры гэтым зрабіў заўвагу за нерацыянальнае спажыванне электраэнергіі: удзень гарэла святло. 

«Калі б я прыйшоў і ўбачыў у той час (калі быў кіраўніком гаспадаркі. — „Зв“.), што днём гарыць лямпачка Ільіча, — мала не падалося б, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Усюды трэба эканоміць». 

Не ўсім убачаным на ферме застаўся задаволены кіраўнік дзяржавы. «Няма тут дысцыпліны, — канстатаваў беларускі лідар. — Навесці дысцыпліну! І такім чынам, каб ён (кіраўнік гаспадаркі. — „Зв“.) планёрку правёў, заданне паставіў — і яно павінна быць выканана». 

«Не навядзём парадак — галоднымі будзем хадзіць!»

На кукурузным полі, дзе Прэзідэнт азнаёміўся з працэсам уборкі кукурузы, кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб восеньскіх палявых работах у раёне, вобласці, па краіне ў цэлым. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як ідзе ўборка бульбы, цукровых буракоў, лёну.

«5 кастрычніка вы плануеце ўсё завяршыць, і, крый бог, гэта не будзе зроблена», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. 

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў праінфармаваў аб уборцы бульбы. 

«У гэтым годзе бульба лепшая, чым летась?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

«У залежнасці ад рэгіёна. У цэлым лепшая», — адзначыў міністр. 

Акрамя таго, Юрый Горлаў паведаміў, што, у параўнанні з мінулым годам, у рэгіёне павялічаны плошчы пад цукровыя буракі. Цукровасць буракоў, па яго словах, сёлета добрая — 16 %. Ёсць праблема, што цукровыя заводы ў асноўным працуюць з бліжэйшымі рэгіёнамі. У сувязі з гэтым узнікае праблема дастаўкі буракоў з тых раёнаў краіны, якія знаходзяцца на перыферыі. Лішнія буракі Прэзідэнт прапанаваў перавезці туды, дзе ў іх ёсць патрэба, — на цукровыя заводы. Даручана вылучыць пад гэта тэхніку. 

«У нас у цэнтры, на захадзе — чатыры цукраперапрацоўчыя заводы, тут, на ўсходзе, няма, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але калі мы бачым (перспектыву. — „Зв“.), маленькі заводзік можна тут пабудаваць. Мы гэта ўмеем рабіць, гэта ж нескладанае збудаванне»

Аднак галоўнае патрабаванне Прэзідэнта ў гэтым кантэксце — каб пабудаваны завод быў забяспечаны сыравінай. 

Аляксандр Лукашэнка абазначыў недахопы, якія заўважыў па дарозе ў гаспадарку. У прыватнасці, лясныя насаджэнні не прыведзены ў парадак пасля летняга буралому. «Не паспяваеце вывозіць, значыць, трэба мабілізоўвацца», — лічыць кіраўнік дзяржавы. 

Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў незадаволенасць станам палеткаў. Ëн канстатаваў, што каля дарогі расце добрая кукуруза, у той час як на аддаленні, як ён кажа, у «мядзведжых кутках», усё выглядае значна горш. «Тут поўная безгаспадарлівасць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я з вамі разбяруся». 

Акрамя таго, як заўважыў Прэзідэнт, вышыня пасеваў рапсу сведчыць аб тым, што рэгулятары росту там не прымяняліся. Прэзідэнт папярэдзіў: за невыкананне яго даручэнняў — адказнасць будзе найсур’ёзнейшая. «Мы цяпер разбэсціліся да таго, што не даводзім да кіраўнікоў гаспадарак заданні, — абурыўся беларускі лідар. — Не навядзём парадак — галоднымі будзем хадзіць!»

Асаблівая ўвага была ўдзелена ўраджаю кукурузы. Юрый Горлаў праінфармаваў, як ідзе ўборка гэтай культуры ў цэлым па краіне. Па яго словах, кукурузай засеяна каля 1 мільёна 300 тысяч гектараў, большую частку яе ўбіраюць на сілас. 

«Я ўпэўнены, што пад 90 цэнтнераў сёлета мы можам сабраць, але гэта арганізавана трэба зрабіць, — адзначыў Прэзідэнт. — Тры мільёны (тон. — «Зв.») пры нармальнай тэхналогіі мы можам запраста атрымаць. Вось трэба і ставіць задачу».

Кіраўнік дзяржавы даручыў да 3 кастрычніка завяршыць усю сяўбу азімых па поўдні краіны. Іншым абласцям даручана справіцца з гэтай задачай да 1 кастрычніка. 

Акцэнт — на ўласную вытворчасць 

На кукурузным полі Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі магчымасці аградронаў у сельскагаспадарчай сферы. Кіраўніку дзяржавы паказалі тэхналогію дэсікацыі дронамі. Гэта працэс перадуборачнага высушвання раслін, які дазваляе мінімізаваць страты і аптымізаваць збор ураджаю. Дроны выкарыстоўваюцца для дэсікацыі рапсу, сланечніку, кукурузы, соі, збожжавых і зернебабовых, што дазваляе раўнамерна наносіць дэсіканты нават на вільготнай глебе.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся ў спецыялістаў пра характарыстыкі аградрона. Сваім меркаваннем на гэты конт папрасіў падзяліцца намесніка кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалая Шарснёва.

«Выдатная рэч», — адзначыў той.

Як высветлілася, аградрон, які прадэманстравалі кіраўніку дзяржавы, — найлепшы ў гэтай сферы, але ён імпартны. Прэзідэнт удакладніў, калі будзе аградрон уласнай вытворчасці.

«Дрон, як і жонка, павінен быць свой: трэба рабіць любой цаной, як бы цяжка не было», — падзяліўся меркаваннем спецыяліст. 

«Правільна ты кажаш», — пагадзіўся з ім беларускі лідар. 

«Гэта ж не толькі дэсіканты, можна ўносіць што заўгодна», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты кірунак трэба развіваць, але пры ўмове, што ён сапраўды перспектыўны і патрэбны. 

«Трэба вылучыць шэраг гаспадарак, дзе мы на будучы год апрабіруем, як яны (аградроны. — „Зв“.) на ўсю катушку працуюць, і зробім адпаведныя высновы», — даў даручэнне беларускі лідар. 

«Вельмі разумна і так, як трэба»

MGUK0104_result.jpg

Нягледзячы на грунтоўную крытыку ў адносінах да кіраўніцтва ўсіх узроўняў, падчас гэтай рабочай паездкі Прэзідэнт знайшоў і за што пахваліць. Апошнім пунктам у маршруце кіраўніка дзяржавы стаў камбікормавы завод у Шклове. Аляксандр Лукашэнка даў добрую ацэнку работам па рэканструкцыі, праведзенай на прадпрыемстве. 

Прадметам размовы стаў цэх па вытворчасці сухіх кармоў № 2. Дырэктар ААТ «Александрыйскае», на балансе якога знаходзіцца цэх, Дзмітрый Малашанка праінфармаваў, што на заводзе запушчаны новыя аўтаматызаваныя тэхналагічныя лініі, наладжаны працэс дасушвання і перапрацоўкі ў камбікорм розных відаў збожжа, уключаючы кукурузу і рапс. Тут вырабляюць камбікармы для буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі. З сыравіны тут робяць не толькі камбікорм, але і па-гаспадарску выкарыстоўваюць спадарожную прадукцыю. У прыватнасці, пры вытворчасці камбікорму з рапсу тут жа адціскаюць рапсавы алей. 

Асобную ўвагу Прэзідэнт звярнуў на забяспечанасць завода сыравінай. Дырэктар адзначыў, што ёмістасці поўнасцю запоўнены, на 100 працэнтаў. 

«З гаспадарак могуць падвозіць і дазапаўняць», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 

Пацікавіўся Прэзідэнт і рэнтабельнасцю прадпрыемства. Высветлілася, што рэнтабельнасць высокая. 

«Гаспадаркам выгадна з намі супрацоўнічаць у тым плане, што мы не патрабуем ад іх жывыя грошы, — адзначыў Дзмітрый Малашанка. — Яны могуць з намі разлічыцца малымі бычкамі, якіх мы забяром на адкорм. Мы можам забраць таварных бычкоў на наш перапрацоўчы мясны комплекс. Можам збожжам, можам рапсам». 

«Разумна», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што работа гэтага прадпрыемства павінна весціся не толькі пад патрэбы Шклоўскага раёна, але і суседніх рэгіёнаў.

Прэзідэнта праінфармавалі, што на тэрыторыі прадпрыемства завяршаецца мадэрнізацыя адміністрацыйнага комплексу, дзе размесціцца ў тым ліку і кафэ, якое будзе адкрыта для ўсіх ахвотных.

«Усё правільна зрабілі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Трэба яшчэ нешта зрабіць. Можа, недзе дапаможам. Калі трэба для людзей нешта, што грошы будзе прыносіць, трэба рабіць. Добра выглядае. У адрозненне ад „Гарадца“, добра выглядае гэты комплекс. Па розуме. Ідэальна. Вельмі разумна і так, як трэба».

Звяртаючыся да кіраўніцтва прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка заклікаў не крыўдзіць і не адштурхоўваць людзей, не абдзіраць вытворцаў. «Гэта прыгажосць, — даў ён ацэнку камбікормаваму заводу. — Галоўнае, каб мы паказалі ў краіне, як павінна быць. Усё нескладана». 

Завяршаючы рабочую паездку, Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні яму было лягчэй весці размовы ў Крамлі, чым тут, на шклоўскай зямлі. «Наперад і толькі наперад», — заклікаў усіх адказных за навядзенне парадку на зямлі кіраўнік дзяржавы. 

Даслоўна

«Пастаўлены задачы — будзем выконваць»

Па словах кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя НАЗАРАВА, ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец», на жаль, не самая лепшая гаспадарка. «Аднак там, дзе пачынаў работу Прэзідэнт, павінна быць лепш, — падкрэсліў ён. — Тым больш кіраўнік дзяржавы мае рацыю: гэта гаспадарка невялікая, кампактная — там 4,5 тысячы гектараў зямлі. Гаспадарка не тое што дрэнная, сераднячок, але павінна быць лепшай. Мы зробім яе лепшай».

Кажучы аб недахопах у мехдвары, на якія ўказаў Аляксандр Лукашэнка, Юрый Назараў патлумачыў, што ў сувязі з наплывам сезонных работ у аграрыяў не хапіла часу навесці парадак. «Ёсць на гэта зіма, каб усё прывесці ў парадак, — канстатаваў ён. — Тэхніку хутка паставім на зімняе захоўванне, зімой абслужым, навядзём парадак з майстэрнямі — усё зробім».

Кіраўнік спраў Прэзідэнта адзначыў, што, нягледзячы на знешні выгляд, эканамічныя паказчыкі ў ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» нядрэнныя. «Сёлета ў іх добрыя вынікі: яны дадалі амаль тысячу тон збожжа, па малаку добрыя паказчыкі, дадаюць да мінулага года, — канкрэтызаваў ён. — А гэта ўсё таму, што добрая кармавая база. Закладзены добрай якасці кармы. Дынаміка добрая. Не хапае лоску, на мой погляд, у гэтай гаспадаркі».

Кажучы аб камбікормавым заводзе ў Шклове, які таксама наведаў кіраўнік дзяржавы, Юрый Назараў адзначыў, што прадпрыемства працуе на вынік. «А гэта перапрацоўка малака, перапрацоўка мяса і гандлёвая сетка, — удакладніў ён. — Мы распрацавалі стратэгію развіцця холдынга (камбікормавы завод знаходзіцца на балансе ААТ „Александрыйскае“. — „Зв.“). Гэты год у нас пачатак работы па стратэгіі, стратэгія да 2030 года. У 2025 годзе мы нават крыху перасягнулі паказчыкі, хоць пачыналі напружана. Мы працуем не на склад, мы працуем пад спажыўца».

У размове з журналістамі старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей БАРТАШ расказаў, што гэта рабочая паездка кіраўніка дзяржавы была раптоўная, маршрут фарміраваўся ў працэсе. «Прэзідэнт пакрытыкаваў, — адзначыў ён. — Недахопы ўсюды ёсць. І на жывёлагадоўчых аб’ектах, і ў мехмайстэрнях».

Па словах Сяргея Барташа, у прыярытэце мясцовых улад — далейшае навядзенне парадку ў сельгаспрадпрыемстве «Гарадзец». «Пастаўлены задачы — будзем выконваць, — канкрэтызаваў старшыня Шклоўскага райвыканкама. — Кіраўнік працуе ў гаспадарцы год, будзем дапамагаць. Тым больш усе магчымасці для гэтага ёсць».

Кажучы аб сітуацыі, якая склалася, Сяргей Барташ лічыць, што няправільна ўсё скідваць на дэфіцыт кадраў. «Тут мы адпрацуем пэўную сістэму ў дадатак да кадраў, якіх не хапае, у цэлым жа касцяк спецыялістаў ёсць, — удакладніў ён. — Проста трэба больш патрабаваць: як Прэзідэнт сказаў, больш за два разы не пытаць. Па кожнай заўвазе кіраўніка дзяржавы адпрацуем праграму мерапрыемстваў і будзем іх выконваць».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Шклоўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю