Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб уступнай кампаніі 2025 года. Кіраўніка дзяржавы традыцыйна цікавяць усе аспекты гэтага найважнейшага этапу для маладога пакалення беларусаў, а сёлета гэта больш за 56 тысяч чалавек. Таму сярод дакладчыкаў — міністр адукацыі Андрэй Іванец, віцэ-прэм’ер, які курыруе сацыяльную сферу, — Наталля Пяткевіч, першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў.
«Мы трымаем у полі зроку арганізацыю экзаменаў»
Тлумачачы сутнасць гэтай размовы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што хоць нюансы ўступнай кампаніі важныя, усё ж гэта не галоўнае. «Самае галоўнае — наша размова павінна прадэманстраваць людзям, насельніцтву, што мы трымаем у полі зроку на самым высокім узроўні працэс арганізацыі ўступных экзаменаў у ВНУ і экзаменаў па заканчэнні сярэдняга і базавага ўзроўню адукацыі.
Асабліва паступленне ў ВНУ. Мы выдатна ведаем, якое значэнне мае дадзеная падзея ў сям’і, у адказнай сям’і. Самі праз гэта практычна ўсе праходзілі. Таму вельмі важна забяспечыць такую сістэму, якая б пераконвала нашых людзей у справядлівасці правядзення гэтай кампаніі», — патлумачыў ён.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як сёлета прайшоў цэнтралізаваны экзамен, ці апраўдала гэта новаўвядзенне сябе. «Калі апраўдала, то ў чым? Толькі шчыра, — адзначыў беларускі лідар. — Калі дзесьці памыліліся, трэба гэту сітуацыю выпраўляць, ні ў якім разе нельга яе рэтушаваць, таму што вельмі сур’ёзная справа».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёлета ўступная кампанія не зведала значных змяненняў, праходзіць без новаўвядзенняў, па вызначаным алгарытме. Аднак, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, існуе няхай невялікі, але недабор на бюджэтныя месцы.
«Мы павінны прымаць меры, каб гэтыя месцы былі заняты. Мы ж рыхтуем, асабліва за кошт бюджэту, тых спецыялістаў, якія вельмі патрэбныя для народнай гаспадаркі, — адзначыў ён. — Мінадукацыі, урад, як у гэтым кірунку працуюць? Што зрабілі і што трэба зрабіць?»
Яшчэ адзін аспект, які вылучыў Прэзідэнт, — празрыстыя ўмовы правядзення іспытаў. «Цэнтралізаваныя экзамены, тэсціраванне — усё гэта добра. Але мы памятаем працэс здачы экзаменаў і станоўча ацэньваем, калі выкладчык і абітурыент сядзяць насупраць і выкладчык бачыць гэтага абітурыента. Ці ўсё зроблена для такой празрыстасці? Таму што гэта галоўны элемент справядлівасці», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі і льготы пры паступленні. Ён пацікавіўся, як працуе гэты алгарытм, якія ёсць аб’ектыўныя праблемы. «Таму што я вас ведаю. Вы, хто сядзіць за гэтым сталом, людзі не толькі адукаваныя, але выдатнікі. І вы ўсё можаце ацэньваць са сваёй пазіцыі: веды, веды, вось не ведаеш — ідзі прэч... і да таго падобнае.
А ў выніку, вы памятаеце, калі мы заканчвалі ВНУ, слабакі (калі зыходзіць з гэтых крытэрыяў) аказваліся мацнейшымі за тых выдатнікаў, якія здавалі экзамены. Асабліва прыстасаваныя да жыцця, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Разумееце, пра што я кажу. Таму хацелася б пачуць тут вашу ацэнку».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў станоўчы досвед папулярызацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У такія ўстановы павялічыўся набор, маладыя людзі імкнуцца паступіць у каледжы, тэхнікумы і прафтэхвучылішчы, што, па словах кіраўніка дзяржавы, не можа не радаваць. «Якія яшчэ дадатковыя меры трэба прыняць для таго, каб людзі ішлі атрымліваць прафесійна-тэхнічную адукацыю? І можа, на маім узроўні неабходна прымаць нейкія меры?» — пацікавіўся ён. Згодна з прадстаўленай кіраўніку дзяржавы інфармацыяй, сёлета на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 28 тысяч чалавек, што на 1,2 тысячы больш, чым у 2024 годзе.
Гаворачы ў цэлым аб ходзе ўступнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Я не сумняваюся, што будзе сумленна. Хоць несумленна і не было». «Не было», — пацвердзіў старшыня Камітэта дзяржкантролю.
Веды плюс удача, і ніякіх хітрыкаў
«Проста патрэбна бацькам і абітурыентам разумець, што ўсё будзе справядліва. Не трэба ісці ні на якія хітрыкі. Прыходзіць у аўдыторыю для здачы экзаменаў неабходна са сваімі ведамі. Але ведаў замала, трэба яшчэ і каб удача была. Вось веды плюс удача — і будзеш вучыцца ў ВНУ», — параіў кіраўнік дзяржавы абітурыентам і іх бацькам. Ён звярнуў увагу, што заўсёды ёсць месца выпадковасці, форс-мажорам, але ў цэлым працэс прадуманы так, каб пазбегнуць выпадковасцяў.
«І калі нешта здарыцца, мы павінны ўбачыць гэта. І паглядзець на тых людзей, якія, можа быць, да нас звернуцца, каб мы яшчэ раз зірнулі на іх веды. Не заўсёды ж бывае, як мы плануем, напэўна, дзесьці кагосьці страцім. Але страчваць мы не павінны. Не трэба ў гэтай сітуацыі крыўдзіць сям’ю і маладога чалавека, які толькі становіцца на нармальны жыццёвы шлях», — звярнуўся ўжо да адказных асоб кіраўнік дзяржавы.
Верагоднасць памылкі цалкам выключана
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся не дакладамі, а асаблівасцямі ўступнай кампаніі. Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што ўступная кампанія праходзіць строга на прынцыпах роўнасці, справядлівасці і празрыстасці. У трэці раз выпускнікі 11-х класаў здаюць два цэнтралізаваныя экзамены: адзін прадмет па выбары і дзяржаўную мову. Раней яны пасля школы здавалі чатыры прадметы.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як менавіта праходзяць цэнтралізаваныя экзамены. Андрэй Іванец растлумачыў, што гэта фактычна кантрольная работа, якая выконваецца ў тэставай форме. Усе работы правярае камп’ютар.
«Хацеў бы адзначыць, што два незалежныя чалавекі пасля камп’ютара кожную работу пераправяраюць. Тут цалкам выключана верагоднасць памылкі», — удакладніў ён. Выпускнікі школ сёлета здавалі ЦЭ ў адзіныя даты — 26 і 29 мая — па прадмеце на выбар і па адной з дзяржаўных моў адпаведна. Было задзейнічана 144 пункты правядзення ЦЭ. «Здаюць выпускнікі сярэдняй школы. Гэта значыць, 11 класаў скончыў — і ты не ў школе, як раней... Ты не чатыры экзамены здаеш, а адзін на выбар і беларускую або рускую мову», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. Міністр пацвердзіў, што так яно і ёсць. Выпускнікі школ здаюць два ЦЭ і атрымліваюць па выніках атэстат за 11 класаў адукацыі. Сертыфікаты з адзнакамі за цэнтралізаваныя экзамены і атэстат выкарыстоўваюцца для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэтак жа абітурыент павінен здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па адным прадмеце, які выбіраюць у залежнасці ад профілю ВНУ, куды паступаюць.
«Калі ты гісторыю за 11 класаў здаваў, то ты паступаеш кудысьці на гістфак або гуманітарны факультэт, дзе ёсць гісторыя», — растлумачыў Прэзідэнт. Гэта пацвердзіў і міністр адукацыі: сертыфікат аб здачы ЦЭ або ЦТ выкарыстоўваецца для падачы дакументаў у ВНУ.
«Калі на „выдатна“ здаў, то, вядома, будзеш яго выкарыстоўваць, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Калі не, то ты можаш яшчэ здаваць экзамен у ВНУ. Так?» Андрэй Іванец растлумачыў, што кожны выпускнік можа здаць ЦТ толькі па адным прадмеце. «Раней была магчымасць здаваць чатыры цэнтралізаваныя тэсціраванні. Але мы адышлі ад гэтага, каб пазбавіцца бегатні. Калі мы здаём два цэнтралізаваныя экзамены і адно цэнтралізаванае тэсціраванне, нават калі абітурыент пойдзе ў розныя ВНУ, ён пойдзе па адным профілі: інжынер, гуманітарый, эканаміст альбо правазнаўца», — патлумачыў Андрэй Іванец. Ён удакладніў, што для паступлення павінна быць тры сертыфікаты на руках, каб ужо на пачатковым этапе была відаць прафілізацыя.
Кіраўнік дзяржавы задаў яшчэ адно пытанне: колькі ўступных выпрабаванняў у выніку праходзіць выпускнік, які хоча вучыцца, напрыклад, на гістфаку ў ВНУ? Міністр адказаў, што на спецыяльнасці такога профілю трэба здаць ЦЭ па рускай або беларускай мове, абавязковы для ўсіх выпускнікоў, а таксама гісторыю і грамадазнаўства ў форме ЦЭ і ЦТ. «Для паступлення на гістарычны кірунак у яго павінна быць тры сертыфікаты на руках. Але не так, каб ён бегаў у ВНУ на розныя спецыялізацыі. А каб была прафілізацыя на ранніх подступах», — адзначыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
У сваю чаргу намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, якая ўзначальвае Дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2025 годзе, звярнула ўвагу, што ў выпускнікоў няма магчымасці здаваць тэсціраванне адразу па некалькіх прадметах, трэба выбраць толькі адзін — менавіта той, які спатрэбіцца для паступлення на пэўную спецыяльнасць. І калі, напрыклад, хтосьці дрэнна здаў гісторыю на ЦТ, у яго няма магчымасці здаць яшчэ тэсціраванне па іншым прадмеце. Тады можна толькі падаць дакументы ў іншую ВНУ, дзе ёсць таксама гістарычная спецыяльнасць, але меншыя прахадныя балы.

«Гэта задавальняе сем’і нашых абітурыентаў?» — пацікавіўся Прэзідэнт.
«Абітурыенты і бацькі станоўча ўспрымаюць. Таму што гэта здымае дадатковы стрэс і двайную нагрузку, калі трэба было здаваць экзамен як у школе, так і пры паступленні ва ўніверсітэт», — расказаў міністр.
Сістэма паказала сваю эфектыўнасць
Андрэй Іванец таксама далажыў, што пры правядзенні двух цэнтралізаваных экзаменаў восем чалавек не змаглі скончыць выпрабаванні па медыцынскіх паказаннях. Верагодна, гэта выклікана стрэсам. Але маладым людзям была своечасова аказана медыцынская дапамога і яны змогуць скончыць экзамены ў рэзервовыя тэрміны ў канцы чэрвеня. «Сёлета зрабілі больш жорсткімі патрабаванні па праносе мабільных тэлефонаў: яны забаронены не толькі ў аўдыторыях, дзе непасрэдна праходзіць экзамен, але і ў цэлым на пункце правядзення экзамену. З ЦЭ быў выдалены толькі адзін чалавек за мабільны тэлефон. І адзін чалавек за тое, што ён працягваў запаўненне бланкаў пасля заканчэння часу, адведзенага на праходжанне іспыту. З 56,6 тысячы выпускнікоў гэта добры вынік», — адзначыў міністр.
«Добры, — пагадзіўся Прэзідэнт. — Тое, што вы патрабаванні робіце больш жорсткімі, асабліва па тэлефонах і іншае, — нават казаць не трэба.
Ты прыйшоў — і галоўнае, каб у руках галава была. Прыйшоў — сядай, працуй, таму тут не абмяркоўваецца».
«Мы памятаем памылкі, якія былі два гады таму. Правялі работу над памылкамі летась, абкаталі сістэму, і сёлета яна паказала ў тым ліку сваю эфектыўнасць», — адзначыў Андрэй Іванец. Ён удакладніў, што мае на ўвазе. Усе сканіраваныя работы размяшчаюцца ў асабістым кабінеце выпускніка. Па словах міністра, фактычна ён можа ўбачыць сваю работу, самастойна яе праверыць. Сістэма разлікаў балаў размешчана на сайце Міністэрства адукацыі. Яна два гады не змянялася. Да абвяшчэння вынікаў можна самому палічыць балы і потым пераправерыць.
«Правядзенне цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання праходзіць у адзіныя тэрміны, што здымае пытанне аб магчымых няроўных ці іншых умовах для выпускнікоў гэтага года і мінулых гадоў, — адзначыў Андрэй Іванец. — У Дзяржаўную камісію паступіла больш за 50 зваротаў. Як правіла, яны звязаны з перарэгістрацыяй на тыя ці іншыя прадметы: калі малады чалавек ці бацькі вырашылі памяняць прадмет да здачы экзамену, яны звяртаюцца ў Дзяржаўную камісію.
І, як правіла, яна ідзе насустрач і дазваляе». Яшчэ адзін момант — магчымасць праносу на іспыты медыкаментаў для забеспячэння здароўя дзяцей. Напрыклад, гаворка ідзе пра абітурыентаў з цукровым дыябетам. У такім выпадку неабходна медыцынскае заключэнне.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА